насла́ць ​1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.

1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.

2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.

насла́ць ​2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.

1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.

2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).

3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рлы, ‑аў; адз. перл, ‑а, м.

1. Тое, што і жэмчуг. Там зліткі золата былі, І перлы, і каралы. Танк. Былі прадэманстраваны розныя тканіны: цяжкія парчовыя з шоўкавых, залатых і срэбных нітак, упрыгожаныя перламі і самацветамі. «ЛіМ». // перан.; чаго або якія. Каплі дажджу, расы і пад., якія блішчаць, пераліваюцца, як жэмчуг. Малады бярэзнік, які густа парос ля самай шашы, блішчаў тысячамі перлаў-расінак, што віселі і пераліваліся на лісцях. Сіўцоў. Ты чуйна слухаеш, прынік, Як звоняць перлы вадзяныя. Танк.

2. перан.; чаго. Пра што‑н. самае выдатнае, цудоўнае па сваіх якасцях. «Грубае жыццё» сапраўды пераплаўлялася ў грудзях паэта ў перлы паэзіі. Лойка. Вунь, злева, перл готыкі, збудаваны ў шаснаццатым стагоддзі касцёл Святой Ганны. Арабей. // Іран. Пра што‑н. бязглуздае, недарэчнае і пад. Тувім прыводзіць узор прадукцыі аднаго з .. [графаманаў]: Калі цябе ўбачыў, як кроіла сала, Маё сэрца зразу, як пёс у ваду, ўпала.. Нічым не горшыя перлы можна набраць з часопісаў, нават з некаторых кніг і ў нас. Лужанін.

•••

Рассыпа́ць перлы гл. рассыпаць.

[Фр. Perle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,

сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш. ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.

Аршанскі замак. Малюнак з карты.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

Да арт. Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.

Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСЦІ́Н Блажэнны

(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),

хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл. Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».

Літ.:

Бычков В.В. Эстетика Аврелия Августина. М., 1984.

Г.​У.​Грушавы.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол. ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Безааравы казёл: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГВА́РДЫЯ,

неафіцыйная назва ваенна-паліт. антыбальшавіцкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20, пазней — у эміграцыі. Назва «белыя» звязана з традыцыйнай сімволікай белага колеру — колеру прыхільнікаў правапарадку і ўлады манарха (у процілегласць чырвонаму — колеру рэвалюцыі). «Белы» рух меў на мэце звяржэнне сав. улады. Арганізатарамі і кіраўнікамі яго былі манархісты, партыі правых эсэраў, кадэтаў і меншавікоў. Лідэры Белай гвардыі (А.​І.​Дзянікін, А.​М.​Каледзін, А.​В.​Калчак, Л.​Г.​Карнілаў, П.​М.​Красноў, П.​М.​Урангель, М.​М.​Юдзеніч і інш.) камандавалі буйнымі вайск. злучэннямі, на падведамасных тэрыторыях стваралі свае ваенна-паліт. рэжымы (гл. Дзянікіна ўрад, Калчака ўрад, Урангеля ўрад і інш.). Пасля перамогі Чырв. Арміі ў грамадз. вайне і прыходу да ўлады бальшавікоў б.ч. белагвардзейцаў эмігрыравала (гл. Эміграцыя белая).

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)