ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),

адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.

Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЕТЫ́ЗМ (франц. quiétisme ад лац. quietus спакойны, ціхамірны),

рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе містычна-пасіўныя адносіны да свету, абыякавасць да ўласнага выратавання, безумоўнае падпарадкаванне божай волі. Узнік у канцы 17 ст. як апазіцыйнае вучэнне ўнутры каталіцызму. Уяўляе сабой асаблівую разнавіднасць фаталізму і маральнага нігілізму. Афіц. кіраўніцтва каталіцкай царквы асуджала К., а яго 68 палажэнняў былі аб’яўлены ерассю. Асн. яго прадстаўнікі М.​Малінас (Іспанія) і Ж.-М.​Гюён (Францыя) правялі частку свайго жыцця ў зняволенні. Ідэі бяздзейнасці і абыякавасці да пакут развіў у сваім вучэнні А.​Шапенгаўэр. У пераносным сэнсе К. — пасіўнасць, непраціўленне, бяздзейнасць, сузіральніцтва.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ Я́МА ў фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым па-за яе межамі. Тэрмін «П.я.» звязаны з выглядам графіка залежнасці патэнцыяльнай энергіі часціцы ад каардынат. Характарызуецца шырынёй (адлегласцю, на якой праяўляюцца сілы прыцяжэння) і глыбінёй (рознасцю патэнцыяльных энергій часціцы на «беразе» ямы і на яе «дне», якое адпавядае найменшай патэнцыяльнай энергіі). Асн. ўласцівасць — здольнасць утрымліваць часціцу, поўная энергія якой меншая за глыбіню П.я. Такая часціца ўнутры П.я. знаходзіцца ў звязаным стане, у квантавай тэорыі энергія такой часціцы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні.

Патэнцыяльная яма: ε — поўная энергія часціцы, V0 — глыбіня патэнцыяльнай ямы.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ ЭНЕ́РГІЯ,

значэнне энергіі сістэмы ферміёнаў, ніжэй якога пры абсалютным нулі т-ры ўсе энергет. станы сістэмы занятыя. Існаванне Ф.э. вынікае з Паўлі прынцыпу, паводле якога ў адным стане не можа знаходзіцца больш за 1 ферміён.

Значэнне Ф.э. істотна залежыць ад уласцівасцей сістэмы. Для выраджанага фермі-газу Ф.э. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу, ферміёны ў імпульснай прасторы займаюць станы ўнутры сферы. Газ электронаў праводнасці ў металах і выраджаных паўправадніках запаўняе паверхню больш складанай формы (гл. Фермі паверхня). Паняццем Ф.э. карыстаюцца ў фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, астрафізіцы і інш. Гл. таксама Фермі ўзровень.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАКО́Ў Сяргей Віктаравіч (н. 13.1.1948, г. Веймар, Германія),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (2001). Скончыў Бел. нац. тэхн. ун-т (1972), дзе і працуе (з 1998 праф. кафедры). Навук. працы па разліку канструкцый на пругкай аснове і ўнутры яе. Абагульніў спосаб акад. Б.​М.​Жэмачкіна разліку канструкцый на пругкай аснове, развіў метад В.​Рытца ў адносінах да статыкі і ўстойлівасці стрыжняў і пліт на пругкіх асновах.

Тв.:

Метод Ритца в примерах и задачах по строительной механике и теории упругости. Мн., 2000;

Статистические расчеты плит на упругом основании. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уле́зці, -зу, -зеш, -зе; уле́з, -зла; уле́зь; зак., у што.

1. Пранікнуць, забрацца ўнутр чаго-н.

У. ў кабіну.

У. ў аўтобус (увайсці; разм.). У. ў кішэню (таксама перан.: тайком; з мэтай украсці што-н.). Карова ўлезла ў шкоду.

2. Умясціцца ўнутры чаго-н.

Нага не ўлезла ў бот.

Кнігі ўлезлі ў чамадан.

3. Умяшацца ў якую-н. справу (разм.).

У. ў размову.

◊

Колькі ўлезе (разм.) — уволю, колькі хочаш.

|| незак. ула́зіць, ула́жу, ула́зіш, ула́зіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кельт

(п.-лац. celtus = долата)

старажытны полы ўнутры бронзавы тапор з каленчатым дзяржаннем, які быў распаўсюджаны ў 2—1 тысячагоддзях да н.э.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ (Chloropidae),

сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).

Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сістэма мерапрыемстваў, якія вызначаюць найб. прыярытэтныя кірункі інвестыцый (капітальных укладанняў). Вызначае аб’ём, структуру і кірункі ўкладанняў капіталу ўнутры гасп. аб’екта (фірмы, прадпрыемства), рэгіёна, краіны і за іх межамі з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку і інш. Ва ўмовах пераходнага перыяду да рынку і пераадолення крызісных сітуацый найперш забяспечваецца навук. абгрунтаванне І.п. на перспектыву, узгадняецца практыка прагназавання інвестыцый з новым гасп. механізмам, чым забяспечваецца радыкальнае паляпшэнне выкарыстання доўгатэрміновых укладанняў, павышэнне іх эфектыўнасці як умовы паскарэння сац.-эканам. развіцця краіны. Уплыў дзярж. рэгулявання на І.п. ажыццяўляецца праз механізм падаткаабкладання, амартызацыйную палітыку, парадак прадастаўлення бюджэтных асігнаванняў на фінансаванне інвестыцый і інш. эканам. метады.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)