ГРОС ((Gross) Віллем) (н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),
эстонскі празаік і драматург.Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБО́ЎСКАЯ ((Dembowska) Зоф’я) (па мужу Ромер; 16.2.1885, г. Тарту, Эстонія — 23.8.1972),
беларуска-польская мастачка. Брала ўрокі малявання ў Вільні і Кракаве. У 1914—41 жыла ў Віцебскай вобл. Працавала ў жывапісе і графіцы. Да 1920 стварыла цыкл партрэтаў дзеячаў віленскіх універсітэцкіх і літ. колаў: рэктара М.Ромера, д-ра К.Міхейды, праф. Р.Радзіловіча, М.Здзяхоўскага і інш. У 1920-я г. пісала пейзажы («Дарога», «Вербы», «Стары дом», «Мост», «Снег» і інш.). З 1943 працавала ў Егіпце, Англіі, Канадзе, ЗША, дзе малявала партрэты арыстакратаў, чл. каралеўскіх сем’яў, вядомых палітыкаў і дзеячаў навукі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎДЗІ́, Гаўдзі-і-Карнет (Gaudi y Cornet) Антоніо (25.6.1852, г. Рэўс, Іспанія — 10.6.1926), іспанскі архітэктар. З 1868 жыў у Барселоне, вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе архітэктуры. У яго мудрагелістых па форме пабудовах (пераважна ў Барселоне) — у царкве Саграда Фамілія (1884—1926, не закончана), дзе ў містычным духу пераасэнсавана кампазіцыя гатычнага сабора, і ў дамах стылю мадэрн (Каса Батло, 1904—07; Каса Міла, 1905—10) пластычна сагнутыя аб’ёмы і смелыя канструкцыйныя новаўвядзенні (парабалічныя аркі, нахіленыя апоры, палегчаныя скляпенні) ствараюць уражанне фантастычных, быццам вылепленых ад рукі арганічных крывалінейных формаў.
А.Гаўдзі. Жылы дом Каса Батло ў Барселоне. 1904—07.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЎСК,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл.с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Валянцін Іванавіч) (6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІГФРЫ́ДАН (Іван) (Зігфрыд Іаган),
бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЁМЫ (Сяргей) (сапр.Клопаў Сяргей Змітравіч; 27.6.1909, в. Звонь Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1994?),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1933). Працаваў рабочым, рабкорам, настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Паўн.-Усх. лагеры на Калыме, адкуль уцёк 20.1.1944. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1929, дэбютаваў вершамі. У нарысах (зб-кі «Дом № 31», 1930, «За дамбаю», 1931, «Лес гарыць», 1932) адлюстраваў жыццё рабочых заводскіх ускраін. Аўтар аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935). Збіраў фальклор, перакладаў з рус., укр. і інш. моў.
Літ.:
Чорны К. Заўвагі да стылявых тэндэнцый у творчасці Сяргея Знаёмага // Полымя рэвалюцыі. 1935. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУМАКУ́ЛАВА (Танзіля Мустафаеўна) (н. 18.7.1934, г. Тырныауз, Кабардзіна-Балкарыя),
балкарская паэтэса. Нар. паэтэса Кабардзіна-Балкарыі (1982). Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Друкуецца з 1957. У кнігах вершаў і паэм «Кветкі на скале» (1959), «Песні гор» (1962), «Прахалода гор» (1967), «Свяцільнік» (1969, за дзве апошнія Рэсп. прэмія 1969), «Белы свет» (1972), «Бацькоўскі дом» (1984) і інш. імкнулася адлюстраваць гіст. і духоўны вопыт балкарскага народа, складаныя і шматгранныя сувязі сучасніка з эпохай і навакольным светам. Дзярж. прэмія РСФСР імя М.Горкага 1977. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі І.Калеснік, М.Танк.