горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
няха́й, часціца і злучнік.
1.часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець.Карпаў.А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле.Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас!Брыль.— Няхай будзе так, — згадзіўся Янка.Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце.Колас.[Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў.Паслядовіч.[Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны.Лынькоў.
2.часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.Якімовіч.Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя.Асіпенка.
3.часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш.Чорны.
4.злучнікуступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар.Глебка.// У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён.Колас.Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой.Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем.Данілевіч.
•••
Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць)гл. бог.
Няхай ведаюць (знаюць) нашыхгл. ведаць.
Няхай жыве!гл. жыць.
Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць)гл. качка.
Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немачгл. немач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1.абкім-чым, пракаго-што і здадан.сказам. Атрымаць, сабраць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. Дарэчы, аб смерці мне прыйшлося ўведаць на наступны вечар.Даніленка.— Мама, як вы можаце так гаварыць, не ўведаўшы чалавека? — А ты глядзі мне, а то ўведаеш, ды позна будзе...Паўлаў.— Што ўведалі новае пра Паддубнага? — спытаў .. [Злобіч], заглянуўшы ў палатку начальніка штаба.М. Ткачоў.[Тодзік:] — Мой бацька .. узрадаваўся, калі ўведаў, што мы згаварыліся пажаніцца.Чорны.// Выведаць што‑н. Ушыўся [Пракапчук] у гурт людзей, каб што-небудзь пачуць пра поезд. Але нічога пэўнага не ўведаў.Сабаленка.Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам і не ўведала!Мележ.// Дазнацца. [Іванчанка:] Люба!.. Клянуся табе, мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці.Кучар.[Уладзімір Андрэевіч:] — Пазней колькі ні спрабаваў дазнацца, як склаўся ягоны [Цярэнція] лёс, але нічога не ўведаў.Кухараў.
2. і здадан.сказам. Набыць веды адносна чаго‑н.; пазнаць што‑н. Афіцыйная навука, ды яшчэ — семінарская,.. не магла .. даць [Адаму Ягоравічу] і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што ўзяў ад кнігі.М. Стральцоў.За кароткі час хлапчук уведаў амаль усе гатункі яблынь, груш.Пальчэўскі.Усё, што ні стрэнецца дзеду, Уведаць яму так цікава.Колас.// Атрымаць належнае ўяўленне аб кім‑, чым‑н.; выявіць сутнасць чаго‑н. Будзе час таму-сяму навучыцца [Галі] ў старога брыгадзіра, падумаць, уведаць людзей, убачыць брыгадную гаспадарку.Ермаловіч.[Антанюк:] — Каб ты сама стала маці, То ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць.Шамякін.
3. Праверыць, зведаць на ўласным вопыце; зазнаць, перажыць. А Вера ўжо адчула, уведала смак нялюбай работы.Дуброўскі.Пасля, пад націскам ворага .. [хлопец з Дона] адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому і палону.Брыль.// і здадан.сказам. У форме буд. часу ўжываецца пры выказванні пагрозы. [Аня:] — Ты яшчэ ўведаеш, якая я!Карпюк.
4.каго. Убачыць каго‑н., пазнаёміцца з кім‑н. Не ўведаў Іван свайго сына, што ўжо нарадзіўся без яго...Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,
на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 34,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб.р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс.га, з іх асушана 19,9 тыс.га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛГАГРА́Д,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс.ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л.ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст.ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст.чыг., партовы і прамысл.цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял.Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф.прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр.Політэхн.ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горада АЭС.
Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн. раён нафтаздабычы ў краіне.
Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).
Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,
навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).