ПА́МЯЦЬ,

здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.

Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.​Гобс, Дж.​Лок), амер. біхевіярызму (Э.​Торндайк, Дж.​Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.​Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.​Жанэ, М.​Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.​Эбінгаўзам (1885).

Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.

Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр. ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац. сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.

Літ.:

Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;

Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;

Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;

Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;

Психология памяти. М., 1998;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАВЫДАВЕ́ЦКІ ДРУК, самвыдат,

агульная назва афіцыйна незарэгістраваных непадцэнзурных рукапісных, друк., аўдыёвізуальных і электронных носьбітаў інфармацыі для распаўсюджвання сярод пэўнай аўдыторыі ва ўмовах абмежаванняў свабоды слова. У СССР развіваўся пераважна ў Маскве і Ленінградзе (час. «Хроника текущих событий», «Синтаксис», альманах «Метрополь»), Прыбалт. рэспубліках, на Украіне, быў вядомы таксама ў Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі і інш. б. сацыяліст. краінах.

Традыцыі бел. С.д. бяруць пачатак з твораў Афанасія Філіповіча і С.​Буднага, «Мужыцкай праўды» К.​Каліноўскага, нелегальнага час. народнікаў «Гомон». Аднак у сучасным разуменні, як друк, непадкантрольны дзяржаве і альтэрнатыўны афіц. сродкам масавай інфармацыі, склаўся толькі ў Сав. Беларусі. Паводле крыніц інфармацыі падзяляецца на рэтраспектыўны (перавыданні раней надрук. дакументаў) і бягучы (арыгінальныя тэксты). Спосабы яго рэпрадуктавання: машынапіс, машынапіс з ксерапамнажэннем, ратапрынт, прынтэр, фотадрук.

Штуршком да актывізацыі самавыдавецкага руху стаў XX з’езд КПСС. На працягу 1960—1-й пал. 1980-х г. вядома аб узнікненні ў БССР шляхам С.д. прыкладна 20 рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыяд. і монавыданняў. Найб. адметныя арыгінальныя тэксты гэтага перыяду: час. «Падсьнежнік» (1963—64, аўтар-выдавец М.​Ермаловіч), «Блакітны ліхтар» (1971—74, В.​Мудроў, А.​Рыбікаў, В.​Шлыкаў), «Мілавіца» (1974—76, У.​Арлоў, Г.​Кулажанка, І.​Чарняўскі і інш.), «Гутарка» (1975—76, Ермаловіч), «Люстра дзён» (1980, С.​Дубавец, В.​Вячорка, С.​Сокалаў), творы л-ры і гісторыі — «Сказ пра Лысую гару» (1-я пал. 1970-х г., аўтар невядомы), «Па слядах аднаго міфа» Ермаловіча (2-я пал. 1970-х г.) і інш. Вял. ўплыў на развіццё С.д. зрабілі працэсы лібералізацыі грамадства ў 2-й пал. 1980-х г. З 1988 пачалі выдавацца незарэгістраваныя газ. «Кантроль», «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Студэнцкая думка». Да канца 1988 на Беларусі налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Асн. тэмы С.д. — грамадска-паліт. сітуацыя ў БССР і СССР, «белыя плямы» гісторыі, праблемы бел. дзяржаўнасці і мовы, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш.

С.д. пайшоў на спад з прыняццем у СССР 1.8:1990 «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», які адмяніў папярэднюю цэнзуру. На працягу некалькіх наст. месяцаў частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, іншыя спынілі сваё існаванне. Чарговы этап актывізацыі С.д. назіраўся з сярэдзіны 1990-х г., што звязана з адсутнасцю буйнога капіталу на айч. медыя-рынку і абмежаванай колькасцю недзярж. сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з пашырэннем кола карыстальнікаў камп’ютэрнай тэхнікай. З 1995 шматлікім грамадскім арг-цыям, клубам па інтарэсах, гурткам, навуч. установам заканадаўствам дазволена выдаваць часопісы, газеты, інфарм. бюлетэні без афіц. рэгістрацыі ў Мін-ве інфармацыі, калі кожны чарговы выпуск не перавышаў 499 экз. (пасля прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 8.1.1998—299 экз.). Паралельна ўсё большае распаўсюджванне набываюць электронныя выданні ў глабальнай сетцы Інтэрнет. З 1995 да жн. 2001 вядома аб выхадзе каля 600 друк. і 40 электронных выданняў без уліку рэкламнай прадукцыі і агітацыйнай л-ры ў час кампаній па выбарах прэзідэнта, Вярх. Савета, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу і мясц. органаў улады.

Літ.:

Тимофеева Л.Н. Альтернативная печать: ее сущность и значение // Пресса: опыт, пробл. и тенденции. М., 1992;

Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. Мн., 1998.

С.​І.​Грыб.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАБЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова бел. народнасці ў 14—18 ст. Існавала ў вуснай нар.-дыялектнай і кніжнай літ.-пісьмовай формах.

Нар.-дыялектная С.м. ўзнікла на базе тэр. дыялектаў усх.-слав. зямель, якія ў 13—14 ст. увайшлі ў ВКЛ. Яна вызначаецца фанетычнымі рысамі: зацвярдзеннем «ч» і «р» («прычыны»), дзеканнем і цеканнем, зацвярдзеннем губных зычных на канцы слова («семъ», «голубъ»), фрыкатыўным «г», пераходам «в» і «л» у «ў» (у пэўных пазіцыях), падоўжаннем зычных у інтэрвакальным становішчы (вынік асіміляцыі «j»), супадзеннем у вымаўленні гукаў «e» і «ё», развіццём спалучэння «ры», «лы» на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі («крываво», «блышчачися»), развіццём напружаных рэдукаваных y «і» і «ы» («злыи», «биитеся»), развіццём акання і якання. Граматыцы С.м. ўласціва захаванне ў словазмяняльнай парадыгме чаргаванняў заднеязычных і свісцячых, ужыванне форм старога вінавальнага склону мн.л. ў назвах жывёл, захаванне клічнай формы назоўнікаў мужчынскага і жан. роду, выцясненне кароткіх форм вышэйшай ступені прыметнікаў поўнымі, утварэнне складанай формы будучага часу з дзеясловамі-звязкамі «буду» і «маю», захаванне формы плюсквамперфекта, замацаванне дзеепрыслоўяў на «-учы(-ючы)» і «-ачы(-ячы)», пашырэнне безасабова-пасіўнай канструкцыі з дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу («мужа забіто»), У слоўнікавым складзе С.м. захаваліся некат. словы, якія выйшлі з ужытку на б.ч. ўсх.-слав. моўнай тэр. («багна», «вежа», «збожжа», «лазня» і інш.). Уласнабел. словы ўтвараліся пры дапамозе афіксаў ад агульнаслав. каранёў («пачатак», «слухач»). Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з польскай, ням. і літ. моў («дах», «дойлід», «моц», «праца», «скарб», «фарба», «свіран» і інш.).

Нар.-дыялектная С.м. служыла сродкам штодзённых зносін бел. насельніцтва. На ёй ствараліся фалькл. творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Літ.-пісьмовая С.м. развівалася ў 14—15 ст. са старажытнарускай мовы праз насычэнне яе бел. рысамі. Яна з’яўлялася афіц. мовай ВКЛ. На працягу 15—17 ст. на С.м. створаны шматлікія і разнастайныя ў жанравых адносінах помнікі л-ры На ёй пісаліся дакументы велікакняжацкіх канцылярый 15—16 ст.: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, судзебнікі, дагаворы, граматы, прывілеі, інвентарныя вопісы (іх мова ў найб. ступені адпавядала тыпу жывой нар. мовы), актавыя матэрыялы судоў, гар. упраў і магістратаў, дыпламат. і прыватная перапіска. На С.м. ствараліся творы свецкай л-ры: летапісы (Віленскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны), хронікі і хранографы (Хроніка літоўская і жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, пераклады хронік М.​Бельскага і М.​Стрыйкоўскага), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Троя», «Александрыя»). Літ. С.м. шырока ўжывалася для стварэння рэліг.-палемічнай л-ры: «Катэхізіс» С.​Буднага, «Апісанне і абарона сабора рускага берасцейскага», «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, агіяграфічныя зборнікі 17 ст., на яе перакладзена «Евангелле» В.​Цяпінскага. На аснове С.м. ўзнікла бел. кнігадрукаванне, у т. л. выданні Ф.​Скарыны. Кнігі (пераважна павучальнай і прапаведніцкай л-ры) выдаваліся ў друкарнях Вільні, Еўя, Куцейна, Нясвіжа ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. З узмацненнем сувязей ВКЛ з Польшчай (асабліва з сярэдзіны 17 ст.) С.м. як афіц. мова пачала выцясняцца з ужытку польскай мовай. У 18 ст. С.м. існавала толькі ў дыялектна-нар. разнавіднасці. На яе аснове ў 19 ст. адбылося станаўленне нац. беларускай мовы.

Літ.:

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ МО́ВА.

агульнаўсходнеславянская мова, агульная мова ўсходніх славян 10—14 ст. Сфарміравалася ў эпоху стварэння стараж.-рус. дзяржавы на базе дыялектаў усх.-слав. плямён, што вылучыліся ў выніку распаду праславянскай мовы. З яе вылучыліся старарус., стараўкр. мовы і старабеларуская мова, на аснове якіх сфарміраваліся 3 усх.-слав. роднасныя мовы: беларуская мова, руская мова і ўкраінская мова.

Перыяд моўнага адасаблення ўсх. славян адзначаны развіццём тых. моўных асаблівасцей, якія выразна акрэслівалі і выдзялялі ўсх. групу слав. племянных дыялектаў. Гэта першае поўнагалоссе: стараж.-рус. «борода» праслав. *borda, «голова» < *glova і інш. (параўн. балг. «брада», «глава»; польск. «broda», «głova»). Развіццё гукаў «ч’», «ж’» на месцы агульнаслав. спалучэнняў tj, dj або kt, gt перад галоснымі пярэдняга раду («свѣча» < *svetja, «межа» < *medja, «ночь» < *nokt і інш. (параўн. балг. «свеща», «межда», «нощ»; польск. swiecą, miedza, пос). З’яўленне гукаў «ў», «’а» як рэфлексаў агульнаслав. насавых галосных: «судъ» < *sądъ, «мꙗсо» < *męso (параўн. чэш. soud, maso, польск. *sąd, mięso). Усх.-слав. моўная зона адасаблялася таксама за кошт фарміравання ў той час спецыфічнай усх.слав. лексікі: «логъ», «семья»: «бѣпка», «собака», «утъка», «ковьръ», коврига», «лапътъ», «чара», «вира» і інш. Фанетычная сістэма С.м. характарызавалася дзеяннем закону адкрытага складу, наяўнасцю рэдукаваных гукаў «ь» і «ъ», дыфтангічнага гука «ё» (абазначаўся літарай і), няпоўным проціпастаўленнем звонкіх—глухіх, мяккіх—цвёрдых зычных, адсутнасцю гука «ф», дыялектнай варыянтнасцю гукаў «г» (выбухнога або фрыкатыўнага) і «в» (губна-губнога або губна-зубнога). У грамат. ладзе С.м. вызначалася мнагатыпнасцю іменнага скланення (у залежнасці ад тыпаў праслав. іменных асноў, напр.: «братъ — брата», «сынъ — сыну», «дьнь — дьне», «гость — гости»); наяўнасцю форм адз., мн. і парнага ліку, 4 формамі прошлага і 3 формамі будучага часу, поўнай парадыгмай форм загаднага ладу. С.м. ўласціва «дапасаванне паводле сэнсу» дзейніка і выказніка, шырокае ўжыванне беспрыназоўнікавых канструкцый, недастатковае развіццё злучнікавых сувязей у структуры складанага сказа. На працягу 12—13 ст. дыялектнае чляненне С.м. паглыбілася ў сувязі са значным аслабленнем цэнтралізаванай стараж.-рус. дзяржавы. У выніку агульнаўсх.-слав. працэсу падзення рэдукаваных узнікаюць новыя дыялектныя адрозненні, якія проціпастаўляюць паўн. і паўн.-ўсх. землі паўд. і паўд.-заходнім. Да 14 ст. адбылося паліт. і эканам. адасабленне зах. і паўд.-зах. зямель, якія ўвайшлі ў ВКЛ, паўн. і паўн.-ўсх. землі аб’ядналіся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

Пісьмовыя помнікі С.м. вядомы з сярэдзіны 11 ст. З 10 ст. дайшлі толькі асобныя надпісы на прадметах, а таксама дагаворы Русі з Візантыяй (захаваліся ў складзе «Аповесці мінулых гадоў» у спісе 14 ст.). Значную ролю ў станаўленні літ. С.м. адыграла стараславянская мова. Найб. адчувальны яе ўплыў на мову рэліг.-павучальных твораў («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», творы мітрапаліта Іларыёна, Кірылы Тураўскага). Мова «Слова аб паходзе Ігаравым», «Задоншчыны», «Малення Данііла Заточніка», летапісаў вызначаецца сінкрэтызмам стараслав. і стараж.-рус. моўных сістэм. Мова дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», дагаворы і духоўныя граматы) у большай меры апіралася на нар.-размоўны варыянт С.м., які найб. выразна адлюстраваўся ў берасцяных граматах.

Літ.:

Обнорский С.П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. М.; Л., 1946;

Филин Ф.П. Образование языка восточных славян. М., 1962;

Яго ж. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972;

Ларин Б.А. Лекции по истории русского литературного языка (X — середина XVIII в.). М., 1975.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр. ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.

Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.

Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.

Публ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.

Літ.:

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Віці́на 1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.

Віці́на 2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)