ГРА́БЕ ((Grabbe) Крысціян Дзітрых) (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),

нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПКО́Ў (Віктар Яфімавіч) (9.3.1932, Масква — 12.11.1974),

расійскі жывапісец; прадстаўнік «суровага стылю». Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1958). Творы вызначаюцца эмац. узвышанасцю, экспрэсіўнасцю прыглушанага каларыту, плоскаснасцю і лапідарнасцю кампазіцыі, псіхалагізмам і шматпланавасцю вобразаў: цыкл «Роздумы пра жыццё» (1960—70-я г.), «Будаўнікі Брацкай ГЭС» (1960—61), «Партрэт Ігумнава» (1963), «Уладзімірскія мастакі» (1965), «Двое», «Успаміны. Удовы» (абодва 1966), «Паўночная песня» (1968), «Шынель бацькі» (1972), «Добры чалавек была бабка Анісся» (1973), «Восеньскія дажджы» («Пушкін», 1974) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1975.

Літ.:

Манин В. Виктор Попков. М., 1989.

В.Папкоў Успаміны. Удовы. 1966.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 7.5.1930, г. Смаленск, Расія),

расійскі паліт. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1961 у апараце Прэзідыума Вярх. Савета СССР і ЦК КПСС. З 1989 1-ы нам., у 1990—91 старшыня Вярх. Савета СССР. Пасля жнівеньскіх падзей 1991 да снеж. 1992 знаходзіўся пад арыштам. З 1995 старшыня к-та Дзярж думы Федэральнага сходу Рас. Федэрацыі па заканадаўстве і судова-прававой рэформе. Аўтар паэт. зборнікаў «Сугучча» (псеўданім — А.​Осенеў), «Вершы з турмы», «Песня пратэсту». На яго вершы І.​Лучанок напісаў цыкл песень.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮ́БАНЬ»,

доследны рыбгас. Створаны ў 1967 у г. Любань Мінскай вобл. як рыбакамбінат «Любань», з 1988 сучасная назва. «Л.» — поўнасістэмная гаспадарка (забяспечвае поўны цыкл вырошчвання рыбы ад ікры да таварнай прадукцыі), мае сажалкі матачныя, нераставыя, мальковыя, вырошчвальныя, зімавальныя і нагульныя агульнай пл. больш за 3000 га. Вытв. магутнасць прадпрыемства па выпуску таварнай рыбы 1740 т за год. Вырошчваюць карпа (97%), таўсталобіка, амура, сярэбранага карася, шчупака. Рыбгас мае бетонныя і земляныя рыбнікі, дзе ўтрымліваецца штогод да 200 т рыбы, што забяспечвае яе пастаўкі ў продаж у зімовы перыяд.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦАЛА (Яўген Піліпавіч) (14.1.1937, с. Новажыватаў Вінніцкай вобл., Украіна — 5.7.1995),

украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскі пед. ін-т (1959). Друкаваўся з 1961. Аўтар зб-каў апавяданняў і навел «Людзі сярод людзей» (1962), «Яблыкі з восеньскага саду» (1964), «Выкупаная ў любісце» (1965), «Хусцінка шоўку зялёнага» (1966), «Пах кропу» (1969), лірыка-псіхал. аповесцей «Дзяўчаты на выданні» (1971), «Двое на свяце кахання» (1973), «З агню ўваскрэслыя» (1978), гумарыстычна-гратэскавага рамана-трылогіі «Пазычаны муж», «Прыватнае жыццё феномена», «Парад планет» (1982—84); зб-каў вершаў «Пісьмо зямлі» (1981), «Час і прастора» (1983), «Жывём на зары» (1984) і інш. Яго творы адзначаны мяккім лірызмам, тонкім моўным жывапісам, глыбокай народнасцю і філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. За кн. прозы «Арламі аранае» (1977), «Што мы ведаем пра любоў» (1979), «Паляванне з гончым сабакам» (1980) і цыкл «Апавяданні з Цярноўкі» (1981) Літ. прэмія Ю.​Яноўскага 1982; за зб-кі «Сайёра» (1980) і «Праляцелі коні» (1984) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1985. За цыкл нарысаў-памфлетаў «Ментальнасць арды» (1994—95) прэмія імя І.​Агіенкі 1996. На бел. мову асобныя творы Гуцалы пераклалі М.​Дубянецкі, М.​Лужанін, А.​Мажэйка, М.​Прашковіч, Л.​Салавей, А.​Чаркасаў, А.​Шарахоўская, Б.​Сачанка і інш.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1987;

Бел. пер. — Сельскія настаўнікі;

Школьны хлеб;

Аповесці. Мн., 1976;

У кн. Сцежка без канца. Мн., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),

польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.​Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.​Абуховіч, Г.​Леўчык, Я.​Купала, Т.​Гардзялкоўская, З.​Верас, Я.​Дыла, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай і інш., прозу — Я.​Брыль, В.​Каваль.

Тв.:

Бел. пер. — Дым. Вільня, 1908;

Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;

Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;

Рус. пер.Соч. Т. 1-4 Мн., 1959.

Літ.:

Пиотровская АГ. Творческий путь М.​Конопницкой. М., 1962;

Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.

М.Канапніцкая.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

год, -а, М -дзе, мн. гады́, гадо́ў, м.

1. Прамежак часу, за які Зямля робіць адзін абарот вакол Сонца.

Мінула два гады.

Засушлівы г.

Чатыры пары года: зіма, вясна, лета, восень.

2. Адрэзак часу, які ўключае ў сябе 12 каляндарных месяцаў.

Новы г. (наступаючы год, а таксама дзень 1 студзеня). Два гады ад нараджэння.

Г. ад году (з кожным годам). Круглы г.

Гадамі не сустракаемся.

3. Прамежак часу, у які праводзіцца цыкл якіх-н. работ, заняткаў.

Навучальны г.

Фінансавы г.

4. мн. Доўгі перыяд, у які нешта адбываецца, якому што-н. уласціва.

Пасляваенныя гады.

Гады маладосці.

5. мн. У спалучэнні з парадк. ліч.: адрэзак часу ў межах дзесяцігоддзя.

Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя.

6. мн. Узрост.

Ён ужо ў гадах (пажылы, стары). Не тыя гады.

Не па гадах.

7. Прамежак часу, на працягу якога адбываецца абарот якой-н. планеты вакол Сонца.

Г.

Марса.

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за адзін трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу, за які Сонца завяршае адзін цыкл змен пор года (напр.: ад аднаго вясенняга раўнадзенства да наступнага і пад.).

Гады ў рады (разм.) — вельмі рэдка (сустракацца, бачыцца).

З году ў год (разм.) — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

|| ласк. го́дзік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і гадо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. (да 2 знач.).

|| прым. гадавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Гадавая справаздача.

Г. план.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ, буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі),

жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз. ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл. Пастараль).

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСО́РБЕР,

асноўны апарат тэхн. установак для адсорбцыі. Адрозніваюць адсорбер перыядычнага і бесперапыннага дзеяння (т.зв. гіперсорберы).

У адсорберы перыядычнага дзеяння адсорбцыя і дэсорбцыя адбываюцца папераменна: спачатку адсарбент насычаюць пэўным рэчывам, потым яго адганяюць, кандэнсуюць, сушаць гарачым газам і пасля ахаладжэння паўтараюць цыкл. У гіперсорберах зярністы адсарбент перамяшчаецца па вертыкальнай калонцы, у верхняй частцы якой адбываецца адсорбцыя, у ніжняй пад дзеяннем нагрэву — дэсорбцыя. Выкарыстоўваецца таксама адсорбер бесперапыннага дзеяння з кіпячым (псеўдазвадкаваным) слоем адсарбенту.

Адсорбер перыядычнага дзеяння: 1 — корпус; 2 — сітаваты адсарбент; 3 — рашотка.
Адсорбер з кіпячым слоем адсарбенту: 1 — корпус; 2 — кіпячы слой; 3 — рашотка; 4 — трубка.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІЛІ́НА (Amphilina),

род плоскіх чарвей з кл. цэстодаў. Невял. архаічная група паразітаў поласці цела асятровых рыб і чарапах. Пашыраны A. foliacea і A. neritina у рыб у рэках Каспійскага бас. і Сібіры.

Цела нерасчлянёнае, даўж. 25—65, шыр. 17—30 мм. Гермафрадыты. Не маюць кішэчніка і не прымацоўваюцца. Яйцажывародныя. Цыкл развіцця адбываецца са зменай гаспадароў. Лічынка (лікафора) развіваецца ў яйцы, мае 10 зародкавых кручкоў на заднім канцы цела. Пранікае ў прамежкавых гаспадароў — ракападобных, дзе зменьваецца і становіцца падобнай на палаваспелую асобіну. З страўніка канчатковага гаспадара лічынка мігрыруе ў поласць цела канчатковага гаспадара і дасягае палавой спеласці.

Амфіліна.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)