Забабо́ны ’прымхі’. Рус. дыял. смал., бранск., прыбалт., паўн.-дзвін., урал. забабо́ны, укр. забобо́ни, польск. zabobon, славац. zabobonky (Калал) ’тс’. Ст.-рус. забабоны (XVII ст.) ’тс’. Параўн. укр. бобони ’забабоны’ (Жэлях.), славац. bobony ’тс’ (Калал), серб.-харв. забоњити, бобоњити ’гучаць, балбатаць’, забоњити ’пачаць балбатаць, гучаць’, ст.-чэш. bobonek, pobonek ’забабоннае дзеянне’. Паводле Бернекера (1, 36–37), Фасмера (2, 70), гукапераймальнага характару (параўн. балбатаць, ням. bebeln, ст.-грэч. βαβάξω ’балбатаць’). Гэта прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136), указваючы на паралель балабоніць. Махэк₂ (58–59) высоўвае думку аб сувязі са ст.-чэш. boniti, дзе *bon‑ з ‑mon (параўн. корань *men, *mьn у памяць, помню) і прэфіксам po‑, што пераўтварыўся ў bo‑. Коген (УЗ БГУ, 1, 191, 192) указвае на падваенне кораня ба/бо, што адзначаецца ў слове байка1 (гл.). Магчыма, што паміж гукаперайманнем і ўтварэннем слова bobniti сапраўды трэба адзначыць пераходны этап, калі *bo, *bol мела значэнне ’гаварыць’, таму магчыма аб’яднанне названых думак. Сцвярджэнне Брукнера (643) пра польск. паходжанне ўсх.-слав. форм непераканаўчае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́жнік1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъ ’стварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́г, вастро́г. Рус. остро́г ’частакол, умацаваны гарадок, турма’, укр. остріг ’пляцень з крышай’, турма’, польск. ostróg ’частакол, умацаванае месца, замак, ’турма ў царскай Расіі’ (гэта значэнне, відаць, з усходнеславянскіх моў), чэш., славац. ostroh ’адгор’е, мыс’ (параўн. рус. отрог, рус. дыял. острог ’мыс’), славен. ostròg ’умацаванае месца’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. острогъ ’частакол, умацаванае месца’. Міклашыч (293), Гараеў (243), Мікала (IF, 6, 350), Зубаты (Studie, 1, 2, 171) адносілі да кораня слова сцерагчы, што фанетычна недакладна; Махэк₂ (420) выводзіць з ostožiti (гл. астожжа) з пазнейшай кантамінацыяй з востры. Мейе (Études, 354). Праабражэнскі (1, 666–667), Фасмер (3, 166) (дзе гл. іншую літаратуру) звязваюць з *ostr‑. Суфікс ‑g‑ яшчэ ў вярыга і інш. Па Фасмеру першапачатковае значэнне ’вострае’, адкуль, можна вывесці і ’мыс’, і гару’, і інш. Аднак больш верагодна дапушчэнне Праабражэнскага пра тое, што першапачаткова размова ішла пра плот з вострымі коллямі. Гл. астрога. Тады чэш., славац. і рус. паралелі не трэба атаясамліваць з гэтым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ра. Ст.-рус., ст.-слав. вѣра, рус. ве́ра, укр. ві́ра, польск. wiara, чэш. víra, балг. вя́ра, серб. ве̏ра і г. д. Прасл. *věra ’вера’. Сюды ж і прасл. *věrьnъ ’верны’ (ст.-рус. вѣрьныи, рус. ве́рный, бел. ве́рны, укр. ві́рний, польск. wierny, чэш. věrný, ст.-слав. вѣрьнъ, балг. ве́рен, серб. ве̑ран і г. д.), а таксама дзеясловы тыпу *věriti, *věrovati ’верыць’: ст.-рус. вѣрити, вѣровати, бел. ве́рыць, укр. ві́рити, рус. ве́рить, ве́ровать, польск. wierzyć, чэш. věřiti, ст.-слав. вѣровати, вѣрити, балг. вя́рвам ’веру’, ве́ря се ’бажуся, клянуся’, серб. ве̏ровати ’верыць’, ве̏рити ’засватаць’ і г. д. І.‑е. *u̯ēr‑: лац. vērus ’сапраўдны, верны’, гоц. tuz‑wērjan ’сумнявацца’ (tuz — частка з адмоўным значэннем), ст.-в.-ням. wār (ням. wahr) ’сапраўдны, верны, надзейны і да т. п.’, wāra ’праўда; вернасць і г. д.’ Таксама параўноўваюць з авест. var‑ ’верыць’, varəna‑ ’вера’ (у такім выпадку трэба б было зыходзіць з кароткага галоснага ў і.-е. праформе). Параўн. Фасмер, 1, 292–293.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ава́д ’авадзень’ (Бір. дыс., Нас., Янк. II), авадзень (БРС, Шат., Бір. дыс., Арх. Бяльк., Касп.), авадзье (Бір. дыс.), говыдьде (Клім.). Агульна- і праславянская назва авадня: ovadъ або obvadъ. Параўн. укр. овад (рус. овод да овад як гіперкарэкцыя), чэш. ovad, польск. owad, балг. авад, бел. абадзён (Сцяц.), серб.-харв. о̏бад паралельна з о̏вад, славен. obàd. Ёсць формы без пачатковага ‑а: вадзень (гл.). Бліжэйшыя паралелі: літ. úodas ’камар, мошка’, лат. uóds ’тс’, Міклашыч, 218; Зубаты, Studie, 1, 2, 111. Найбольш верагодна, звязана з і.-е. *ōd‑, *ēd‑ ’есці’. Пад гэтым значэннем можна аб’яднаць авад і вадзень. Параўн. літ. ė́sti ’есці (аб жывёлах)’ і ’паліць, пячы’. Трэба таксама ўлічыць палескае заедь у значэнні ’авадні’, дзе ўнутраная форма захавана зусім не двухсэнсоўна. Гл. Шульцэ, KZ, 43, 41. З гэтай версіяй мяжуе версія Трубачова, Происх., 71, згодна з якой ovadъ < *ov‑odos ’той, хто есць аўцу’. Супраць Махэк₂, 432, які суадносіць ovadъ з лац. tabānus (зыходная славянская форма obadьnь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)