ІВАНО́Ў (Аляксандр Гаўрылавіч) (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.
Літ.:
Муратов Л. Александр Иванов. Л., 1968.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Аляксей Пятровіч) (22.9.1904, с. Чыжова Цвярской вобл., Расія — 27.2.1982),
рускі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Цвярскі пед. ін-т (1926), Ленінградскую кансерваторыю (1932). У 1938—67 саліст Вял. т-ра. Валодаў яркім моцным голасам, артыстызмам, драм. талентам. Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Фальстаф (аднайм. оперы Дж.Вердзі), Чорт, Мазепа («Чаравічкі», «Мазепа» П.Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пётр («Варожая сіла» А.Сярова), Пізара («Фідэліо» Л.Бетховена), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ). Аўтар кн. «Аб мастацтве спеваў» (1963), «Аб вакальным вобразе» (1968), «Жыццё артыста» (1978). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, 1950.
т. 7, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАШКО́Ў (Леанід Пятровіч) (н. 2.7.1939, в. Шылавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1995). Канд. мастацтвазнаўства (1989). Праф. (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965) і выкладае ў ёй (цяпер Бел. акадэмія музыкі). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру, высокай вак. культурай. Выступае пераважна як камерны спявак; першы выканаўца многіх вак. твораў, а таксама партый тэнара ў кантатах і араторыях бел. кампазітараў. Аўтар артыкулаў пра бел. оперных спевакоў, па гісторыі муз. культуры Беларусі. Сярод вучняў І.Краснадубскі, Г.Нікіцін, А.Тузлукоў, С.Франкоўскі, І.Шупеніч.
Тв.:
Рыцарь искусства // Музыка Мн., 1990;
Гісторыя вакальнага мастацтва Беларусі. Ч. 1. Мн. 1995.
т. 7, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 1.2.1955, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў (1986). З 1986 артыст т-ра муз. камедыі ў Растове-на-Доне, з 1991 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод партый у бел. т-ры; містэр Ікс, Эдвін, Тасіла («Прынцэса цырка», «Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Барынкай, князь Арлоўскі («Цыганскі барон», «Лятучая мыш» І.Штрауса), Мікіта Батурын («Халопка» М.Стрэльнікава). У яго канцэртным рэпертуары вак. творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. бел. (І.Лучанка, Э.Зарыцкага), кампазітараў, рус. нар. песні.
т. 7, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСМАГІ́ЛАЎ (Загір Гарыпавіч) (н. 8.1.1917, с. Серменева Беларэцкага р-на, Башкортастан),
башкірскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). З 1968 рэктар (з 1978 праф.) Ін-та мастацтваў ва Уфе. З юнацтва спяваў старадаўнія нар. песні, выступаў як кураіст-імправізатар. Сярод твораў: оперы «Салават Юлаеў» (паст. 1955), «Шаура» (паст. 1963), «Гюльзіфа» (1967), «Хвалі Агідэлі» (1972), «Паслы Урала» (1982), «Акмула» (1988); муз. камедыя «Сваячка» (1959); араторыя «Мы пераможцы» (1985); кантата «Я — расіянін»; вак.-сімф. паэма «Бессмяротнасць» (1975); творы для сімф. арк.; інстр. п’есы, цыкл хароў «Слова маці» (1972); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Башкортастана 1967, Дзярж. прэмія Расіі 1973.
т. 7, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́ЛАВА (Саадат) (н. 15.12.1925, г. Маргілан Ферганскай вобл., Узбекістан),
узбекская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1941—48 салістка Узб. т-ра муз. драмы і камедыі, у 1954—86 — Узб. т-ра оперы і балета. З 1969 выкладае ў Ташкенцкай кансерваторыі (з 1986 праф.). Яе творчасці характэрна спалучэнне еўрап. вак. тэхнікі з ярка нац. манерай выканання. Сярод партый у нац. операх: Лейлі («Лейлі і Меджнун» Р.Гліэра і Т.Садыкава), Дыларом («Дыларом» М.Ашрафі), Санабар («Хамза» С.Бабаева); у класічных — Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мімі («Багема» Дж.Пучыні).
т. 7, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Сяргей Валер’евіч) (н. 20.6.1961, г. Магілёў),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай бел. паэзіі (зб. арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.
Г.В.Кажамякін.
т. 7, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВУ́Р ((Cavour) Каміла Бенса) (10.8.1810, г. Турын, Італія — 6.6.1861),
адзін з гал. дзеячаў эпохі Рысарджымента ў Італіі, дыпламат. Граф. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1829). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Міністр земляробства, прам-сці і гандлю (1850—52), фінансаў (1851—52) і прэм’ер-міністр (1852—61, з перапынкам у 1859) Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1855 уцягнуў Сардзінію ў Крымскую вайну 1853—56. Заключыў тайны антыаўстр. саюз з Францыяй (1858), Турынскі дагавор 1860 (гл. ў арт. Аўстра-італа-французская вайна 1859). Выкарыстаў паход «Тысячы» на чале з Дж.Гарыбальдзі для заняцця Папскай вобл. і Сіцыліі. Пасля абвяшчэння аб’яднанага Італьян. каралеўства (сак. 1861) яго першы прэм’ер-міністр.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
М.А.Каладзінскі.
т. 7, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫДЫКЕ́ЕВА (Бакен) (20.10.1923, с. Акцябр Канцкага р-на, Кыргызстан — 1994),
кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1970). З 1936 працавала ў Кірг. т-ры юнага гледача, з 1944 у драм. т-ры (абодва ў г. Фрунзе). Сярод лепшых роляў: Айганыш («Курманбек» К.Джантошава), Жамал («Жывая вада» Дыйкамбаева), Айканыш («Зерне бессмяротнасці» А.Такамбаева), Сейдэ («Твар у твар» паводле Ч.Айтматава), Джэсі («Рускае пытанне» К.Сіманава), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Соф’я («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ганна («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Дэздэмона («Атэла» У.Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1970.
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)