АБ’ЯДНА́НАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (АДПБ),

партыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Утворана ў 1990. Кіруючыя органы — рада і выканаўчы к-т. Мэта дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцяў, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Выступае з пазіцый развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь, падтрымлівае сувязі і супрацоўнічае з усімі грамадска-паліт. арг-цыямі, партыямі і рухамі некамуніст. арыентацыі незалежных дзяржаў СНД і краін Еўропы.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЁВАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (КПЛіБ),

польская паліт. партыя краёвага кірунку пач. 20 ст. 30.6.1907 у Вільні па ініцыятыве Р.Скірмунта і Ч.​Янкоўскага адбыўся ўстаноўчы сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 6 бел.-літ. губерняў. Скірмунт імкнуўся стварыць агульнакраёвую партыю, якая б мела польскую, літоўскую і беларускую фракцыі. Аднак перавага кансерватыўна настроеных польскіх землеўладальнікаў не дазволіла ажыццявіць гэты намер, і была створана польская партыя. Яе старшынёй быў абраны Э.Вайніловіч, намеснікам — Я.​Талочка. Друкаваны орган — «Glos Polski» («Польскі голас»). Праграма КПЛіБ заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх яго этнасаў, увядзення адукацыі на роднай мове, правядзення агр. пераўтварэнняў без адчужэння памешчыцкага землеўладання. Яна не выходзіла за межы кансерватыўнага варыянта краёвай ідэалогіі, які найб. адпавядаў інтарэсам польскіх землеўладальнікаў. У выніку Скірмунт і прадстаўнікі Ковенскай губ. адмовіліся ўваходзіць у склад партыі. КПЛіБ не знайшла шырокай падтрымкі ў краі і ў 1908 зышла з паліт. арэны.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі 2/506; 8/271

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,

масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ. «Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.​Жыўлюк, з 1937 Р.​Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

Т.​А.​Лугачова.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЛіЗБ),

партыйная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1918—19 на акупіраванай герм. войскамі тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З’яўлялася часткай РКП(б) і працавала пад яе кіраўніцтвам. Створана ў кастр. 1918 на сваім 1-м з’ездзе, які прызнаў асн. задачай партыі выгнанне герм. акупантаў, звяржэнне ўлады буржуазіі і ўстанаўленне сав. улады, прыняў статут, выбраў ЦК. 1-ы з’езд КПЛіЗБ назваў партыю Кампартыяй Літвы і Беларусі 1-й акупацыі (да 1-й акупацыі адносілася тэр., захопленая Германіяй увосень 1915 па лініі Дзвінск—Нарач—Крэва—Навагрудак—Баранавічы—Пінск, г. зн. да наступлення немцаў у лют. 1918). 2-я канферэнцыя КПЛіЗБ (2—4.2.1919) выказалася за аб’яднанне Літ. ССР і Бел. ССР у адну Літ.-Бел. ССР (Літбел). Пасля ўтварэння Літбела КПЛіЗБ аб’ядналася з Кампартыяй Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н СЛА́ВЫ САВЕ́ЦКАЙ А́РМІІ — ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЬНІЦЫ БЕЛАРУ́СІ,

помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, З-га Бел. і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944. Знаходзіцца на 21-м км шашы Мінск—Масква. Закладзены 30.9.1966, адкрыты 5.7.1969. Аўтары: скульпт. А.​Бембель, арх. А.​Стаховіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1970), скульпт. А.​Арцімовіч, арх. Л.​Міцкевіч, інж. В.​Лапцэвіч. Выш. кургана 35 м, на яго вяршыні 4 штыкі-абеліскі (выш. кожнага 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. У іх ніжняй ч. мазаічныя выявы ордэнаў Айч. вайны і Славы. Аснову штыкоў абкружае шырокае кальцо, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кальца абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў воінаў усіх родаў войск і партызан. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні кургана вядуць 2 лесвіцы. Каля падножжа і на схіле гранітныя пліты з інфарм. тэкстам. Вакол помніка мемар. парк са штучным басейнам. Філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны.

А.​Г.​Ванькевіч.

Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА ЎРА́ДА БЕЛАРУ́СІ,

першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.​Х.​Жылуновічам і чл. ўрада А.​Ф.​Мясніковым, А.​Р.​Чарвяковым, С.​В.​Івановым, І.​І.​Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.

В.​У.​Скалабан, М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)