ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,
помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.
Літ.:
Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;
Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна
(1901—8.1.1967),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз.Бел.т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́РГЕР ((Bürger) Готфрыд Аўгуст) (31.12.1747, Мольмерсвендэ, каля г. Гарцгеродэ, Германія — 8.6.1794),
нямецкі паэт. Прадстаўнік руху «Бура і націск», блізкі да «гётынгенскай садружнасці паэтаў». Родапачынальнік ням. і еўрап.літ. балады. Прыхільнік нац. самабытнага мастацтва, адзін з першых увёў нар. песенны лад у ням. паэзію. Лепшыя балады Бюргера напісаны ў 1773—75: «Граф-разбойнік», «Сон беднай Зусхен», «Дзікі паляўнічы», «Ленора». Вяршыня паліт. лірыкі — верш «Селянін — свайму найсвятлейшаму тырану». Бюргеру належыць адна з апрацовак паданняў пра барона Мюнхгаўзена (1786). Аўтар эсэ «Аб распаўсюджанасці паэзіі ў народзе» (1777—78), эпіграм.
Тв.:
Рус.пер. — Ленора // Зарубежная поэзия в переводах В.А.Жуковского. М., 1985. Т. 2;
Удивительные путешествия на суше и на море, военные походы и веселые приключения барона фон Мюнхгаузена... М., 1985.
Літ.:
Лозинская Л.Я. Бюргер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,
комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВО́ЎНІК (Gossypium),
род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн.тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.
Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,
палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыянац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац.рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс.чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых навуч. устаноў Еўропы. Засн. ў 1450 у г. Барселона (аўт. вобласць Каталонія, Іспанія). У 1873 ун-т атрымаў статус дзярж. установы, з 1985 незалежная ВНУ. Выкладанне на каталонскай і ісп. мовах. У складзе ун-та дэпартаменты, ф-ты, ін-ты, цэнтры, школы, 17 б-к, абсерваторыя, музеі. Найб. значнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца дэпартаменты: гуманітарных і сацыяльных навук (ф-ты: філас., геагр., гіст., філал., мастацтваў); права, эканомікі і сац. навук (ф-ты: права, эканомікі і кіравання бізнесам, у т. л. статыстыка і сацыялогія); эксперыментальных навук і матэматыкі (ф-ты: біял., хіміі, фізікі, матэматыкі, геал.); навук аб здароўі (ф-ты: мед., фармакалагічны, стаматалагічны, псіхалогіі), цэнтр сястрынскай справы і інш.; адукацыйных навук (ф-тадукац. навук, цэнтр адукацыі). Ін-ты: адукац. навук, па вывучэнні працы, сучасных моў, Іспаніі, краін Усходу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл.Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).
У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.