БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕКДО́Т (франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),

кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.

У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.

Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, М.​Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.​Колас, К.​Чорны, Б.​Сачанка і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:

Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;

Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;

Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.​С.​Фядосік.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),

залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),

1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.

2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма),

анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс, эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЫКАРДЫ́Я (ад грэч. bradys павольны + kardia сэрца),

памяншэнне колькасці сардэчных скарачэнняў у мінуту: у дарослых менш за 60 удараў, у дзяцей першага года жыцця менш за 115, у дзяцей 3—5 гадоў менш за 100, пасля 7 гадоў менш за 80 удараў.

Найчасцей брадыкардыя ўзнікае пры запаволенай выпрацоўцы імпульсаў у сінусавым вузле — сінусавая брадыкардыя. Яна назіраецца ў трэніраваных спартсменаў, пажылых людзей як адзін з сімптомаў пры многіх захворваннях: інфекцыі (асабліва ў перыяд папраўкі), інфаркце міякарда і інш. Брадыкардыя адзначаецца пры павышаным унутрычарапным ціску (пры пухлінах мозга, менінгіце, кровазліцці ў галаўны мозг), можа быць сімптомам вегетатыўных дысфункцый пры павышаным тонусе блукаючага нерва. Запаволенне скарачэнняў сэрца (менш за 60 удараў у мін у дзяцей, да 40 — у дарослых) можа быць звязана з сінаурыкулярнай 2:1 або поўнай блакадай. Лячэнне брадыкардыі тэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),

від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.

Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).

Да арт. Алюмінатэрмія. Схема тэрмітнай зваркі рэек: 1 — шлак; 2 — тыгель; 3 — вадкі тэрмітны метал; 4 — зварачная форма.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)