ФАЛЬКО́ЎСКІ (сапр. Ляўчук) Дзмітрый Нічыпаравіч

(3.11.1898, в. Вял. Лепясы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 17.12.1934),

украінскі паэт. Скончыў Кобрынскае гар. вучылішча, вучыўся ў Брэсцкай гімназіі (1912—15). Уваходзіў у кіеўскае літ. аб’яднанне «Ланка». Друкаваўся з 1924. Аўтар паэм «Чэкіст» (1924), «Чабан» (1925), паэт. зб-каў «Далягляды» (1927), «На пажарышчы» (1928), «Палессе» (1931), у якіх адлюстраваў героіку і трагізм грамадз. вайны, апяваў прыгажосць палескага краю. Некат. яго вершы сталі нар. песнямі. Перакладаў творы бел., рус., ням. паэтаў. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Поезії: Київ, 1989.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Кобрынскага р-на. Мн., 2002.

Н.​М.​Пліско.

т. 16, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)