род кветкавых падводных раслін сям. наядавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў цёплых і ўмерана цёплых краінах. На Беларусі 2 віды К.: гнуткая (C. flexilis) і малая (C. minor), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў азёрах і старыцах Бел. Паазер’я, наваколлі Магілёва, Лоева, у воз. Свіцязь Навагрудскага р-на і інш. Аб’ект біял. даследаванняў. Паводле выкапнёвых рэшткаў К. вызначаюць узрост адкладаў міяцэну, пліяцэну і антрапагену.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным гнуткім або ломкім сцяблом даўж. 8—40 см. Лісце лінейнае, па краях зубчастае, супраціўнае або ў кальчаках. Кветкі адзіночныя, непрыкметныя, у пазухах лісця. Тычынкавыя кветкі абкружаны двухлопасцевым калякветнікам. Цвітуць і апыляюцца пад вадой. Плод касцянкападобны. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯПЁРЫЯ (Crossopterygii),
выкапнёвыя касцістыя рыбы. 5 атрадаў. Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн.г. назад), росквіту дасягнулі ў сярэднім і познім дэвоне. У сярэднім дэвоне далі пачатак наземным пазваночным. 1 сучасны від — латымерыя. На Беларусі рэшткі К. (луска), па якіх вызначаюць узрост геал.адкладаў, знойдзены ў пясчана-гліністых адкладах сярэдняга і верхняга дэвону (віцебскі, нароўскі, старааскольскі і пашыйска-кынаўскі гарызонты) Аршанскай упадзіны. К. — жыхары марскіх і прэсных вадаёмаў.
Даўж. выкапнёвых форм ад 7 см да 5 м, латымерыі — да 1,8 м, маса да 95 кг. Цела верацёнападобнае, з моцным хвастом, укрыта вял. тоўстымі акруглымі лускамі-шчыткамі Мелі парныя шырокія плаўнікі з шкілетнай воссю, якімі маглі апірацца на дно. Драпежнікі. Яйцажывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,
прыўзнятая тэктанічная структура на ПнЗУсходне-Еўрапейскай платформы, якая аддзяляе Балтыйскую сінеклізу ад Маскоўскай і ў выглядзе сядла з невял. паніжэннем паверхні фундамента злучае Балтыйскі шчыт з Беларускай антэклізай. Размешчана на тэр.паўн. Беларусі, Латвіі, зах.ч. Пскоўскай вобл. Расіі. Выцягнута ў шыротным напрамку на 250—300 км, шыр. да 200 км. Фарміраванне яе адбывалася пераважна ў познабайкальскі і каледонскі этапы. Паверхня крышт. фундамента залягае на глыбіні ад -500 да -1000 м. На ёй вылучаны выступы, прагіны, монакліналі, абмежаваныя разломамі з амплітудай 50—100 м і ўскладненыя лакальнымі малаамплітуднымі (50—70 м) падняццямі. Платформавы чахол Л.с. складзены з вендскіх, кембрыйскіх, ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх і антрапагенавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСЁЛКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУД.
Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн.т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр.ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал.адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км². Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах.ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЗІЯЗА́ЎРЫ (Plesiosauria),
падатрад вымерлых марскіх паўзуноў атр. заўраптэрыгій падкл. сінаптазаўраў. Вядомы з сярэдняга трыясу да позняга мелу (каля 220—70 млн.г. назад). Вялі спосаб жыцця, падобны да сучасных ластаногіх. 3 надсям.: пістазаўрыды (Pistosauroidea), плезіязаўрыды (Plesiosauroidea), пліязаўрыды (Pliosauroidea). Жылі пераважна ў прыбярэжнай зоне. Характэрныя прадстаўнікі — эласмазаўр (Elasmosaurus), натазаўр (Nothosaurus) і інш. Рэшткі знойдзены на ўсіх мацерыках, па іх вызначаюць узрост геал.адкладаў.
Даўж. ад 1,5 да 16 м. Плезіязаўрыды мелі доўгую шыю, невял. галаву; пліязаўрыды — кароткую шыю, вял. галаву. Канечнасці адносна кароткія, ластападобныя. Пазванкоў да 150, з пляскатымі сучляноўнымі паверхнямі. Зубы канічныя, аднародныя або дыферэнцыраваныя на іклы і больш дробныя зубы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал.адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаўмуравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.