своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.
Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).
Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.Купала, М.Гарэцкі, У.Караткевіч, Б.Сачанка, Я.Сіпакоў і інш.
Літ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,
ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:
Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).
Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.
Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.—кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл.Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.
Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.
Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.
Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
властьв разн. знач. ула́да, -ды ж., мн. ула́ды, род. ула́д;
сове́тская власть саве́цкая ўла́да;
вое́нные властивае́нныя ўла́ды;
превыше́ние властиюр. перавышэ́нне ўла́ды;
стоя́ть у власти стая́ць на чале́ ўла́ды, трыма́ць ула́ду;
со́бственной властью сваёй ула́дай;
во власти чего́-л. у пало́не чаго́-не́будзь, пад ула́дай чаго́-не́будзь;
в мое́й (твое́й, его́) власти маё (тваё, яго́) пра́ва;
э́то не в мое́й (твое́й, его́) власти гэ́та не ад мяне́ (цябе́, яго́) зале́жыць;
ва́ша власть ва́ша во́ля, ва́ша спра́ва;
потеря́ть власть над собо́й стра́ціць ула́ду над сабо́й.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.
1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках.Навуменка.На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба.Чарнышэвіч.
2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух.Броўка.Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся.Хадановіч./ Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку.Маўр./ Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся.Машара.// Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах.Бугаёў.
3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся.Кавалёў.
4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі.// Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі.Гіст. лекс. бел. мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацні́ць, ‑мацню, ‑моцніш, ‑моцніць; зак., што.
1. Павялічыць трываласць чаго‑н., умацаваць што‑н. [Алесь:] — Мы ўзмоцнім перамычку на канале, які злучае азярцо .. з возерам Доўгім.Броўка.
2. Зрабіць больш моцным па ступені праяўлення, павялічыць. Узмацніць гук, Узмацніць уражанне. □ Стары алень узмацніў націск. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі.В. Вольскі./ Пра думкі, пачуцці і пад. Тая акалічнасць, што Цётка, Янка Купала, Якуб Колас самі былі сведкамі і ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей, узмацніла іх веру ў народ.Каваленка.// Надаць большую выразнасць, яркасць чаму‑н. (мастацкаму вобразу і пад.). Той жа мэце — паўней рэалізаваць задуму, узмацніць эмацыянальную дзейнасць твора — служыць і інтанацыйнае багацце верша.Гіст. бел. сав. літ.
3. Зрабіць больш моцным, дзейсным, эфектыўным (пра ваенныя дзеянні). Артылерыя ўзмацніла агонь. □ У тыле ворага беларускія партызаны ўзмацнілі ўдары па ворагу.«Маладосць».
4. Павысіць баяздольнасць чаго‑н. Узмацніць гарнізон. □ Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі.Федасеенка.— Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы.Пальчэўскі.// Зрабіць больш магутным, больш уплывовым (у эканамічных, палітычных і іншых адносінах). Узмацніць сацыялістычную дзяржаву. □ [Серафім:] — Аднак гэта [арышты членаў КПЗБ] не пахіснула рады партыі, а, наадварот, узмацніла.Машара.
5. Актывізаваць (чыю‑, якую‑н. дзейнасць, работу і пад.); палепшыць. Узмацніць выхаваўчую работу. □ Каб узняць узровень лекцыйнай прапаганды, патрэбна ўзмацніць дапамогу лектарам, праводзіць з імі семінары, .. абагульняць вопыт лепшых.«Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напра́мак, ‑мку, м.
1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак.М. Ткачоў.Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.В. Вольскі.// Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў.Брыль.
2.перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці.// Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа.Алешка.
3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры.Калеснік.У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам.«Звязда».
4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку.«Звязда».
5.узнач.прысл.напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле.Гартны.
•••
Браць (узяць) напрамакгл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Перамяшчэнне якога‑н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем. Турысцкі паход. □ Пасля трох дзён марскога паходу ўсім хацелася хутчэй ступіць на бераг.Хомчанка.Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Гэта быў цяжкі, марудны паход.Брыль.Адабраўшы дваццаць пяць самых дужых партызан, Рыгор загадаў рыхтавацца да выступлення ў паход.Барашка.//Разм. Арганізаванае наведванне чаго‑н. або выхад куды‑н. Гэты наш першы паход у кіно з’явіўся пачаткам многіх паходаў.Ракітны.— Вось добрая прапанова, — падтрымлівае .. [Краўчанка] маладога рабочага, — арганізаваць паход на руднік.Мікуліч.
2.Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго‑, чаго‑н.; ваенная кампанія. Пасля правалу двух паходаў Антапты, разгрому Калчака і Дзянікіна міжнародны імперыялізм зрабіў новую спробу задушыць маладую Савецкую дзяржаву.«Звязда».[Юстын] апавядаў мне пра паход Напалеона.Бядуля.//перан. Арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім‑, чым‑н. Паход за эканомію і беражлівасць.
3.Разм. Невялікі лішак (у вазе, суме і пад.). Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам.Сабаленка.
•••
Крыжовы паход (гіст.) — захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў 11–13 стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з «нявернымі», ерэтыкамі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэа́тр, ‑а, м.
1. Род мастацтва, у якім жыццё адлюстроўваецца праз драматычнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом. Драматычны тэатр. Тэатр оперы і балета. Музычны тэатр. Тэатр сатыры. □ Беларускі тэатр мае сваю багатую гісторыю развіцця ад першапачатковых форм (скамарохаў, народнай брамы, лялечнага тэатра — «батлейкі») да стварэння ў савецкі перыяд першакласных прафесійных тэатраў Савецкага Саюза.«Беларусь».Паяўленне камедыі «Паўлінка» стала важнай вяхой у гісторыі развіцця беларускага тэатра.Ярош.
2. Установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі. Працаваць у тэатры. □ Усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Можна верыць, што гэты тэатр хутка будзе, бо талентаў тут вельмі многа.Кулакоўскі.
3. Будынак са сцэнай і залай для гледачоў, дзе адбываецца тэатральны паказ, а таксама сам паказ, спектакль. Прыгожа прыбраная вала гарадскога тэатра з раніцы пачала запаўняцца людзьмі.Васілевіч./уперан.ужыв.Разм.[Сімон:] — Ну, што ж, Арцём!.. Можа і сёння ты будзеш паказваць тэатры і абражаць маё імя перад людзьмі, якія нічога не ведаюць?Самуйлёнак.
4.перан.; чаго. Месца, дзе разгортваюцца, адбываюцца якія‑н. значныя падзеі, ваенныя дзеянні і пад. За два гады вайны я добра вывучыў геаграфію тэатра ваенных дзеянняў.Навуменка.
5.Кніжн. Сукупнасць драматычных твораў (пісьменніка або літаратурнай школы). Тэатр Астроўскага.
•••
Акадэмічны тэатр — ганаровая назва, якая прысвойваецца ўзорным дзяржаўным тэатрам.
Анатамічны тэатр — памяшканне, у якім праводзяцца заняткі па анатоміі.
Зялёны тэатр — летні тэатр, размешчаны ў зялёнай зоне, парку і пад.
Кірмашовы тэатргл. кірмашовы.
[Ад грэч. théatron — месца для відовішча; відовішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),
від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац.тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг.ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс.км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).
ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л.грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г.ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.
ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш.Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).