устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.
Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял.сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».
Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.
Літ.:
Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;
Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;
Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТА («Otto»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.К.Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.М.Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс.чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПАў Вялікую Айчынную вайну,
першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз. атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДББССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.М.Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер. — ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.А.Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.С.Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.П.Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.І.Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.А.Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.Г.Паваразнюк, К.А.Груздзеў); спецгрупы НКДБСССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.М.Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.В.Карнілаў (загінуў), А.Н.Чычэнка].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 452—453.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам
(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар.т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.Тэраўскі),
танц.група (кіраўнік Ч.Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел.прафес.тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел.дзярж.т-ра (з 1944 Бел.т-ра імя Я.Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.Адуцкевіч, Т.Бандарчык, Я.Беларус, В.Вашкевіч, У.Галубок, Г.Грыгоніс, Р.Жакоўскі, Ждановіч, В.Жылінскі, М.Зароская, А.Іваноў, А.Крыніца, М.Кудзелька (М.Чарот), Я.Лабаноўская, М.Лабаноўскі, А.Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.Міронава, М.Міцкевіч, П.Мядзёлка, Л.Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, Е.Станкевіч, С.Станюта, В.Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.Чэхава і інш.
Літ.:
Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;
Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
У.І.Няфёд.
Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пара́дак, ‑дку, м.
1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага.Кавалёў.[Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак.Асіпенка.//узнач.вык.Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак!Алешка.
2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу.«Звязда».
3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога.Чорны.// Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле.Васілевіч.Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў.Карпаў.// Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну.Колас.
4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію.Шыцік.Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт.Якімовіч.
5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання.Якімовіч.
6.звычайнаўР. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.
7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты.Вялюгін.Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу.Няхай.
8.Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.
•••
Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.
Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.
Навесці (свае) парадкігл. навесці.
Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.
Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.
У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.
У рабочым парадку — у працэсе работы.
Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць.Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч.Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэнтр, ‑а, м.
1.Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.
2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.Бядуля.Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.Шамякін.// Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані.Колас.Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык.Васілевіч.
3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы.«Звязда».//перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты.Бугаёў.— Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч.Рамановіч.// Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група.Скрыган.
4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.
5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай.Калачынскі.// У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр».«Маладосць».
6.Спец.Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.
7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота».Ленін.
8.Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.
•••
Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.
Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.
Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.
Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.
(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.
[Лац. centrum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эта́п, ‑а, м.
1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа.Баранавых.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір.Лужанін.//Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе.Танк.Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства.Самуйлёнак.
3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту.// Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.
4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы.Колас.Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва.Машэраў.
•••
Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).
[Фр. étape.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)