БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),

украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.

В.А.Чабаненка.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНІШКАЎСКІ КАЗІМІ́РАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ліпнішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1890 з цэглы і граніту. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая 2-ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асн. аб’ёму сіметрычна прыбудаваны невял. сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепта. Сцены абліцаваны гранітам, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Гал. ўваход вылучаны парталам.

Т.В.Габрусь.

Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЦКО́ (Анатоль Андрэевіч) (н. 4.8. 1952, г. Віцебск),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працуе ў тэхніках алейнага жывапісу, гуашы і акварэлі. Творы вызначаюцца кампазіцыйнай напружанасцю, кантрастнымі колеравымі спалучэннямі, падкрэсленай дэкаратыўнасцю; пейзаж у карцінах перадае праз урбаністычныя і асацыятыўныя імправізацыі: «Віцебску прысвячаецца» (1983), «Мой горад» (1987), «Мастак і яго мадэлі» (1988), «Жывы арганізм» (1990), «Мастак і горад» (1992), «Імправізацыя» (1997); серыі «Парушэнне экалогіі» (1987—89), «Горад над Дзвіной» (1987—97).

В.В.Шамшур.

А.Люцько. Імправізацыя. 1997.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАНКААДВО́Д,

прыстасаванне для аховы будынкаў, прамысл., трансп., с.-г. і інш. збудаванняў ад прамых удараў маланкі.

Складаецца з метал. стрыжня або троса, які ўзвышаецца над аб’ектам і злучаны з надзейным зазямленнем. Ахоўная зона М. з адным верт. стрыжнем мае форму конуса, радыус асновы якога роўны вышыні М. Правады зазямлення выбіраюцца так, каб не плавіліся токам маланкі пры адводзе зараду ў зямлю. М. часам няправільна наз. громаадводам. Метад аховы ад навальнічных разрадаў з дапамогай М. прапанаваў Б.Франклін.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.Коласа (на смерць Я.Купалы), «Памяці Б.В.Платонава» Г.Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.Грахоўскага (на смерць І.Мележа).

А.М.Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛА́ДА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне карысталася больш за 100 родаў, у т.л. Валіцкія, Заблоцкія, Завістоўскія, Кладніцкія, Ліпскія, Наскоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай падковы рагамі ўніз, на ёй залаты кавалерскі крыж, па баках сярэбраныя стрэлы наканечнікамі ўніз. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова каранаванага льва з мячом у правай лапе. Існуюць варыянты герба з блакітным полем, з павернутымі ўверх стрэламі і інш. Вядомы з пач. 15 ст.

Герб «Лада».

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі, праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),

удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.

У.П.Крук.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі. Існавала ў 1921—39. Утворана 1.3.1921. Пл. 36,8 тыс. км2, нас. 1131,4 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Брэст-над-Бугам. Падзялялася на 10 паветаў: Брэсцкі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Сарненскі, Столінскі. Пасля ўключэння Зах. Беларусі ў склад БССР (1939) на тэр. П.в. ў снеж. 1939 утвораны Брэсцкая і Пінская вобл. Сарненскі і Камень-Кашырскі пав. ўвайшлі ў Валынскую вобл. Украіны.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)