няве́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Дзяўчына (або жанчына), якая выходзіць замуж; маладая. Нявеста была, як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. // Дзяўчына (або жанчына), якая мае жаніха; будучая жонка. Партызаны здзіўлена паглядзелі на маладых людзей. А Віктар.., падышоўшы да Бярозіна, сказаў, нібы бацьку: — Васіль Макаравіч, гэта мая нявеста, Наташа. Шчарбатаў. // Аб маладой дзяўчыне, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. [Зіна:] — У Фросі дочкі — ужо нявесты. Адна восенню ў інстытут будзе паступаць. Другая ў дзевяты клас перайшла... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашэ́нне, ‑я, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).
2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.
3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.
4. Адказ да задачы, красворда і пад.
•••
Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Імкліва кінуцца, накіравацца куды‑н. ці за кім‑н. Рынуцца ў бой. □ Парфенчык на хвіліну спыніўся, а потым рынуўся да месца стрэлу. Шчарбатаў. // Хлынуць (пра якую‑н. вадкасць). Калі мы праб’ём .. тунелі, вада рынецца ў першую велізарную трубу. Даніленка. З Башкірыі сюды да нас Па трубах нафта рынецца... Барадулін. // перан. Цалкам аддацца якой‑н. дзейнасці. Рынуцца ў бой за ўраджай. □ Пайшоў .. [Ларывончык] у горад працаваць на скабяны завод, а адтуль з галавой рынуўся ў вір рэвалюцыйнай барацьбы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фізіяно́мія, ‑і, ж.
1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.
2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.
[Фр. phisionomie.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́мітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Доўгі вузкі кусок кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай. Здавалася,.. што іконы ў залачоных рамах, ахінутыя белымі льнянымі наміткамі і ручнікамі, вось-вось не вытрымаюць хістання цяжкага, гарачага духу хаты і ўпадуць. Паўлаў. / у перан. ужыв. Лёгкай наміткай слаўся па балоце шызы туман. Шчарбатаў. Поле было заслана наміткай сіняватай смугі, а лес за ім стаяў сіні-сіні. Навуменка.
2. Даўні галаўны ўбор замужніх жанчын. На яе галаве красуецца намітка з вышытымі канцамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.
1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.
2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.
•••
Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.
1. Павесіць у розных месцах (некалькі, шмат прадметаў). На сценах развесіў [агітатар] плакаты аб рабоце жывёлаводаў. Шчарбатаў. Убілі ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку. Лупсякоў.
2. Расцягнуўшы, расправіўшы, павесіць. Развесіць коўдру. □ Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка вобмацкам — агню не было. Чорны.
3. Шырока, у розныя бакі раскінуць (голле). Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас.
•••
Развесіць (распусціць) вушы (іран.) — слухаць даверліва, з цікаўнасцю.
Развесіць губы (іран.) — быць безуважным, пасіўнічаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стацыяна́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае пастаянную арганізацыю і месцазнаходжанне; не перасовачны. Стацыянарная бібліятэка. □ З кожным годам .. паляпшаецца кінаабслугоўванне насельніцтва, пашыраецца сетка перасовачных і стацыянарных установак. «Звязда». Як рабіць клеткі для стацыянарнага ўтрымання баброў, Малінін ведаў. Масарэнка.
2. Які знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы, не амбулаторны (пра хворага). Стацыянарны хворы. // Які абслугоўвае такіх хворых. На Горкай знаходзіўся стацыянарны шпіталь брыгады, і не адзін партызан .. залечваў тут свае раны. Шчарбатаў.
3. Спец. Умацаваны нерухома, не перасовачны. Стацыянарны рухавік.
4. Спец. Пастаянны, нязменны. Стацыянарнае электрычнае поле.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм. Уберагчы ад небяспекі, гібелі, знішчэння; захаваць жывым, выратаваць. Яны [браты] ўратавалі Радзіму ад згубы, Сваю ж маладосць Не змаглі ўберагчы. І. Калеснік. Шкада бацьку расставацца з дзецьмі, але што зробіш: у гэтай завірусе таксама іх не ўратаваць. Шчарбатаў. [Кірыла] ішоў разам з людзьмі, стомлены, але задаволены, што зрабілі важную справу — уратавалі хлеб. Гурскі. // Захаваць, зберагчы, пазбавіць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Лугавец:] — У засушлівыя гады, перакрыўшы шлюзы, мы ўратуем тарфянікі ад перасушкі... Краўчанка. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фі́нка 1,
гл. фіны.
фі́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Разм. Тое, што і фінскі нож. [Бярозін] убачыў, як збялелы Тамілін, стоячы на каленях, разразаў фінкай рукаў і крывіўся ад болю. Шчарбатаў.
2. Круглая шапка з футравым адкладным аколышкам. З-пад нахлабучанае фінкі .. [чалавек] паднімаў пару невыразныя ў змроку вачэй. Гартны.
3. Паўночная парода коней, пашыраная ў Фінляндыі.
4. Лёгкая шлюпка з вострай формай носа і кармы.
фі́нка 3, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і фіна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)