буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,
узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс.чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэнні нар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.Манюшка, Л.Пац, Д.Радзівіл, М.Абрамовіч, Любаўскі, Р.Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач.кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс.чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),
польскі мастак; стваральнік нац.гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.Статлера і У.Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л.бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.Дзітла (1864), М.Каперніка (1875), К.Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).
Я.Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.Я.Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.
Літ.:
Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;
Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;
Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫпа землеўладанні і землекарыстанні,
сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн.дзес. (78,4%) да 4,1 млн.дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.
Літ.:
Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;
Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:
Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ.шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ.шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч.шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхтыВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.