СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».

Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял. Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.

Н.​С.​Будыка, Ю.​А.​Якімовіч.

Столінская сядзіба «Манькавічы». Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭЦЭ́СІЯ (лац. secessio ад secedo адыходжу),

1) у Стараж. Рыме форма барацьбы плебеяў супраць патрыцыяў за свае правы. Плебеі дэманстратыўна пакідалі рым. абшчыну і адыходзілі па-за межы горада (на Свяшчэнную гару ці Авенцінскі ўзгорак), які заставаўся фактычна без ваен. абароны, бо плебеі складалі асн. масу рым. арміі. Гэта прымушала патрыцыяў ісці на ўступкі. У выніку 1 -й С. (494 да н.э.) уведзена пасада нар. (плебейскага) трыбуна, у выніку 2-й С. (449 да н.э.) — далейшыя ўступкі патрыцыяў і фіксацыя Законаў 12 табліц.

2) У Зах. Беларусі — фракцыя ў ЦК КПЗБ. Арганізацыйна аформілася восенню 1924 і адкрыта заявіла пра свае погляды на Другой канферэнцыі КПЗБ. Арганізатар і кіраўнік С. — М.​І.​Гурын-Маразоўскі, да яго далучыліся А.​Тамашэўскі, Л.​І.​Родзевіч, А.​Р.​Капуцкі і інш. С. ставіла бел. нац. інтарэсы вышэй за класавыя. Выступала супраць падпарадкавання КПЗБ Кампартыі Польшчы, супраць лініі КПЗБ на паліт. і арганізац. размежаванне на левых і правых у бел. нац. фракцыі сойма. Лічыла мэтазгодным узняць у 1925 узбр. сял. паўстанне пад лозунгам далучэння Зах. Беларусі да БССР, нягледзячы на яго поўную бесперспектыўнасць. Свае патрабаванні выклала ў «Камунікаце». С. асуджана кіраўніцтвам КПЗБ, КПП і Камінтэрна, ініцыятары і кіраўнікі С. выключаны з партыі. Частка яе прыхільнікаў прызнала свае памылкі і была адноўлена ў КПЗБ (Родзевіч, Капуцкі і інш.). Выступленне С. з’явілася штуршком да перагляду далейшай тактычнай лініі КПЗБ, выпрацоўкі новага канцэптуальнага падыходу да развіцця нац.вызв. руху ў краі.

Літ.:

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;

Ладысеў У. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел. гіст. часол. 1994. №1.

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й пал. 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у т. л. тэр. сучасных Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абл. Вылучаюць ранні (26—24 ст. да н.э.), сярэдні (23—18 ст. да н.э.) і позні (18—15 ст. да н.э.) этапы. На тэр. Беларусі С.к. пашырылася на сярэднім і познім этапах. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковыя — рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.

Паселішчы размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Жытлы наземныя слупавой канструкцыі і паўзямлянкі, унутры мелі агнішчы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным стане на баку ў авальных або прамавугольных ямах і трупаспаленне на курганных могільніках. Насельніцтва С.к. вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шара- і яйцападобным тулавам, слоікападобныя пласкадонныя пасудзіны і інш. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, уцісканнямі, зашчыпамі і інш. элементамі, якія ўтваралі гарыз. і дыяганальныя рады арнаментаў, трохвугольныя кампазіцыі. Плямёны С.к. карысталіся крамянёвымі і касцянымі прыладамі працы (сякеры, скрабкі, скоблі, нажы, сярпы, цёслы і інш.), меднымі і бронзавымі ўпрыгожаннямі (дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі). Найб. вядомыя помнікі С.к. на Беларусі Ксяндзова Гара, Струмень, Рудня-Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

А.​Г.​Калечыц.

Да арт. Сярэднедняпроўская культура: посуд 2-га (верхнія 3 рады) і 3-га этапаў.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ДЗІН Канстанцін Аляксандравіч (24.2.1892, г. Саратаў, Расія — 15.7.1977),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1967). Чл.-кар. Германскай АМ (1958). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1914). З 1959 1-ы сакратар, з 1971 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1913. Раманы «Гарады і гады» (1924) і «Браты» (1927—28) пра творчую інтэлігенцыю, «Выкраданне Еўропы» (кн. 1—2, 1933—35) і «Санаторый «Арктур» (1940) пра Зах. Еўропу напярэдадні 2-й сусв. вайны. У трылогіі — раманы «Першыя радасці» (1945), «Незвычайнае лета» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Касцёр» (кн. 1 «Уварванне», 1961, кн. 2 «Час прыйшоў», 1965—67) — праблемы рэв. пераўтварэння жыцця і нараджэння рэв. мастацтва. Аўтар кніг «Пісьменнік, мастацтва, час» (1957), «Горкі сярод нас» (1968). Удзельнік 3-га пленума праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР (1936) у Мінску. У сваіх дакладах звяртаўся да бел. л-ры. Паводле яго слоў, задума напісаць раман пра мастацтва і актрысу (пазней выявілася ў трылогіі) узнікла ў 1936 у Мінску (арт. «З нагоды дылогіі», 1949). У 1-й частцы рамана «Касцёр» узноўлены падзеі першых дзён Вял. Айч. вайны ў Брэсце, Жабінцы і інш. мясцінах Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.​Дамашэвіч, Я.​Скрыган і А.​Шарахоўская.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1969—73;

Собр. соч. Т. 1-42. М., 1982—86;

Бел. пер. — Сустрэча з мінулым. Мн., 1978.

Літ.:

Кузнецов М.М. Романы Константина Федина. 2 изд. М., 1980;

Воспоминания о Константине Федине: Сб. М., 1988;

Левинсон З.И. Романы Константина Федина. Тула, 1988;

Старков А.Н. Трилогия Константина Федина. М., 1989.

Т.​К.​Грамадчанка.

К.А.Федзін.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛЬНА-ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Асноўным нарматыўным актам у сістэме крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 16.7.1999. Ён замяніў КПК 1960 і стаў часткай судова-прававой рэформы, якая праводзілася ў краіне ў 1990-я г. Дзейны КПК грунтуецца на прынцыпах законнасці, прэзумпцыі невінаватасці, забеспячэння правоў і свабод грамадзян, ажыццяўлення правасуддзя толькі судом і на аснове спаборніцтва бакоў і інш. У ім пашыраны кола ўдзельнікаў працэсу і іх правы, праведзена дыферэнцыяцыя працэсуальнай формы папярэдняга расследавання і судовага разбору, па многіх пазіцыях ураўнаваны правы і абавязкі бакоў у працэсе. Па сутнасці цалкам замацоўваецца новы тып крымін. працэсу, пабудаванага на пачатках спаборніцтва, непарушнасці канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, дакладным размежаванні функцый абвінавачання, абароны і вырашэння справы. У структурных адносінах кодэкс складаецца з трох частак.

У 1-й частцы «Агульныя палажэнні» вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін.-працэсуальнага заканадаўства ў часе і прасторы, кола ўдзельнікаў крымін. працэсу, іх прававы статус, патрабаванні да доказаў, меры працэсуальнага прымусу, парадак заяў і вырашэння хадайніцтваў і скаргаў. 2-я частка «Узбуджэнне справы» рэгламентуе парадак узбуджэння і папярэдняга расследавання крымін. справы, правядзення асобных следчых дзеянняў (допыт, вобыск, агляд і г.д.). У 3-й частцы «Судаводства» рэгламентавана працэдура разгляду і вырашэння крымін. спраў у судзе першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый, а таксама пры праве па крымін. справах па новаадкрытых падставах. У ёй замацоўваюцца асаблівасці разгляду крымін. спраў прыватнага абвінавачання, злачынствах, здзейсненых асобамі ва ўзросце да 18 гадоў і інш.

Літ.:

Кукреш Л.И. Уголовный процесс. Особенная часть. Мн., 2000;

Борико С.В. Уголовный процесс. Мн., 2002.

М.​А.​Савановіч.

т. 18, кн. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МЧЫК Мікалай Сямёнавіч (16.8.1903, в. Сычавічы Маладзечанскага р-на — 29.5.1970),

паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Радашковіцкую бел. гімназію, з 1924 працягваў адукацыю ў Празе, дзе зблізіўся з прадстаўнікамі б. ўрада БНР (П.​Крачэўскім, В.​Захаркам і інш.). Жыў у Францыі, стварыў там «Хаўрус бел. працоўнай эміграцыі». Напярэдадні 2-й сусв. вайны ў Берліне, рэдактар газ. «Раніца» (1939—44), у 1940 арганізаваў Бел. к-т самапомачы. Потым працаваў у К-це самапомачы ў Беластоку. З 1944 у Парыжы, актыўна выступаў у бел. эміграцыйным друку. У 1943 і 1947—70 старшыня Рады БНР, у 1947 арганізаваў крывіцкую Раду БНР (т.зв. крывіцкі блок).

С.​Б.​Сачанка.

М.С.Абрамчык.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБШЧЫ́ННАЯ ТЭО́РЫЯ, маркавая тэорыя,

сістэма поглядаў у гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст., паводле якой зыходным пунктам агр. эвалюцыі і ўсяго сац. ладу сярэднявечча была абшчына (марка). Асн. прынцыпы абшчыннай тэорыі выклаў і абгрунтаваў Г.Л.Маўрэр (Германія). Мела пашырэнне ў гіст. навуцы, у рус. медыявістыцы 1870—90-х г. была пануючая. Асн. сцверджаннем абшчыннай тэорыі было тое, што грамадскаму ладу, заснаванаму на прыватнай уласнасці, папярэднічаў лад, заснаваны на калект. апрацоўцы зямлі і на калект. уласнасці на зямлю.

Літ.:

Данялов А.Н. Проблемы аграрной истории раннего средневековья в немецкой историографии конца XIX—нач. XX в. М., 1958;

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),

1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.

2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,

сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ СІМЯО́НАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.​Солтанам у свайго дзядзькі Д.​Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)