МУСІ́НСКІ Сяргей Сцяпанавіч (н. 21.9.1920, с. Лісіцына Велікаўсцюжскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1952). У 1960—67 і з 1969 кіраўнік майстэрні ў ін-це «Мінскпраект», у 1967—69 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». Асн. работы: у Мінску — праекты забудовы пл. Калініна (1954—62), планіроўкі і забудовы 2-й чаргі праспекта Скарыны (1958—64), будынак гарвыканкома (1964), Палац мастацтваў (1973; цяпер рэсп. Мастацкая галерэя); комплексы 5—14-павярховых інтэрнатаў па вуліцах Сурганава, Цнянскай, Металістаў (усе 1969—79), фантан «Юнацтва» каля гасцініцы «Мінск» (1978, усе ў сааўт.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, кіраўнік аўтарскага калектыву); санаторны комплекс «Беларусь» у Сочы (Расія; 1953—68), мемар. комплекс «Вязынка» ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на (1972), будынак аблвыканкома ў Гомелі (1974), Дом Саветаў у г. Шчучын Гродзенскай вобл. (1979, усе ў сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

С.С.Мусінскі.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРД I Львінае Сэрца

(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),

кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.

Літ.:

Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;

Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;

Ростов н/Д, 1997.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДЭЛЬ Леанід Ісакавіч (н. 14.8.1933, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. кампазітар. Скончыў Крыварожскі горна-рудны ін-т (1956), Бел. кансерваторыю (1968, кл. А.​Багатырова). Працаваў у Крыварожскім НДІ мех. апрацоўкі чорных металаў. З 1963 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та і дзіцячага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча, з 1974 — Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве. Аўтар музыкі для дзяцей і юнацтва, якая вызначаецца меладызмам і прастатой апрацовак бел. нар. песень для дзіцячага, мяшанага і жаночага хароў. Сярод твораў: сімфонія, кантаты «Размова з сынам» (абедзве 1968), «Рознакаляровая зямля» (1975), араторыя «Дзень добры, родны край» (1983), сюіта для дзіцячага хору і нар. арк. «Беларускія карцінкі» (1981), харавы цыкл «У заапарку» (1979—87), вак.-харэагр. кампазіцыя «Нам хораша жыць» (1983); балады для хору і сімф. арк. «Лаўскі бой» (1982) і «Песня лясных волатаў» (1987) і інш.; музыка для спектакляў. З 1990 жыве за МЯЖОЙ.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́ВІЧ Зміцер Рыгоравіч (н. 8.8.1912, в. Сухое Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. З 1929 у Мінску. Працаваў у Радыёцэнтры Беларусі. Вучыўся ў Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1932). У 1933 рэпрэсіраваны. У 1935 вярнуўся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Працаваў на фанернай ф-цы ў Мазыры. У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1945 у газ. «За честь Родины» (Вена). З 1950 у газ. «Зищитник Родины» (Адэса). У 1956—61 у газ. Паўд. групы войск «Ленинское знамя» (Будапешт). З 1961 жыве ў Адэсе. Дэбютаваў вершамі на бел. мове ў 1930 (пад псеўд. Змітро Віталін). Аўтар зб. вершаў «Будзем жыць!» (1932). У Адэсе пад сваім прозвішчам на рус. мове выдаў кнігі прозы пераважна на ваен. тэматыку: «На блакітным Дунаі» (1955), «Першы бой» (1957), «Прывітанне з юнацтва» (1964), «Трывожная восень» (1966), «Высокі востраў» (1969), «Маршавая рота» (1971), «Навальніца на світанні» (1973), «Сосны пасярод поля» (1975), «Добрыя прыкметы» (1978), «Няма апошніх рубяжоў» (1982) і інш.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗРО́СТАВАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ галіна псіхал. навукі, якая вывучае заканамернасці этапаў псіхічнага развіцця і фарміравання асобы на працягу антагенезу чалавека ад нараджэння да старасці. Як самаст. галіна ведаў сфарміравалася ў канцы 19 ст. Асн. раздзелы: дзіцячая псіхалогія, псіхалогія падлетка, псіхалогія ранняга юнацтва, псіхалогія дарослага чалавека, псіхалогія старасці (геронтапсіхалогія) і інш. Пры вывучэнні кожнага ўзроставага перыяду ўлічвае агульныя тэндэнцыі развіцця, асаблівасці папярэдняга і наступнага ўзросту. У.п. даследуе ўзроставую дынаміку псіхічных працэсаў з улікам уплыву на індывід. развіццё чалавека культ.-гіст., этн. і сац.-эканам. умоў, раскрывае псіхал. змест паслядоўных этапаў фарміравання асн. структур псіхікі індывіда. Паколькі псіхічнае развіццё чалавека ажыццяўляецца ў працэсе навучання і выхавання, У.п. цесна звязана з педагагічнай псіхалогіяй.

Літ.:

Выготский Л.С. Проблема возраста//Собр. соч. М., 1984. Т. 4;

Возрастная и педагогическая психология: Тексты. М., 1992;

Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.

т. 16, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ШЧАНКА Леанід Аляксандравіч (н. 29.8.1941, в. Нагульная Тарасаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. Выканаўца роляў маладых герояў, станоўчых персанажаў: Раман («Сіні снег» Я.​Шабана), Заслонаў («Паядынак» М.​Матукоўскага), Фелікс («Юнацтва рыцара» В.​Зуба), Міця («З любімымі не расставайцеся» А.​Валодзіна), герцаг Арсіна («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Д’Артаньян («Тры мушкецёры» паводле А.​Дзюма-бацькі), Келер («Стваральніца цуду» У.​Гібсана). Асаблівасці творчай індывідуальнасці акцёра выявіліся ў характарных ролях: Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова), Гарэцкі («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Кальмон, Тарталля («Зялёная птушка», «Шчаслівыя жабракі» К.​Гоцы), кот Базыль («Палёт у краіну мрояў» М.​Варфаламеева), Тата («Ніхто не паверыць» паводле Я.​Экхольма). Аўтар цыклаў радыёпастановак «Казкі дзядзечкі Рымуса» (1997—98), «Казачныя літары» (2000—01) і інш. Кіраўнік дзіцячай тэатр. студыі «Надзея» (з 1995). Аўтар кн. для дзяцей «Як Верабейка сябра шукаў» (1981), «Птушка шчасця» (1991).

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЙ,

бел. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва. Браты. Нарадзіліся ў в. Хомічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.

Пётр Міхайлавіч (н. 5.3.1946). Скончыў Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1973). Творы вылучаюцца поліфанізмам формы і колеру. Аўтар дэкар. талерак «Бэз» (1974), «Збор ураджаю» (1975), «Раніца» (1976), «Хакеісты» (1978), «Шахматы», «Ураджай» (абедзве 1979), кампазіцыі «Нацюрморт з хлебам» (1984), скульптур «Пажарнік», «Песня» (абедзве 1974), «Салдатушкі» (1975). Працуе таксама ў жывапісе: «Тры браты» (1996), «Над Сожам» (1997), «Асенні матыў» (1998), «Над Прыпяццю» (2000), «Дняпроўскія далягляды» і «У разведцы» (2001) і інш.

Васіль Міхайлавіч (27.4.1949—7.2.2001). Скончыў Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1972). Вял. ўвагу аддаваў пластычным магчымасцям матэрыялаў, далікатнаму выкарыстанню іх фактур і колеру. Аўтар дэкар. кампазіцый «Зімовы вечар» (1978), «Абуджэнне», «Лучнікі», «Птушка» (усе 1979), «Факелы» (1983), «Плады», «Партызанскія сцяжынкі» (абедзве 1984), «Рэстаўрацыя» (1985), «Белыя ветразі» (1987), «Наскальныя размалёўкі» (1988) і інш.

Выканалі ў Гомелі манум. работы: скульптуру «Юнацтва» (1976); дэкар. кампазіцыі «Стары прычал» (1979), «Першы дзень міру» (1984); дэкар. пластыку для шпіталя ветэранаў Вял. Айч. вайны (1999).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІГУРО́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (н. 7.12.1923, г. Чухлама Кастрамской вобл., Расія),

расійскі і бел. рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). У 1953—66 рэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1967 выкладае ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1995 праф.). На «Беларусьфільме» паставіў фільмы «Дзеці партызана» (1954, з Л.​Голубам), «Палеская легенда» (паводле апавяд. «Лес шуміць» У.​Караленкі, 1957, з П.​Васілеўскім), па ўласных сцэнарыях «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1968, сцэнарый з А.​Кучарам), «Веснавыя навальніцы» (1960), «Колькі лет, колькі зім!» (1966). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Апавяданні пра юнацтва» (1961) і «Рудабельская рэспубліка» (1972; паст. на кінастудыі «Беларусьфільм»), «Калі дрэвы былі вялікія» (1962), «Вясна на Одэры» (1968), «Злачынства і кара» (паводле Ф.​Дастаеўскага, 1970, з Л.​Куліджанавым), «Мора ў агні» (1972, з Л.​Саакавым), «Аповесць пра двух салдатаў» (1977, з У.​Умарбекавым, Дзярж. прэмія Узбекістана 1977), «Жанчына здалёк» (1979), «Рэпартаж з лініі агню» (1985) і інш. Аўтар рамана «Знак Вадалея» (кн. 1—2, 1985—2003).

т. 16, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛА́КІ Міхаіл Іванавіч (19.11.1908, г. Сімферопаль, Рэспубліка Крым — 29.1.1989),

расійскі кампазітар, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931, кл. кампазіцыі У.​Шчарбачова). У 1937—39 дырэктар і маст. кіраўнік Ленінградскай філармоніі. З 1951 працаваў у К-це па справах мастацтваў пры СМ СССР, у Мін-ве культуры СССР. У 1955—59 і ў 1963—70 дырэктар і маст. кіраўнік Вял. т-ра ў Маскве. З 1933 выкладаў у Ленінградскай, з 1948 — у Маскоўскай (з 1962 праф.) кансерваторыях. Сярод твораў: балеты «Казка пра папа і работніка яго Балду» (паст. 1940), «Уяўны жаніх» (паст. 1946), «Юнацтва» (паст. 1947), «Іван Грозны» (на аснове музыкі С.​Пракоф’ева да аднайм. балета, паст. 1975); опера «Малады марак сусвету» (1977); 4 сімфоніі (1930—87), сімф. цыкл «Песні і танцы старой Францыі» (1959), кантаты. Аўтар кніг «Інструменты сімфанічнага аркестра» (1950), «Жывыя ў памяці маёй» (1990), муз.-крытычных артыкулаў. З 1948 сакратар Саюза кампазітараў СССР, з 1959 — Саюза кампазітараў Расіі. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1950.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫКЕ́Т (ад франц. étiquette),

сукупнасць правіл і форм паводзін, вызначаны парадак зносін у пэўным сац. асяроддзі; частка знешняй культуры грамадства. Э. уключае паводзіны ў грамадскіх месцах, формы звароту і прывітання, адзенне, манеры, уменне паводзіць сябе за сталом, сустракаць і праводзіць гасцей і г.д. Адрозніваюць Э. агульнаграмадз., дыпламат., вайсковы, прыдворны, вышэйшага свету і да т.п. Ужо ў творах Платона, Арыстоцеля, Р.​Дэкарта падкрэслівалася роля выхавання і пачцівасці. Эразм Ратэрдамскі ў кнізе «Аб правілах добрага тону» пісаў пра ролю ветлівасці і паважальнага тону, каб зрабіць зносіны як мага больш прыемнымі. Першы ў Расіі збор прыстойных манер выдадзены ў 1717 пад назвай «Юнацтва сумленнае люстэрка, або Наказ для жыццёвага абыходжання». Выхаванне пачцівасці і тактоўных паводзін адбываецца найперш у сям’і. Гл. таксама Манера, Такт.

Літ.:

Васильев-Гангнус Л. Правила этикета. М., 1992;

Вольф И. Современный этикет. М., 1997;

Панкеев И. Обычаи и традиции русского народа. М., 1999;

Кондиченко Л.К., Симонова С.М. Культура этикета. Мн., 2002;

Лаптенок С.Д. Этика и этикет. Мн., 2002.

Э.​В.​Шыкунова.

т. 18, кн. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)