І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА электрычная машына, якая ператварае энергію мех. ў эл. пераменнага току (генератар), эл. энергію пераменнага току ў мех. (рухавік) або ў эл. энергію інш. напружання ці частаты (пераўтваральнік). Бываюць сінхронныя (найчасцей выкарыстоўваюцца як генератары; гл. Сінхронная машына) і асінхронныя (калектарныя машыны і бескалектарныя, найчасцей выкарыстоўваюцца як рухавікі; гл. Асінхронная машына); адна- і мнагафазныя. Сінхронныя і асінхронныя П.т.м. абарачальныя: могуць працаваць у рэжыме генератара і рухавіка. З’яўляюцца таксама састаўной ч. электрамашынных каскадаў (гл. ў арт. Каскад) і выкарыстоўваюцца як мікраэлектрамашыны.

Генератары пераменнага току (ГПТ) падзяляюцца на асінхронныя генератары (мелі абмежаванае выкарыстанне, пераважна ў аўтаномных сістэмах электрасілкавання) і сінхронныя генератары (да 1970-х т. амаль цалкам замянілі асінхронныя). Магутныя ГПТ устанаўліваюць на электрастанцыях (гідрагенератары, турбагенератары), невял. магутнасці — у сістэмах аўтаномнага энергазабеспячэння (на дызельных электрастанцыях, газатурбінных электрастанцыях), у пераўтваральніках электрычных. Рухавікі пераменнага току (РПТ) — падзяляюцца на асінхронныя электрарухавікі (найб. пашыраны 3-фазныя з каротказамкнутым ротарам) і сінхронныя электрарухавікі (выкарыстоўваюцца ў электрапрыводах і для кампенсацыі рэактыўнай Магутнасці ў эл. сетках). Разнавіднасць РПТ — лінейны электрарухавік, які ператварае эл. энергію ў механічную без вярчальных частак (па незамкнёнай лініі). Спец. тып П.т.м. — мікрамашыны магутнасцю ад долей вата да соцень ват. Гэта мікрарухавікі, тахагенератары, паваротныя трансфарматары, сельсіны і інш. (бываюць і пастаяннага току). Частата вярчэння ротара да 300 тыс. аб/мін. Выкарыстоўваюцца ў механізмах прывода і кіравання лятальных апаратаў, суднаў, электра- і радыёпрыладах і інш.

У.​М.​Сацута.

Прынцыповая схема пераменнага току машыны: A, B — кольцы з накладзенымі на іх шчоткамі, да якіх падключаецца вонкавы ланцуг; N, S — нерухомыя полюсы пастаяннага магніта; abcd — віток правадніка, укладзены на ферамагнітны асяродак.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сілавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які выпрацоўвае або перадае электрычную энергію для якіх‑н. работ. Сілавая станцыя. Сілавы кабель. Атамная сілавая ўстаноўка. // Які пераўтварае электрычную энергію. Сілавая падстанцыя. Сілавы трансфарматар.

2. Спец. Які выкарыстоўваецца для атрымання якой‑н. энергіі або выканання якой‑н. работы. Сілавы электрамагніт.

3. У тэхніцы — які ажыццяўляецца пры павялічанай скорасці падачы рэжучага інструмента. Сілавое рэзанне. Сілавое фрэзераванне.

4. У спорце — звязаны з прымяненнем значнай фізічнай сілы. Комплекс сілавых практыкаванняў. Сілавы трук. Сілавы прыём.

5. У фізіцы — звязаны з праяўленнем якіх‑н. сіл (магнітных. электрычных і пад.). Сілавыя лініі. Сілавое поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРО́ВАД электрычны,

металічны праваднік эл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетак эл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2 з эл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).

Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец. канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2 з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэлегра́ф

(ад тэле- + -граф)

1) сістэма сувязі, якая забяспечвае прыём і хуткую перадачу паведамленняў на адлегласць пры дапамозе электрычных сігналаў па правадах;

2) прадпрыемства сувязі, якое ажыццяўляе прыём, перадачу і дастаўку тэлеграм.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фасфе́н

(ад гр. phos = святло + phaino = паказваю)

зрокавае адчуванне колеру, якое ўзнікае ў чалавека без уздзеяння святла на вока, пры механічных, хімічных і электрычных раздражненнях сятчаткі або зрокавых участкаў кары галаўнога мозгу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анізатрапі́я

(ад аніза- + -трапія)

1) неаднолькавасць фізічных уласцівасцей рэчыва (напр. механічных, аптычных, электрычных) па розных напрамках унутры яго (проціл. ізатрапія);

2) здольнасць органаў расліны набываць рознае становішча пры аднолькавым уздзеянні фактараў знешняга асяроддзя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

альтэра́цыя

(лац. alteratio = змяненне)

1) муз. павышэнне або паніжэнне гуку на паўтону або на тон;

2) біял. змяненне функцыі і будовы клетак, тканак і органаў пад уплывам механічных, электрычных, хімічных і іншых пашкоджанняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэлефо́н

(ад тэле- + -фон)

1) від сувязі, які дае магчымасць перадаваць вусную размову на адлегласць пры дапамозе электрычных сігналаў па правадах;

2) электраакустычны апарат для перадачы і прыёму моўнай інфармацыі; нумар такога апарата.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

канве́кцыя

(лац. convectio = прывоз, прынясенне)

1) перанос цяпла або электрычных зарадаў струменямі паветра, пары або вадкасці;

2) водаабмен паміж верхнімі і ніжнімі слаямі ў морах і азёрах, выкліканы змяненнем шчыльнасці вады, рознасцю тэмператур і салёнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)