ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,

баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЛЁНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА «ДЗВІНА́».

Дзейнічала на Беларусі з 1900 у маёнтку Язогнева (цяпер у межах Віцебска). Выпускала суровую і беленую льняную пражу і ніткі. Мела 10 аддзяленняў (матальнае, упаковачнае, сушыльнае, цюкавальнае і інш.). У 1900 дзейнічалі паравыя рухавікі (2) і катлы (6), у 1910—13 — 3 паравыя рухавікі. Сыравіна — лён трапаны і пакулле, паліва — дровы, з 1913 — торф. Працавала ад 335 (1900) да 1807 чал. У сав. час рэканструявана. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Бійск (Расія). У 1946 на базе ф-кі створаны дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»).

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.​Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.

А.​А.​Бельскі.

Віцебскі чыгуначны вакзал.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,

бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.​П.​Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.​В.​Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.​Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІ́ (сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч

(4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),

татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎКІНА (Соф’я Мікалаеўна) (н. 13.10.1915, Масква),

руская артыстка балета і педагог. Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1933; з 1995 Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі), з 1960 яго дырэктар. У 1933—59 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Яе мастацтву ўласцівы героіка-аптымістычны, тэмпераментны стыль выканання. Партыі: Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Зарэма, Мірэйль дэ Пуацье («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева). Сярод вучаніц: Н.Бяссмертнава, К.Міхальчанка, Н.​Грачова. Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)