КРЫЧЭ́ЎСКІ (Міхайла) (у каталіцтве Станіслаў; ?, каля г. Брэст — 3.8.1649),
казацкі военачальнік, удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54, палкоўнік кіеўскі (1648—49). З бел. шляхецкага роду. У 1620-я г. служыў у каронным войску Рэчы Паспалітай. У 1627 удзельнічаў у вайне са Швецыяй. З 1643 палкоўнік казацкіх рэестравых войск Рэчы Паспалітай. У 1647 садзейнічаў уцёкам Б.Хмяльніцкага з турмы ў Крылове ў Запарожскую Сеч. Пасля бітвы пад Жоўтымі Водамі (5—6.5.1648) у крымскім палоне. Выкуплены Хмяльніцкім за 4 тыс. талераў (12 тыс. польскіх злотых). Летам 1649 пасланы Хмяльніцкім на Беларусь. Да 15 тыс. казакоў К. далучылася амаль столькі ж сялян-паўстанцаў Беларусі. У ходзе Лоеўскай бітвы 1649 войска К. было разбіта, а сам ён цяжка паранены. Памёр ад ран на 3-і дзень пасля бітвы.
В.І.Мялешка.
М.Крычэўскі. Пасмяротны партрэт (з гравюры па рыс. 1649).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЁЛА ((Loyola) Ігнацій) (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),
іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Быков А. И.Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЯШО́НАК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 14.10.1929, в. Кіктараўка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1964 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, Мінскай ВПШ, з 1991 у Ін-це гіст.-паліт. даследаванняў, з 1992 гал. рэдактар Арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Даследуе гісторыю барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Адзін з аўтараў выданняў «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4, 1975) і інш.
Тв.:
Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». Мн., 1984;
Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна
(25.9.1895, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1968),
бел. пісьменніца. Дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка. Скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах (1914). Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», у гар. б-цы імя А.Пушкіна, час. «Лучынка» і «Саха», дзіцячым прытулку пры Бел. т-ве дапамогі пацярпелым ад вайны, Першай мінскай бел. школе. У 1933 пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа; жыла ў Ліпецку, у пас. Татарка Стаўрапольскага краю. З 1909 друкавалася ў газ. «Наша ніва», у 1920-я г. ў час. «Зоркі», «Іскры Ільіча». У апавяданнях («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа...» і інш.) і вершах выказвала замілаванне роднай прыродай. Аўтар успамінаў пра бацьку. Пераклала на бел. мову паасобныя творы М.Канапніцкай, В.Чайчанкі і інш.
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч.вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.Мулявіна (1980), Я.Купалы (1984), П.І.Гучка (1994), А.Я.Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Г.А.Фатыхава.
У.Лятун, П.Белавусаў, В.Бялянкін, М.Мызнікаў, Б.Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.
Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял.Айч.вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКДО́НАЛЬД ((Macdonald) Джэймс Рамсей) (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл.Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз.К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв.вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),
бел. мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Позняе каханне» А.Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Ірынка» К.Чорнага (1941); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.Маса і М.Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.
Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,
1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач.Вял.Айч.вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.
2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭЛЬ ((Model) Вальтэр) (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),
германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-й сусв.вайны. З 1940 камандзір 3-й танк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.—сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.—чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.