«ЗАЛАТО́Е КАЛЬЦО́ РАСІ́І»,
турысцкі маршрут, які ўключае стараж. гарады Уладзімір, Суздаль, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Угліч, Яраслаўль, Кастраму, Сергіеў Пасад і інш. Пачынаецца звычайна з Масквы, праходзіць па Маскоўскай, Уладзімірскай, Іванаўскай, Яраслаўскай і Кастрамской абласцях. Працягласць больш за 1000 км. На «З.к.Р.» помнікі рус. гісторыі і культуры, якія складаюць яе «залаты фонд» (адсюль назва) і маюць сусв. значэнне. Усе гарады «З.к.Р.» развіваюцца як цэнтры турызму. Помнікі Уладзіміра, Суздаля, арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 6, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў,
гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.Ф.Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.
т. 7, с. 27
т. 7, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс. км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 м г. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял. Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́БІ ((Klibi) Шэдлі) (н. 6.9.1925, г. Туніс),
туніскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны ў галіне араб. л-ры і філасофіі. Скончыў Парыжскі ун-т. З 1951 выкладчык, журналіст, у 1958—61 ген. дырэктар радыё і тэлебачання Туніса. У 1961—78 (з перапынкамі) міністр культуры і інфармацыі. Адзін з кіраўнікоў Сацыяліст. дустураўскай партыі (з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). У 1979—85 і ў 1989—91 ген. сакратар Лігі арабскіх дзяржаў. Аўтар кніг «Арабы і праблемы Палесціны», «Культура: выклік цывілізацыі», «Іслам і сучаснасць».
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,
паселішча 2200—1400 да н.э. сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.М.Палікарповіча (1928) і І.І.Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.
т. 8, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМАНЕ́ЦКІ ((Kumaniecki) Казімеж Фелікс) (18.5.1905, г. Кракаў, Польшча — 8.6.1977),
польскі філолаг, гісторык антычнасці. Чл. Польскай АН у Кракаве (1950), Польскай АН (1961). Скончыў Кракаўскі ун-т (1926). З 1936 праф. Варшаўскага ун-та. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у сістэме падп. навучання, паліт. і ваен. падп. арг-цыях. Даследаваў гісторыю і культуру антычнасці, новалац. л-ру. Аўтар прац «Гісторыя культуры старажытных Грэцыі і Рыма» (1955), «Цыцэрон і яго сучаснікі» (1959), «Рымская літаратура — цыцэронаўскі перыяд» (1977). Перакладаў творы Салюстыя, Фукідыда, Вітрувія.
т. 9, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РА-АРА́КСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура плямён Закаўказзя эпохі ранняй бронзы (3-е тыс. да н.э.). Назва ад помнікаў, адкрытых у бас. р. Кура і Аракс. Арэал К.-А.к. ўключае таксама ўсх. Анатолію, Дагестан, Чэчню, Інгушэцію, частку паўн. Асеціі. Характарызуецца аселасцю насельніцтва, паселішчамі са своеасаблівай архітэктурай (круглыя і прамавугольныя дамы), глянцаванай керамікай з рэльефным спіральна-канцэнтрычным і разным арнаментам, глінянымі перасоўнымі агнішчамі. Асн. заняткам насельніцтва былі земляробства і жывёлагадоўля, развівалася металургія бронзы і металаапрацоўка. Існавалі сувязі з плямёнамі майкопскай культуры Паўн. Каўказа.
т. 9, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КІ ((Leakey) Луіс Сеймур Базет) (7.8.1908, Кебетэ, каля г. Найробі, Кенія — 1.10.1972),
англійскі археолаг і антраполаг. Працаваў дырэктарам Ін-та антрапалогіі, гісторыі і стараж. культуры ў Найробі (Кенія). У 1927—29 вёў раскопкі ў шматслойнай пячоры Гэмбл-2 і вызначыў адносную храналогію шэрагу ўсх.-афр. археал. культур; у 1930 вывучаў неалітычную пячору Ньёра, з 1951 даследаваў наскальныя малюнкі ў Танзаніі. У 1959—60 знайшоў у цясніне Олдувай рэшткі выкапнёвых прыматаў — зінджантрапа і прэзінджантрапа, а таксама чэрапа чалавека, падобнага да яванскага пітэкантрапа.
т. 9, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦВІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Касалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Карма, 99 км ад Гомеля, 61 км ад чыг. ст. Рагачоў. 1789 ж., 723 двары (1999). Птушкафабрыка «Сож», лясніцтва. Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік і мемар. дошка П.М.Лепяшынскаму, які заснаваў Ліцвінавіцкую школу-камуну. Каля вёскі паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку.
т. 9, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Аляксеевіч) (н. 23.10.1921, Тбілісі),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р біял. н., праф. (1962). Скончыў азербайджанскія ун-т (1945) і мед. ін-т (1949). З 1971 у Бел. ін-це фіз. культуры (прарэктар і заг. кафедры), у 1978—93 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па механізме нейрагумаральнай рэгуляцыі адаптыўнага гамеастазу на аснове вывучэння функцыян., структурных і абменных працэсаў у розных органах і тканках арганізма.
Тв.:
Открытое сердце. Мн., 1971;
Гомеостаз: Филос. и общебиол. аспекты. Мн., 1979.
т. 9, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)