грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у т. л. Я.Золака, М.Кавыля, Л.Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗО́РКІ»,
дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Бядулі, Я.Журбы, М.Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСКУ́ССТВО»,
часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С НА ВА́РЦЕ»,
часопіс. Выдаваўся ў ліст. 1943 — чэрв. 1944 у Мінску на бел. мове пад кантролем герм.акупац. улад. Прызначаўся для беларусаў, якія знаходзіліся на службе ў фаш. і нацыяналістычных вайсковых і ваенізаваных фарміраваннях (паліцыі, атрадах СС, СД і інш.). Усхваляў гітлераўскіх акупантаў і іх паслугачоў, прапагандаваў ідэі нацыяналізму, заклікаў беларусаў да ўзбр. барацьбы супраць сав. улады. Друкаваў артыкулы, нарысы, апавяданні пра барацьбу з партызанамі. Выйшла 10 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,
навуковы, культ.-асветны і літ.часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРНИ́ЦЫ»,
літаратурна-мастацкі часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў Гомелі з 26.11(9.12).1911 да 15(28).6.1912 адзін раз у 2 тыдні на рус. мове. Спрыяў яднанню маладых пісьменнікаў, крытыкаў і публіцыстаў. У паэзіі пераважалі элегічныя матывы С.Надсана і ранніх сімвалістаў, апавяданні больш нагадвалі эскізы на мясцовыя тэмы, чым закончаныя творы. Змяшчаў літ.-крытычныя ацэнкі творчасці І.Нікіціна, Надсана, К.Бальмонта, М.Дабралюбава, музыкі Ф.Ліста, М.Рымскага-Корсакава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМУНІСТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ»,
педагагічны, паліт.-асв. часопіс. Выдаваўся ў 1924—36 у Мінску, друкаваў матэрыялы на бел. і рус. мовах. Да 1929 наз. «Асвета», з 1930 — «К.в.», у 1940—60 — «Савецкая школа», у 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» і атрымаў назву «Народная асвета». Выйшла 110 нумароў. Асвятляў пытанні ўсеагульнага навучання ў БССР, методыкі і арг-цыі навуч. працэсу ў школе, змяшчаў крытыка-бібліягр. агляды кніг на пед. тэмы, школьных падручнікаў, дапаможнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕДАГОГИ́ЧЕСКОЕ ДЕ́ЛО»,
грамадска-педагагічны часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў 1911—14 на рус. мове Гродзенскім педагагічным таварыствам. Рэдактары І.І.Астравумаў і Дз.М.Кропатаў. Меў 2 самаст. часткі; матэрыялы для настаўнікаў і бацькоў і матэрыялы для вучняў. Друкаваліся метадычныя распрацоўкі, бібліягр. агляды, справаздачы аб пед. курсах і вучнёўскіх экскурсіях, маст. творы, нататкі бел. настаўнікаў. Да ўдзелу ў выданні часопіса прыцягваліся вучні мясц.навуч. устаноў. Выдадзена 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ МО́ВА»,
мовазнаўчы часопіс. Выходзіў у 1930—31 у Вільні на бел. мове. Змяшчаў артыкулы па гісторыі бел. мовы, фанетыцы, дыялекталогіі, праблемах арфаграфіі і граматыкі літ. мовы, лексікалогіі і культуры мовы, метадычныя рэкамендацыі па зборы бел. тапанімікі і антрапаніміі і інш. Рэдактар Я.Станкевіч. Друкаваўся адметнай графікай (з j, r), выкарыстоўваў лексемы-наватворы, у т. л. лінгвістычныя тэрміны, словаўтваральныя варыянты, з мэтай укаранення іх у літ. мову («хворма», «тэндэнца», «заjмя»). Выйшла 6 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ ПРЫРО́ДА»,
грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.