разлу́чнік, ‑а, м.

1. Разм. Той, хто разлучыў, разлучае блізкіх адзін аднаму людзей. — Я праклінаю таго разлучніка, які стаў тады нам упоперак дарогі, як чорны прывід. Сабаленка.

2. Абл. Мужчына, які развёўся з жонкай. [Люба:] — Ды і хлопцаў пасля вайны не так што і было. А за якога разлучніка ісці... [Валянцін:] — Што там разлучнік? Вось Жана на дзеці пайшла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Пазбаўляцца ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчыся. Думка пра тое, што па ім страляюць, .. ускалыхнула [Андрэйку] і прымусіла ратавацца ад небяспекі. Кавалёў. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў. Колас. // Хавацца, засцерагацца ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратавацца ад гарачыні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэфрэ́н, ‑а, м.

1. Радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні; прыпеў. Пасля таго як спявачка асабліва прачулена праспявала рэфрэнам «Мой харошы, сінявокі, ты адзіны...» — Сагура нечакана ўзняўся на ногі, разгублена замігаў вачыма і стаяў так, узрушаны. Ракітны.

2. У музычнай форме ронда — галоўная тэма, якая шматкратна паўтараецца ў чаргаванні з рознымі эпізодамі.

[Фр. refrain.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самату́гам, прысл.

1. Без дапамогі цяглавай сілы, на сабе. Тады на заводзе былі ўсяго дзве печы. Рабочыя саматугам вазілі ў іхнія ненасытныя зеўры на тачках торф. Даніленка. Раніцай, у скорым часе пасля пад’ёму, на цэнтральнай дарозе паказвалася двухколка, якую саматугам цягнулі палонныя. С. Александровіч.

2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі. Зміцер сам праз сябе, саматугам выбіўся ў людзі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасла́ць, сашлю, сашлеш, сашле; сашлём, сашляце; зак., каго-што.

1. У якасці пакарання адправіць на пасяленне (звычайна ў аддаленую мясцовасць); прымусова перасяліць куды‑н. Пасля выздараўлення царскі суд саслаў.. [Адама] ў Сібір, адкуль ён і не вярнуўся. Пестрак.

2. Разм. Далёка накіраваць, адправіць каго‑н. [Красанок:] — Чым я правініўся, Васіль Емяльянавіч, што ты мяне ўсё роўна як на Салаўкі саслаў? Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турнэ́, нескл., н.

1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.

2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.

[Фр. tournee.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. У мовазнаўстве — вымаўляць ненаціскны гук «е» як «а» («я») пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам.

2. Разм. Выхваляючыся, вельмі часта паўтараць у размове «я». Не звык я змалку якаць, Ды ў справе важна — Якасць! Барадулін. [Яўген:] — Не тое што, як другі — каторы любіць выстаўляцца, штосьці якаць: — Я! я! Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́ДЭН (Baden),

гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),

правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх. Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.​Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),

спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)