чэмпіён, ‑а, м.

Званне пераможцы ў спартыўных спаборніцтвах, гульнях на першынство, а таксама асоба або каманда, удастоеныя такога звання. Чэмпіён свету. □ Павел любіў спорт. Але яшчэ больш любіў фізіку, а чэмпіёнам не зрабіўся толькі таму, што не хапіла часу для трэніровак. Шыцік. [Марына Паўлаўна:] — Ігар заняў першае месца па Саюзу па плаванню. Чэмпіён... Як я рада. Васілевіч.

•••

Абсалютны чэмпіён — спартсмен, які атрымаў найбольшую колькасць ачкоў у спаборніцтвах.

[Англ. — champion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́льнік, ‑а, м.

Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́віш, ‑а, м. і кла́віша, ‑ы, ж.

1. Пласцінка ў музычным інструменце (фартэпіяна, баяне і інш.), якую націскаюць пальцам для атрымання гуку. Павел сеў за піяніна. Прабег пальцамі па клавішах. Мелодыя паплыла па пакоі. Шыцік. Па клавішах скачуць пальцы гарманіста. Бядуля.

2. Наканечнік рычажка ў розных механізмах (тэлефонным апараце, пішучай машынцы і пад.), які прыводзіцца ў рух пальцамі. Клавішы машынкі. □ [Хлопец] шчоўкнуў клавішам радыёлы, і кватэру запоўніла музыка. Хомчанка.

[Польск. klawisz ад лац. clavis — ключ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мало́дшы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому менш год у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая Ніна. Шыцік.

2. Ніжэйшы чынам, ніжэйшы па службоваму становішчу. Малодшы персанал. □ [Вейс] успомніў, што да гэтага часу не з’явіліся ў камендатуру яго два малодшыя афіцэры. Лынькоў.

3. Пачатковы, ніжэйшы (пра клас, курс і пад.). [Андрэй:] — У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін.

•••

Малодшы лейтэнант гл. лейтэнант.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жанглёр, ‑а, м.

Цыркавы артыст, які спрытна падкідвае і ловіць адначасова некалькі прадметаў. Схапіўшы дзве ладныя цагліны, .. [Сяргей] пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр. Шыцік. // перан. Пра таго, хто спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. — Ты, калега, убачыў за адозвай гуртка славянафілаў толькі апаганьванне чыстых парываў рускай народнай душы, а трэба бачыць спрытнага штукара-жанглёра, які пачынае гуляць з такімі рэчамі, як народ, нацыя, вайна. Галавач.

[Фр. jongleur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздуць.

2. у знач. прым. Разм. Павялічаны ў аб’ёме, уздуты. Зброі ў .. [Жэнькі] не было бачна, але Таццяна звярнула ўвагу на адтапыранае крысо кажуха і на раздутыя кішэні. Шамякін. Піліп — наш сусед, і ў яго сапраўды быў вол, шэры, худы, з раздутым, пераплеценым жыламі жыватом. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Непамерна павялічаны, неапраўдана вялікі. — У нашым цэху празмерна раздутае сярэдняе звяно. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́рамна, прысл.

1. Брыдка, няёмка. Не бядуй, мая старая, Сёння сорамна ліць слёзы. Тарас. — Сорамна адракацца ад старых сяброў, Крон. Шыцік.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра пачуццё сораму, што адчувае хто‑н. — А мне перад людзьмі сорамна, каб мой сын на казённых харчах вучыўся. Пальчэўскі. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант [Даміра] не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

•••

Сорамна сказаць гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прытрымліваецца эканоміі (у 1 знач.), беражліва, ашчадна расходуе што‑н. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. Шыцік. // перан. Дакладна разлічаны, скупы. Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. // Стрыманы, умераны ў праяўленні чаго‑н. Эканомны ў словах і ўчынках.

2. Які патрабуе меншых затрат, дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю чаго‑н.; эканамічны. Мастацкая дэталь — гэта найбольш эканомны сродак раскрыцця думак. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Паставіць на другое месца. Пераставіць лямпу на другі стол. □ [Волька] узяла кветкі і пераставіла на акно, каб не так кідаліся ў вочы. Мікуліч. // Разм. Замяніць парадак чаго‑н. Пераставіць словы ў сказе. □ Можна напісаць на гэту тэму другі твор, .. але ў гэтым — ні замяніць, ні пераставіць нічога нельга, усё зроблена па закону абумоўленасці і неабходнасці. «Полымя».

2. што. Расставіць што‑н. іначай, на іншыя месцы. [Зіна] не толькі прыбрала, а і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту. Шыцік. Але аднойчы я прынесла смятану з крамы, і слоікі ў халадзільніку выпадкова пераставіла. Савіцкі. // каго. Разм. Размясціць каго‑н. больш зручна для выканання якіх‑н. абавязкаў. Пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць меншай колькасцю рабочых. Шыцік.

3. што. Пабудаваць, зрабіць нанава (хату, печ і пад.), перарабіць. Я з бацькам дуб пілую на штандары (Патрэбна ў хаце пераставіць печ). Гаўрусёў.

4. што. Разм. Перамяніць, перайначыць. — Чалавек, калі захоча, натуру можа пераставіць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)