АРГЕ́ДАС ((Arguedas) Хасе Марыя) (18.1.1911, г. Андаўайлас, Перу — 2.12.1969),

перуанскі пісьменнік, прадстаўнік т.зв. індыянісцкага кірунку ў л-ры Лац. Амерыкі. Аўтар зб. апавяданняў «Вада» (1935), аповесці «Свята Явар» (1941), раманаў «Брыльянты і крамяні» (1954), «Глыбокія рэкі» (1958), «Кроў усіх расаў» (1964), «Ліса ўнізе, ліса ўверсе» (1971), у якіх адлюстраваў жыццё індзейцаў і метысаў. Імкнуўся вырашыць праблему пераадолення іспана-індзейскага культурнага дуалізму ў працэсе фарміравання нац. культуры, карані якой бачыў у стараж. традыцыях карэннага насельніцтва.

Тв.:

Los rios profundos. La Habana, 1965.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»

(«Byelorussian Youth»),

штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́ЛЬНА-СПАРТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ (БССП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — аб’яднанне прагрэс. сіл Беларусі для сац. абароны ўсіх пластоў насельніцтва пры пераходзе да рыначных адносін, рэфармаванне Беларусі ў дэмакр., эканамічна моцную, незалежную і гуманную дзяржаву праз удасканаленне грамадскіх формаў і адносін. Выступае за ўкараненне альтэрнатыўных формаў адукацыі і фіз. выхавання, адраджэнне нац. культуры, рэалізацыю законаў аб моладзі і спорце, прыярытэтнае фінансаванне аховы здароўя, спорту, асветы, змену сістэмы падаткаабкладання і інш.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,

культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,

грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.​Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́АС ((Boas) Франц) (9.7.1858, г. Міндэн, Германія — 21.12.1942),

амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку (1899—1937). Удзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку (1883—84). Большая ч. этнагр. прац прысвечана культуры і мовам індзейцаў паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і эскімосаў. Распрацаваў методыку фармальнага апісання індзейскіх моў. У шэрагу прац разглядаюцца агульныя пытанні этнаграфіі, антрапалогіі і археалогіі Амерыкі. Заклікаў да стацыянарнага палявога даследавання канкрэтных культур. Праціўнік расісцкіх тэорый, антыфашыст, чл. многіх арг-цый ліберальнай інтэлігенцыі ЗША, прыхільнік дэмакр. рэформаў.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Вітольд Часлававіч) (25.11.1913, с. Рутанка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1984),

бел. вучоны ў галіне сац. гігіены і аховы здароўя. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1936 працаваў у Расіі, у 1961—82 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па гісторыі земскай хірургіі.

Тв.:

Земская хирургия // Клинич. хирургия. 1963. № 12;

Роль губернских земских больниц в организации медицинской помощи населению // Сов. здравоохранение. 1968. № 1.

Літ.:

Плешавеня А. Асабісты фонд // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 2.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ (Канстанцін Пятровіч) (3.6.1899, Масква — 1980),

рускі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1960). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1956). У 1923—36 канцэртмайстар, гал. хормайстар і гал. дырыжор Опернага т-ра імя Станіслаўскага, у 1936—41 дырыжор Дзярж. хору СССР, у 1946—65 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Выкладаў у Муз. вучылішчы імя Гнесіных (1924—53) і Ін-це культуры (з 1965) у Маскве. Аўтар кн. «Праца над дыкцыяй у хоры» (1967). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)