чэк 1, ‑а, м.

1. Грашовы дакумент з распараджэннем укладчыка банка аб выдачы ці пералічэнні прад’яўніку пэўнай сумы грошай з бягучага рахунку. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць. Скрыган. Тут [у таварыстве параходаўладальнікаў] неафіцыйна ўручаліся.. [містэру Лаяну] даволі буйныя чэкі. Лынькоў.

2. Квітанцыя ў касу з указаннем сумы, якую патрэбна ўнесці за тавар; талон з касы, які сведчыць пра тое, што за тавар, які купляецца, у касу заплачаны грошы. Выпісаць чэк. Аплаціць чэк. □ Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Шамякін.

[Англ. check.]

чэк 2, ‑а, м.

Участак поля з пасевамі рысу, абгароджаны землянымі валікамі для ўтрымання вады пры яго затопліванні. Рысавыя чэкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.

Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.​Дэфо, А.​Р.​Лесаж, А.​Ф.​Прэво, Ж.​Ж.​Русо, С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.​Скот, Т.​Смолет, Г.​Філдынг. У 19 ст. асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.​Бальзака, В.​Гюго, Ч.​Дзікенса, Э.​Заля, Г.​Мапасана, Стэндаля, У.​Тэкерэя, Г.​Флабера, рус. раманістаў М.​Гогаля, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Г.​Грына, Ч.​П.​Сноу, С.​Моэма, А.​Франса, Р.​Ралана, Р.​Мартэна дзю Гара, Ф.​Марыяка, Дж.​Лондана, Т.​Драйзера, Ф.​С.​Фіцджэральда, Э.​Хемінгуэя, У.​Фолкнера, Дж.​Э.​Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.​М.​Рэмарка, Г.​Бёля, Г.​Граса, Х.​Лакснеса, С.​Лагерлёф, Я.​Гашака і інш. Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.​Горкі, А.​Талстой, М.​Шолахаў, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў, Ю.​Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв. літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.​А.​Астурыяс, А.​Карпенцьер, Х.​Картасар, Г.​Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.​Джойс, Ф.​Кафка, М.​Пруст; гл. ў арт. Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.​Голдынг, Гарсія Маркес, М.​Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.

Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.​Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.​Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.​Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.​Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.​Мрыя, «Амок» Я.​Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.​Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.​Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.​Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.​Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.​Калюгі, «Праз гады» П.​Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.​Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.​Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.​Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.​Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.​Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.​Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).

Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.​Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.​Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.​Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.​Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.

У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.​Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.​Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.​Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.​Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.​Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.​Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял. Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.​Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.​Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.​Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.​Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.​Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.​Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.​Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.​Карамазава «Пушча» (1978), В.​Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.​Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.​Карпюка «Карані» (1986), Н.​Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.​Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.​Коўтун), навукова-фантаст. (В.​Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.​Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.

Літ.:

Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч. М., 1978. Т. 3;

Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;

Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;

Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ. М., 1960;

Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр. М., 1962;

Судьбы романа. М., 1975;

Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман.

Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

С.​А.​Андраюк.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лічы́ць, лічу, лічыш, лічыць; незак.

1. Называць лікі ў паслядоўным парадку. Лічыць да дзесяці. // Адмяраць такт (у музыцы, танцы, пры хадзе і пад.), называючы такты ці долі такта лікамі. «Раз-два, раз-два», — раздаваўся голас настаўніка фізкультуры.

2. Ведаць назвы і паслядоўнасць лікаў да пэўнай мяжы. Умець лічыць да ста. // Умець выконваць арыфметычныя дзеянні. Я ў школе вучуся, Я гальштук нашу, Чытаю, малюю, Лічу і пішу. Астрэйка.

3. што. Вызначаць колькасць, суму чаго‑н. Лічыць грошы. Лічыць пульс. □ Аднастайна гадзіннік Лічыць час на сцяне. Нядзведскі. // што і без дап. Рабіць якія‑н. падлікі, разліку адлікі. Ціха ён ідзе дарогай, Нібы лічыць кожны крок. Прыходзька. На стале ляжала куча срэбных рублёў. Усю ноч [дзядзька і цётка] лічылі і пералічвалі. Бядуля.

4. што і без дап. Зыходзіць у падліку з якой‑н. меры, нормы. [Калгаснікі] грошы лічаць тысячамі, а дабро — тонамі. А такіх у калгасе большасць, і за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Палтаран. // Прымаць што‑н. за пачатак адліку, вымярэння, вызначэння. Другое акно, калі лічыць ад вугла. □ Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кіламетраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра. Шамякін.

5. каго-што. Прымаць у разлік пры вылічэнні, вызначэнні колькасці, велічыні каго‑, чаго‑н. Зарплата 100 рублёў у месяц, калі не лічыць прэміяльных. □ Аж пасля відаць — стаяць каровы! І нешта штук з пятнаццаць. Гэта калі не лічыць двух кароў Ванадысёвых. Чорны. // Прымаць пад увагу. Хто не хварэў душою за .. Савецкую ўладу? Няма такіх людзей! Няма, калі не лічыць гэтага п’яніцу і злодзея Міцьку Зайца. Шамякін.

6. каго-што. Расцэньваць якім‑н. чынам, успрымаць як‑н. Марынка разумела добрыя намеры бацькі і ўсё ж прычыну пераходу [на трактарны завод] лічыла не грунтоўнай. Хадкевіч. // Рабіць якія‑н. заключэнні; прызнаваць. Маці лічылі лепшай гаспадыняй. Гурскі. Раманенка правёў танкі праз балота, якое немцы лічылі непраходным для танкаў і гармат. Шамякін. // звычайна з дадан. сказамі. Думаць, меркаваць, мець думку наконт чаго‑н. Я лічыў, што ўвосень рыба ўжо не ловіцца. Ляўданскі. Лідзія лічыла, што тут, на выстаўцы, у гэтай цудоўнай лабараторыі чалавечага розуму, славы і вопыту, яна павінна не вучыць, а вучыцца. Дадзіёмаў.

•••

Варон лічыць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лічыць ні за што — зусім не лічыцца з кім‑н., не паважаць каго‑н., адносіцца з пагардай да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. □ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. — Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.

2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.

3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. □ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. □ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.

4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.

5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Раптоўны ваенны ўзброены напад на каго‑, што‑н. Атрады зрабілі налёт на станцыю, разграмілі нямецкі гарнізон і ачысцілі вялікі ўчастак чыгункі ад варты. Шамякін. Налёт нашых самалётаў па станцыю ў горадзе быў вельмі ўдалым. Шахавец. // Нечаканы, масіраваны абстрэл. Артылерыйскі налёт. Агнявы налёт.

2. Напад з мэтай грабяжу, вобыску і пад. Налёт на кватэру. Налёт на банк. □ [Банда] рабіла налёты на мястэчкі і сёлы, радавала ўсё, што ў каго можна было. Сабаленка. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Гурскі. // Разм. Набег на чужы сад, агарод. Вясковыя хлапчукі, сярод якіх быў і герой апавядання Мікітка, зрабілі налёт на суседскі сад. Шкраба.

3. Тонкі слой якога‑н. рэчыва, што асела ці з’явілася на паверхні чаго‑н. Налёт сажы. Налёт іржы. □ [Лілія Віктараўна] здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Васілёнак. На чорны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светла-шэры налёт. Шамякін.

4. перан. Слаба выражаная адзнака, рыса; слабае адбіццё ўнутранага стану, пачуцця. Налёт сентыментальнасці. □ Рыгора ўразілі вочы. Не тое каб вялікія, а нейкія нерухомаспакойныя, з налётам незразумелай тугі і смутку. Б. Стральцоў.

5. Колькасць налятанага часу або налятавай адлегласці. Дзвесце гадзін налёту на самалёце. □ [Кудлач:] — У складаных умовах [лётчыкі] ляталі многа. Агульны налёт таксама не дрэнны... Алешка.

6. Гнойнае ўтварэнне на якім‑н. органе або ране. Налёты на дыхальным горле.

•••

З налёту — а) з разгону, не спыняючы руху, на поўным хаду. Клюе верхаводка з налёту. Матрунёнак; б) хутка, адразу, не задумваючыся. Амаль усё, за што ні браўся хлопец, давалася яму лёгка, проста з налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)