ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),

род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).

Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.

Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЦІК (Lolium),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.

Г.​У.​Вынаеў.

Жыцік расстаўлены.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАРО́ЖВАННЕ ГРУНТО́Ў,

штучнае ахаладжэнне слабых і воданасычаных грунтоў да адмоўных т-р з мэтай іх умацавання і дасягнення воданепранікальнасці; адзін з відаў замацавання грунтоў. Выкарыстоўваецца пры буд-ве шахтаў, тунэляў, станцый метрапалітэна, падземных сховішчаў, фундаментаў, мастоў, перамычак і інш.

Для З.г. па перыметры аб’екта (напр., выемкі) прабіваюць свідравіны на адлегласці 1—3 м адна ад адной, апускаюць у іх замарожвальныя трубы (калонкі) з герметычна завараным ніжнім канцом. Унутр калонкі па трубе падаюць ахалоджаны да -20 °C і ніжэй у халадзільных машынах (устаноўках, на станцыях) раствор солей, або расол (звычайна хлорыстага кальцыю), па другой трубе адводзяць яго з мэтай цыркуляцыі. У выніку ахаладжэння вакол калонак утвараюцца слупы мёрзлага грунту, якія злучаюцца ў суцэльную сцяну.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.

Г.​У.​Вынаеў.

Зубніца клубняносная.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРО́ЎКА (Hierochloe),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і высокіх шыротах абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі трапляюцца: З. духмяная (H. odorata), нар. назвы зубрава трава, цяпалоць, тураўка; паўднёвая (H. australis) і зрэдку жорсткаваласістая (H. hirta). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, каля дарог.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі выш. да 70 см. Прыкаранёвае лісце лінейнае, плоскае, завостранае, сцябловае — лінейна-ланцэтнае, карацейшае, знізу тусклае, зверху ярка-зялёнае, бліскучае. Каласкі дробныя, залаціста- або буравата-жоўтыя, круглавата-яйцападобныя, трохкветныя, у раскідзістых мяцёлках. Плод — зярняўка. Духмяныя (маюць кумарын), лек., кармавыя (для зуброў, адсюль назва) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, для пляцення, замацавання насыпаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Зуброўка духмяная.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́Л (ад лац. integer цэлы),

адно з асн. паняццяў матэматыкі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю рашаць задачы аб узнаўленні функцыі па зададзенай вытворнай (напр., задача адшукання закону руху матэрыяльнага пункта ўздоўж прамой па зададзенай скорасці руху гэтага пункта) і аб вылічэнні плошчаў, аб’ёмаў, работы сілы за зададзены прамежак часу і інш. Гэтыя задачы прыводзяць да паняццяў нявызначанага інтэграла і вызначанага інтэграла. Вывучэнне ўласцівасцей і спосабаў вылічэння розных відаў І. — задача інтэгральнага злічэння. У працэсе развіцця матэматыкі і пад уплывам патрабаванняў прыродазнаўства і тэхнікі паняцце І. ўдакладнялася, змянялася і абагульнялася. Гл. таксама Няўласны інтэграл, Кратны інтэграл, Крывалінейны інтэграл, Паверхневы інтэграл.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. [Ч. 2] Мн., 1997;

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯЗА́ЎРЫ (Ichthyosauria),

падклас вымерлых марскіх паўзуноў. 6 сям., 28 родаў, каля 80 відаў. Вядомы з адкладаў сярэдняга трыясу да мелавога перыяду мезазойскай эры, росквіту дасягнулі ў юры. Рэшткі знойдзены ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. Жылі ў морах.

Даўж. 1—15 м. Вонкава нагадвалі сучасных дэльфінаў і акул. Мяркуюць, што І. паходзілі ад катылазаўраў. З паўзуноў найб. прыстасаваныя да жыцця ў вадзе. Цела верацёнападобнае, сплюшчанае з бакоў, мяккі спінны і цвёрды двухлопасцевы верт. хваставы плаўнікі Парныя канечнасці ператвораны ў ласты (заднія значна карацейшыя за пярэднія). Чэрап з доўгім рылам, вял. круглымі ці авальнымі вачніцамі. Зубы шматлікія (да 200), вострыя, аднарадныя. Скура без лускі. Жывародныя. Карміліся рыбай і галаваногімі малюскамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост марскіх адкладаў мезазою.

Л.​Ф.​Каліноўскі.

Іхтыязаўр.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЗІ́ЛА (Melittis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі К. сармацкае (M. sarmatica). Нар. назвы: бальсан, лясная табака. Усходняя мяжа пашырэння праходзіць па Беларусі. Трапляецца на ПдЗ і З: у Маларыцкім, Камянецкім, Ваўкавыскім, Лельчыцкім і Мазырскім р-нах, Белавежскай пушчы. Расце групамі і асобнымі экз. ў мяшаных і шыракалістых лясах, вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным апушаным духмяным сцяблом выш. 20—80 см. Лісце супраціўнае, чаранковае, з шырокай яйцападобнай пласцінай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя або бэзаватыя з моцным мядовым пахам, у пазухах верхняга лісця. Плод — арэшак. Цвіце ў маі—чэрвені. Лек. (гіпатэнзіўны, мачагонны, вяжучы, ранагаючы сродак), меданосная і дэкар. расліна.

Кадзіла сармацкае.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛЫ́ (Capra),

род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 8 відаў. Паводле будовы рагоў падзяляюць на 4 групы. Пашыраны ў Еўразіі і на ПнЗ Афрыкі. Жывуць у гарах на вышынях да 5500 м, трымаюцца статкамі.

Даўж. да 180 см, выш. ў карку да 115 см, маса да 155 кг. У самцоў вял. рогі рознай формы (у самак маленькія) і доўгая барада. Поўсць кароткая, густая, амаль аднатоннага карычневага ці шэрага колеру. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 казлянят. Траваедныя. Безааравы казёл, вінтарогі К. (C. falconeri) і альпійскі К. (C. idex) — продкі свойскай казы. У Чырв. кнігу МСАП занесены К. вінтарогі і яго афгана-пакістанскі падвід (C.f.megaceros), падвіды К. нубійскага (C. nubiana walie) і К. пірэнейскага (C. pyrenaica hispanica).

Казлы: 1 — іспанскі; 2 — альпійскі.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),

харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.

Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл. Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл. Кансервавая прамысловасць).

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)