Au, хімічны элемент I групы перыяд.сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,
сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш.сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.
У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10−35м, масы — 5,42∙10−8кг, часу — 1,34∙10−43с, т-ры — 3,63∙1032К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;
Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТЫ (ад лац. nota знак, заўвага) у музыцы, 1) умоўныя графічныя знакі, якія разам з дадатковымі абазначэннямі служаць для запісу музыкі паводле т.зв. лінейнай сістэмы (на нотным стане, або натаносцы). Кожная з сістэм натацыі ў мінулым мела свой комплекс Н., якія адрозніваліся асаблівай формай і назвамі (гл.Нотнае пісьмо). У сучаснай натацыі аснова ноты — т.зв. галоўка, круглая, або авальная, заштрыхаваная, т.зв. чорная, і незаштрыхаваная, т.зв. белая (𝅝 — цэлая нота). Ад галоўкі можа адыходзіць штыль — верт. рыса — уверх ад правага яе боку (𝅗𝅥 — палавінная) або ўніз ад левага (<SIGN>). На канцы штыля можа быць флажок, або хвосцік — просты, двайны, трайны (𝅘𝅥𝅮 — восьмая, 𝅘𝅥𝅯 — шаснаццатая, 𝅘𝅥𝅰 — трыццаць другая); канцы штыля замест хвосцікаў могуць злучацца папярочнымі рэбрамі (вязкамі) — адным, двума, трыма і інш. (<SIGN>,<SIGN>). Размяшчэнне галоўкі на нотным стане ў спалучэнні з прастаўленым у яго пачатку ключом абазначае вышыню ноты, тып галоўкі, наяўнасць штыля, наяўнасць і характар хвосціка — яе працягласць. Складовыя назвы Н. дыятанічнага гукарада: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі (адпаведныя лац. абазначэнні — c, d, e, f, g, a, h). Для пазначэння храматычных гукаў (гл.Храматыка) да лац. літар дадаюць склады is — дыез, es — бемоль, напр., до дыез — cis (акрамя гука сі бемоль — лац. b).
2) Аркушы, сшыткі, кнігі з рукапісным або друкаваным запісам муз. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац.сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЙ (лац. Magnesium),
Mg, хімічны элемент II групы перыяд.сістэмы, ат. н. 12, ат. м. 24,305, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў 24Mg (78,6%), 25Mg (10,11%), 26Mg (11,29%). У зямной кары 2,35% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл.Магніевыя руды). Многа солей М. ў вадзе мораў і акіянаў, у прыродных расолах. Уваходзіць у састаў хларафілу. Адкрыты ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві. Серабрыста-белы лёгкі метал, tпл 650 °C, шчыльн. 1740 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, моцны аднаўляльнік. На паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай магнію аксіду MgO, якая разбураецца пры награванні, пры т-ры ~600 °C згарае асляпляльна белым полымем з утварэннем MgO і нітрыду Mg3N2. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з кіпячай вадой і разбаўленымі к-тамі (пасівіруецца ў канцэнтраванай сернай і растворах плавікавай к-ты); пры награванні — з вадародам, галагенамі, борам, азотам, вугляродам, халькагенамі, крэмніем. Утварае шэраг магній-арганічных злучэнняў. У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыду MgCl2 з хларыдам калію і натрыю. Выкарыстоўваюць у вытв-сці магніевых сплаваў, для легіравання алюмініевых сплаваў і металатэрмічнага атрымання металаў (тытану, урану, цырконію, ванадыю і інш.), у сінтэзе магнійарган. злучэнняў і піратэхніцы (сумесі парашку М. з акісляльнікамі). Гл. таксама Магнію злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́Н (лац. Molybdaenum),
Mo, хімічны элемент VI групы перыяд.сістэмы, ат. н. 42, ат. м. 95,94. Прыродны М. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 92, 94—98, 100; найб. пашыраны 98Mo (23,75%). У зямной кары — 310−4% па масе (гл.Малібдэнавыя руды). Адкрыты ў 1778 швед. хімікам К.Шэеле; назва ад грэч. molybdos — свінец (з-за падабенства мінералаў М. і свінцу).
Светла-шэры метал, tпл 2623 °C, шчыльн. 10 200 кг/м³. Устойлівы на паветры, пры награванні вышэй за 600 °C хутка акісляецца да трыаксіду MoO3 (бясколерныя з зялёным адценнем крышталі, з воднымі растворамі шчолачаў і аміяку ўтварае малібдаты). Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з салянай і сернай к-тамі, раствараецца ў сумесі азотнай і сернай кіслот. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), парай серы (гл.Малібдэну дысульфіду); пры высокіх т-рах (1000—1500 °C) — з азотам, вугляродам, крэмніем (утварае дысіліцыд MoSi2 — цёмна-шэрыя крышталі, устойлівыя на паветры да 1500—1600 °C). Выкарыстоўваюць у асн. для легіравання сталей, а таксама для вытв-сці малібдэнавых сплаваў, як кампанент антыкаразійных сплаваў для хім. машынабудавання, для вырабу дэталей электралямпаў і электравакуумных прылад (напр., анодаў, катодаў, ніцей напальвання).
Літ.:
Зеликман АН. Молибден. М., 1970;
Популярная библиотека химических элементов. Кн. 1—2. 3 изд. М., 1983.