ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн. работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.​Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.​Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕ́РНА (ад лац. hibernus зімовы),

1) у Стараж. Рыме зімовыя кватэры войска.

2) У Рэчы Паспалітай павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзярж. і царк. уладанняў (шляхецкія маёнткі былі вольныя ад яе). У 1649—52 заменена на аднайм. штогадовы падатак, скасаваны на сейме ў 1775. Вызначалася сеймамі ў памерах патрэбы, у ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. дасягала 0,5 млн. злотых. З гіберны рабіліся выплаты гетманам, пісарам польным і інш. вайск. службоўцам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛІКАЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 30.7.1947, г. Янаул, Башкортастан),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н., праф. (1986). Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1970), дзе і працаваў з 1975. З 1994 прарэктар Ін-та сучасных ведаў, з 1996 дырэктар Дзярж. НДІ праблем аховы інфармацыі. Навук. працы па стат. тэорыі выпрабаванняў складаных радыётэхн. комплексаў на безадмоўнасць і інфармацыйным забеспячэнні аптымальнага працэсу іх эксплуатацыі.

Тв.:

Учет априорной информации при оценке надежности. Мн., 1979 (разам з У.​А.​Прахарэнкам).

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБАЎ (Уладзімір Ільіч) (7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),

тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.​Асаф’ева (1947, з А.​Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС ((Gómez) Хуан Вісентэ) (24.7.1857, г. Сан-Антоніо, штат Тачыра, Венесуэла — 17.12.1935),

ваенны і дзярж. дзеяч Венесуэлы. У 1899 удзельнічаў у путчы С.Кастра, быў губернатарам федэральнай акр. Каракаса. У 1901—08 віцэ-прэзідэнт і галоўнакамандуючы. У выніку здзейсненага ім пры падтрымцы войск ЗША перавароту прэзідэнт краіны (1909—35), устанавіў ваен. дыктатуру (неаднаразова зменена канстытуцыя, забаронены паліт. партыі, прафсаюзы і інш.). У час яго праўлення значна павялічыўся ўплыў у Венесуэле замежнага (пераважна амерыканскага) капіталу, што садзейнічала развіццю здабычы нафты (эканам. ўздым).

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ШЫН Пётр Дзмітрыевіч (15.1.1906, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія — 1993, расійскі вучоны ў галіне авіяц. тэхнікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1962). Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1981). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (МАІ; 1932). З 1948 у МАІ, у 1951—91 нам. гал. канструктара, гал. канструктар-кіраўнік спец. КБ «Факел». Асн. навук. працы па аэрадынаміцы, трываласці і канструкцыі лятальных апаратаў. Распрацаваў новыя метады канструявання і тэхналогіі працэсаў вырабу лятальных апаратаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1965.

П.​Дз.Грушын.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж. ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.

Тв.:

Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.​Л.​Мельнікавым, І.​І.​Беланучкінай).

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧАНКА (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 21.6.1938, г. Краснаград, Украіна),

спявак (бас). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965). З 1966 саліст Узбекскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Маскоўскай філармоніі. Сярод партый: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца многіх вак. твораў узб. кампазітараў, у рэпертуары таксама ўкр. нар. песні, рамансы ўкр. кампазітараў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1981.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦА́Й (Аляксей Міхайлавіч) (н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),

рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АН СССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.

А.Грыцай. Летні сад. 1956.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (9.10.1874, г. Палтава, Украіна — 27.7.1954),

савецкі біёлаг. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1897). Да 1906 працаваў у г. Страсбург (Францыя) і г. Берн (Швейцарыя). З 1907 у Пецярбургу, з 1918 праф. Крымскага (Сімферопаль), з 1925 — Маскоўскага ун-таў. У 1930—45 ва Усесаюзным ін-це экстрым. медыцыны, да 1948 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. Навук. працы па цыталогіі, эмбрыялогіі, біяфізіцы, тэарэт. біялогіі. Сфармуляваў тэорыю біял. поля з мэтай тлумачэння накіраванасці і ўпарадкаванасці развіцця арганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)