СУБСТРА́Т (ад позналац. substratum аснова, літар. — падсцілка),
сукупнасць адносна простых, якасна элементарных утварэнняў, узаемадзеянне якіх абумоўлівае ўласцівасці пэўнай сістэмы ці працэсу; агульная аснова ўсіх з’яў і працэсаў. Паняцце «С.» блізкае да субстанцыі, таму першапачаткова ў філасофіі іх не адрознівалі, але кожнае з іх датычыцца розных аспектаў рэчаіснасці. У адрозненне ад субстанцыі як фундаментальнай сутнасці быцця, якая забяспечвае ўнутр. адзінства канкрэтных рэчаў, з’яў і працэсаў, пад С. разумеюць найб. элементарны (ніжні) слой рэальнасці. У некат. матэрыяліст. вучэннях С. прызнаваліся непадзельныя атамы, у ідэаліст. — нематэрыяльная энергія (энергетызм), «элементы свету» (эмпірыякрытыцызм) і інш. Адрозніваюць метафізічна-матэрыяліст. тлумачэнне С., дзе С. разглядаецца як элементарны нязменны першапачатак і зыходны носьбіт усіх уласцівасцей, стану і атрыбутаў аб’ектыўнай рэальнасці, і дыялектыка-матэрыяліст. разуменне С., дзе прызнаецца змяняльная прырода С. як вынік узаемадзеяння форм руху і субстратнага аспекту матэрыяльнага быцця. Ў гэтых межах паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі якаснай неаднароднасці сістэмнай арганізацыі матэрыі і разнастайнасці структурных узроўняў розных форм руху. С. фіз. працэсаў лічацца элементарныя часціцы і палі, фундаментальныя ўздзеянні якіх (гравітацыйныя, электрамагнітныя, слабыя і моцныя) абумоўліваюць фізіка-хім. формы руху. С. хім. рэакцый выступаюць атамы, якія захоўваюць устойлівасць пры стварэнні і пераўтварэнні розных відаў рэчываў. С. у біялогіі — аснова, да якой прымацаваны нерухомыя арганізмы (для мікраарганізмаў і раслін адначасова з’яўляецца пажыўным асяроддзем); апорны элемент навакольнага асяроддзя, напр., грунт вадаёмаў для бентасу. У біяхіміі С. — рэчыва, на якое ўздзейнічае фермент. С. сац. форм руху з’яўляецца чалавек, мэтанакіраваная дзейнасць якога ляжыць у аснове ўсіх сац. змен.
парушэнне суцэльнасці горных парод пры тэктанічных рухах і дэфармацыях. Бываюць са зрушэннем горных парод і без зрушэння.
Падзяляюцца на конседыментацыйныя (фарміруюцца адначасова з асадканамнажэннем) і постседыментацыйныя. Ва ўмовах гарыз. расцяжэння з Т.р. зрушэння ўтвараюцца пераважна зрухі, скіды (у т. л. лістрычныя), рассовы, грабены; гарыз. сціскання — зрухі, насовы, тэктанічныя покрывы, ускіды. Да Т.р. таксама адносяць тэктанічную трэшчынаватасць, кліваж (густая сістэма паралельных трэшчын у дэфармаваных пародах, якія сякуць слаістасць або згодны з ёй), тэктанічную сланцаватасць, разлінзаванне і будзінаж (падзел крохкага слоя на лінзы і блокі ў выніку расцяжэння), трэшчыны складкавых дэфармацый і інш. Тэктанічныя трэшчыны без зрушэння могуць утвараць зоны разушчыльнення. Тэктанічныя разломы бываюць звышглыбокія (больш за 300 км, мантыйныя), глыбокія (100—300 км, карамантыйныя) і коравыя (да 100 км). Амплітуды перамяшчэння горных парод па Т.р. ад першых сантыметраў і метраў да некалькіх кіламетраў па вертыкалі і да дзесяткаў і соцень кіламетраў па гарызанталі. Найб. працяглыя глыбінныя разломы ўтвараюць т.зв. планетарную сістэму разрываў. Поласці Т.р. запоўнены раздробленай, рассланцаванай, часам перацёртай да гліны горнай пародай, могуць служыць шляхамі пранікнення магмы, гідратэрмальных раствораў.
На Беларусі вылучаюць Т.р. даплатформавыя (разрываюць толькі пароды крышт. фундамента) і платформавыя (скіды, ускіды, скіда-зрухі, могуць пранікаць у платформавы чахол пераважна да каменнавугальных адкладаў, некат. да кайназойскіх адкладаў уключна). Найб. густая сетка платформавых разломаў развіта ў Прыпяцкім прагіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРО́НДА (франц. fronde прашча),
грамадска-паліт. рух супраць абсалютызму ў Францыі ў 1648—53. Назвы «Ф.» і «франдзёры» яго ўдзельнікі прынялі з пагарды да 1-га міністра Францыі Дж.Мазарыні, які здзекліва параўнаў іх з падлеткамі, што дапякалі паліцыю стральбой з дзіцячых прашчаў (фронд). Ф. выклікана бедствамі Трыццацігадовай вайны 1618—48 і жорсткай падатковай палітыкай Мазарыні, якога падтрымлівала каралева-рэгентка пры малалетнім Людовіку XIV Ганна Аўстрыйская. На 1-м этапе Ф. (1648—49) Парыжскі парламент і звязаныя з ім колы буржуазіі аб’ядналіся ў барацьбе супраць абсалютызму з антыфеад. рухам нар. мас Парыжа. Спроба Мазарыні арыштаваць лідэраў апазіцыі выклікала ў Парыжы паўстанне 26—27.8.1648. Мазарыні паспешліва заключыў Вестфальскі мір 1648. Каралеўскія войскі да сак. 1649 трымалі Парыж у аблозе. У выніку кіраўнікі Ф. пайшлі на пагадненне з каралеўскім дваром. Т.ч. «Парламенцкая Ф.» скончылася, але ў пач. 1650 грамадскую апазіцыю абсалютызму ўзначалілі арыстакратычныя прыдворныя колы («Ф. прынцаў»), якія дамагаліся толькі выгад для сябе ў выглядзе грашовых выплат, пасад і інш. (адсюль выраз «франдзіраваць» — знаходзіцца ў няпоўнай, непрынцыповай апазіцыі). У 1651 франдзёры-арыстакраты дамагліся адстаўкі і высылкі Мазарыні, але неўзабаве ён вярнуўся з наёмнымі войскамі. Пачалася спусташальная міжусобная вайна, падчас якой «Ф. прынцаў» карысталася ваен. дапамогай Іспаніі. У 1652—53 каралеўскія войскі нанеслі шэраг паражэнняў франдзёрам і іспанцам. Адначасова Мазарыні шляхам падачак і ўступак дамогся прымірэння з большасцю знатных франдзёраў. Да сярэдзіны 1653 антыфеад. рух у Парыжы. Бардо і інш. месцах падаўлены. Паражэнне Ф. спрыяла ўстанаўленню ў наступныя гады неабмежаванага самадзяржаўя Людовіка XIV.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел навукі на мяжы хіміі і фізікі. Спалучае фізічную хімію, плазмахімію, фотахімію, хімію цвёрдага цела, электрахімію. Тэрмін увёў ням. хімік А.Эйкен (1930). У самаст. раздзел вылучылася ў пач. 20 ст. са з’яўленнем квантавай механікі, квантавай хіміі, кінетыкі хімічнай. Найб. эфектыўна Х.ф. фарміравалася як вынік развіцця тых раздзелаў хіміі, у якіх прагрэс дасягаўся з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі фіз. эксперыменту і дасягненняў тэарэт. фізікі. Уклад у развіццё Х.ф. зрабіў М.М.Сямёнаў, які ў 1920—30-я г.адначасова з С.Н.Хіншэлвудам стварыў тэорыю ланцуговых хімічных рэакцый.
Х.ф. вывучае квантава-мех. паходжанне хім. узаемадзеянняў і рэакцыйнай здольнасці злучэнняў, будову і ўласцівасці малекул, кластэраў, крышталёў і вадкасцей, даследуе прыроду элементарных актаў хім. працэсаў, свабодна-радыкальных рэакцый, фотахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Новы кірунак Х ф. — даследаванне хім. паводзін рэчываў у экстрэмальных умовах (напр., пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, звышмоцных магнітных і эл. палях). Вывучае таксама працэсы, якія выклікаюцца ўдарнымі хвалямі ў газах і вадкасцях; дзеяннем магутнага лазернага выпрамянення і інш. Метады даследавання: аптычная і люмінесцэнтная спектраскапія, мас-спектраметрыя, рэнтгенаструктурны аналіз, электронаграфія і інш. Асобная ўвага аддаецца імпульсным метадам вывучэння хуткіх працэсаў (напр., імпульсны фатоліз).
На Беларусі даследаванні па Х.ф. вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі Нац.АН, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПУ́К Янка (Іван Антонавіч; псеўд.Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр.Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр.Нар. Рэспублікі, чл.Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасовадыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яе паліт. расколу прыхільнік урада В.Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел.сац. партый (крас. 1920) і бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНЕ́ВІЧ Іван Паўлавіч (н. 5.5.1937, в. Русаковічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. і расійскі вучоны ў галіне трактарнага і с.-г. машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1980), праф. (1984). Акад.Рас. акадэміі с.-г. навук (1993) і інж. акадэміі (1992). Засл. дз. нав. Расіі (1997). Скончыў Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1960). З 1961 на Мінскім трактарным з-дзе (з 1964 нач. канструктарскага бюро, з 1970 гал. канструктар). У 1972—78 ген. канструктар Галаўнога спец.КБ па прапашных трактарах (Мінск). З 1980 у Мін-ве трактарнага і с.-г. машынабудавання СССР (нач.тэхн. ўпраўлення), з 1986 старшыня савета па аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці УАСГНІЛ. З 1992 акад.-сакратар Рас. інжынернай акадэміі, адначасова з 1995 яе віцэ-прэзідэнт. Навук. даследаванні па распрацоўцы тэорыі, праектаванні, вытв-сці і эксплуатацыі наземных цягава-трансп. машын, праблемах уніфікацыі вузлоў і дэталей машын паміж разнастайнымі цягавымі класамі. Пад яго кіраўніцтвам створана уніфікаваная сям’я трактароў «Беларус». Аўтар падручнікаў для ВНУ. Дзярж. прэмія СССР 1976. Прэмія Савета Міністраў СССР 1984. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Залаты медаль імя В.П.Гарачкіна Рас. акадэміі с.-г.навук. (2002).
Тв.:
Проектирование универсально-пропашных тракторов. Мн., 1980 (разам з А.С.Салонскім, С.М.Вайчынскім);
Ходовая система—почва—урожай. М., 1985 (разам з В.А.Скотнікавым, М.І.Ляско);
Наземные тягово-транспортные системы: Энцикл. Т. 1—3. М., 2003 (разам з В.А. і Л.А.Габерманамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.Ф.Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз.танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз.танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.
У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв.гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз.танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз.танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз.танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.Волкаў. 1946—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар у Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́Ў Цімафей Сазонавіч (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),
грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад.АНБССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦККПБ. У пач.Вял.Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦККП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АНБССР. Чл.ЦККПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.
Тв.:
Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;
Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;
Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд.Мн., 1952;
Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;
В.И.Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.