РАДЫЯГРА́ФІЯ (ад радые... + ...графія),

неразбуральны метад кантролю суцэльнасці цвёрдых цел; метад радыяцыйнай дэфектаскапіі. Засн. на прасвечванні аб’екта іанізавальным выпрамяненнем і рэгістрацыі выпрамянення, якое прайшло праз аб’ект, фатагр. метадам.

Пры Р. ў якасці крыніцы іанізавальнага выпрамянення звычайна выкарыстоўваюць радыенукліды, якія вылучаюць γ-кванты (напр., цэзій-137, ірыдый-192, селен-75), у якасці дэтэктара выпрамянення, што прайшло праз аб’ект, — рэнтгенаграфічныя плёнкі, у т. л. каляровыя, спец. ядз. фотаматэрыялы. Асн. разнавіднасць Р. — аўтарадыяграфія, калі фатагр. метадам рэгіструюць іанізавальнае выпрамяненне радыеактыўных атамаў, размеркаваных у аб’ёме ці паверхневым слоі цвёрдага цела. Выкарыстоўваюць Р. для кантролю якасці ліцця, зваркі, пайкі і інш.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. radiatio ззянне, бляск),

электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне. Узнікае пры ядз. пераўтварэннях (гл. Радыеактыўнасць), выпрамяненні Сонца (сонечная радыяцыя), астрафіз. працэсах у Сусвеце (касмічныя прамяні). Пашырана разуменне Р. як радыеактыўнага — іанізавальнага выпрамянення, калі ўзаемадзеянне патокаў элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў з пэўным асяроддзем вядзе да іанізацыі яго атамаў і малекул. Характарызуецца дозамі выпрамянення, вымяраецца дазіметрычнымі прыладамі. Уплывае на жывыя арганізмы (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў), выкарыстоўваецца для кансерватыўнага лячэння злаякасных пухлін і інш. (гл. Прамянёвая тэрапія). Пра небяспеку радыяцыйнага забруджвання біясферы і метады барацьбы з непажаданымі наступствамі Р. гл. ў арт. Радыяцыйная бяспека, Радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ферымагнеты́зм

(ад ферыт + магнетызм)

сукупнасць магнітных уласцівасцей рэчываў (ферымагнетыкаў), у якіх магнітныя моманты суседніх атамаў (іонаў) накіраваны насустрач адзін аднаму і ўзаемна не скампенсаваны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флі́кер-эфе́кт

(ад англ. flicker = мігцець + эфект)

фіз. нераўнамернае ў часе выпусканне электронаў нагрэтай металічнай паверхняй у сувязі з трапляннем на яе пабочных атамаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эты́л

(ад гр. aither = паветра + hyle = матэрыял, рэчыва)

група з атамаў вугляроду і вадароду, якая ўваходзіць у састаў многіх арганічных злучэнняў (напр. хлорысты э.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),

элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,

працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.

Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,

змена эл. супраціўлення цвёрдых праваднікоў пад уздзеяннем магн. поля. Выкарыстоўваецца для даследаванняў электроннага энергетычнага спектра, рассеяння носьбітаў току ў правадніках, для вымярэння магн. палёў (гл. Магнітометр).

Тлумачыцца скрыўленнем траекторый носьбітаў току ў магн. полі (гл. Гальванамагнітныя з’явы). Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) удзельнае супраціўленне расце з павелічэннем напружанасці магн. поля, а ў паўправадніках залежыць ад канцэнтрацыі дамешкаў і т-ры. У ферамагнетыкаў М.э. мае асаблівасці, абумоўленыя існаваннем намагнічанасці пры адсутнасці знешняга магн. поля. Напр., іх удзельнае супраціўленне можа змяншацца ў магн. полі, што звязана з фіксацыяй спінаў дамешкавых атамаў знешнім магн. полем. Гл. таксама Капіцы закон.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ МО́МАНТ,

фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці часцінак рэчыва і макраскапічных цел. М.м. плоскага замкнутага контуру з эл. токам — вектар pm = ISn , дзе I — сіла току; S — плошча, абмежаваная контурам; n — адзінкавы вектар нармалі, накіраваны перпендыкулярна да плоскасці контуру ў адпаведнасці з правілам правага вінта. Адзінка М.м. ў СІампер-квадратны метр (А∙м²).

М.м. атамаў і малекул абумоўлены прасторавым рухам электронаў (арбітальны М.м.), спінавымі М.м. электронаў (гл. Спін), вярчальным рухам малекул (вярчальны М.м.), а таксама М.м. атамных ядраў (гл. Магнетон). М.м. макраскапічнага цела роўны вектарнай суме М.м. мікрачасціц, з якіх гэтае цела складаецца, і вызначае яго намагнічанасць.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)