ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1919—41.
Пасля ўтварэння Беларускай ССР фізічная культура і спорт атрымалі дзяржаўную падтрымку, былі прызнаны састаўнымі элементамі ваеннага навучання і падрыхтоўкі рэзерваў для Чырвонай Арміі. У адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК ад 22.4.1918 «Аб абавязковым навучанні ваеннаму майстэрству» былі створаны органы Усевобуча. У БССР імі ў 1919 арганізаваны ваенна-спартыўныя клубы ў Віцебску, Гомелі, у 1920 — у Бабруйску, Барысаве, Мінску, Магілёве. У 1919 у Віцебску праведзена 1-я губернская алімпіяда. У 1921 гарадскія з’езды Усевобуча разглядалі пытанні актывізацыі фізкультурнага руху. Пытанні фізкультурнай работы абмяркоўваліся на IV з’ездзе камсамола Беларусі (май 1922). Паводле прыкладу петраградскіх камсамольцаў у Віцебску, Сянне, Лепелі, Дрысе, Гарадку, Оршы, Полацку і інш. створаны гурткі «Спартак», у якіх на пачатку 1923 займалася 1230 чал., з іх 423 жанчыны. У Гомелі, Магілёве і інш. гарадах створаны спартыўныя гурткі «Чырвоны маладняк». У Гомелі гэтая арг-цыя ў 1922 аб’ядноўвала 200 чалавек (з іх больш за 80 жанчын). У 1923 створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры пры ЦВК БССР, які ўзначаліў работу па фізічным выхаванні насельніцтва. Да 1924 створаны губернскія і павятовыя саветы фізічнай культуры. У шэрагу гарадоў у 1922—24 адбыліся пяршынствы па футболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы і інш. відах спорту. У гарадах праводзіліся «тыдні фізкультуры», на якіх шырока прапагандаваліся розныя віды спорту. Разгарнулася будаўніцтва спартыўных пляцовак, расла колькасць спартыўных гурткоў (напр., у Віцебску ў пачатку 1924 іх было 26, да канца года — 56). У жн. 1924 Вышэйшы савет фізічнай культуры правёў у Мінску 1-е Усебеларускае свята фізічнай культуры; напярэдадні свята наладжваліся спаборніцтвы ў паветах і акругах па лёгкай атлетыцы, футболе, баскетболе, тэнісе і веласіпедным спорце. У іх удзельнічалі каманды Мінскай, Віцебскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Магілёўскай, Аршанскай, Слуцкай, Мазырскай акруг. Па 12 відах лёгкай атлетыкі, дзе былі паказаны найбольш высокія вынікі, зарэгістраваны першыя рэкорды Беларусі. З 1924 рэгулярнымі сталі пяршынствы рэспублікі па барацьбе, падыманні цяжару, каньках. З 1924 у школах Беларусі ўведзены заняткі па фізічнай культуры, а ў 1925 па іх зацверджана навучальная праграма. У лістападзе 1925 адбыўся Усебеларускі з’езд па фізічнай культуры, заснаваны першыя рэспубліканскія курсы інструктараў. Да канца 1925 спарт. калектывы налічвалі больш за 17 тыс. фізкультурнікаў. У 1927 праведзена 3-е Усебеларускае свята фізічнай культуры. На I Усесаюзнай спартакіядзе ў Маскве (1928) бел. спартсмены занялі 3-е месца. У 1929 у Мінску заснаваны тэхнікум фізічнай культуры. У 1931 па ініцыятыве ВЛКСМ уведзены комплекс «Гатоў да працы і абароны СССР» (ГПА, 1-я ступень), у 1932 ён дапоўнены 2-й ступенню, у 1934 ступенню «Будзь гатоў да працы і абароны» (БГПА) для дзяцей школьнага ўзросту.
Комплекс ГПА стаў праграмнай і нарматыўнай асновай сістэмы фізічнага выхавання моладзі. У 1932—33 фізкультурныя арг-цыі Беларусі падрыхтавалі 42,6 тыс. значкістаў ГПА і занялі 1-е месца сярод рэспублік СССР. У 1934 ЦК КП(б)Б пастановай «Аб фізкультурным руху ў БССР» вызначыў канкрэтныя шляхі паляпшэння спартыўна-масавай работы, павышэння спартыўна-тэхнічных дасягненняў бел. фізкультурнікаў. У 1929 у БССР створана 160 сельскіх гурткоў, з іх 87 у калгасах. У 1930-я г. пачалася планамерная арганізацыя гурткоў фізічнай культуры на вёсцы. У 1934 колькасць гурткоў на вёсцы вырасла да 300 (8 тыс. чал.). Да 1936 калгасныя калектывы і гурткі фізічнай культуры налічвалі каля 20 тыс. фізкультурнікаў. У 1934 Вышэйшы савет фізічнай культуры БССР правёў 1-ю Усебеларускую калгасна-саўгасную спартакіяду, што садзейнічала далейшаму развіццю работы па фізічным выхаванні сельскай моладзі. Нормы ГПА у БССР здалі больш за 20 тыс. чалавек. Каб палепшыць кіраўніцтва фізкультурным рухам, пастановай ЦВК і СНК СССР ад 21.7.1936 створаны Усесаюзны камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры СНК СССР. Адпаведныя камітэты створаны пры ЦВК саюзных рэспублік. У 1936—37 у БССР пачалася арганізацыя добраахвотных спартыўных таварыстваў (ДСТ) прафсаюзаў. Сярод першых створаны ДСТ «Тэмп», «Полымя», «Лакаматыў». Яны садзейнічалі арганізацыйнаму ўмацаванню фізкультурнага руху, рабілі фізкультуру больш даступнай для насельніцтва. У 1937 на Краснай плошчы ў Маскве быў праведзены Усесаюзны парад фізкультурнікаў, на якім Беларуская спартыўная дэлегацыя прадэманстравала высокую спартыўна-гімнастычную падрыхтоўку, у т. л. тэматычныя выступленні «Граніца на замку». За падрыхтоўку фізкультурных кадраў Мінскі тэхнікум фізічнай культуры ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1937 ён рэарганізаваны ў Бел. інстытут фізічнай культуры. У студзені 1939 ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб стане фізкультурнай работы ў рэспубліцы», якая актывізавала дзейнасць ДСТ і калектываў фізкультуры. Колькасць фізкультурнікаў у 1939 перавысіла 90 тыс. чалавек; праведзена 1876 спартыўных спаборніцтваў, у т. л. 55 пяршынстваў і спаборніцтваў рэспубліканскага маштабу (удзельнічалі 146 тыс. чалавек, устаноўлены 93 рэкорды БССР).
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у зах. абласцях краіны пачалася шырокая арганізацыйная работа па стварэнні калектываў фізкультуры. У 1940 іх створана больш за 200 у Баранавіцкай вобл., 150 у Брэсцкай, 140 у Пінскай; праведзены першыя раённыя і абласныя спартакіяды. Вялікую ролю ў прапагандзе фізічнай культуры адыгралі Усебеларускія парады фізкультурнікаў (праведзены ў 1938, 1939 і 1940; у парадзе 1940 удзельнічалі і прадстаўнікі зах. абласцей Беларусі). Беларускія спартсмены выступалі ва ўсіх усесаюзных спаборніцтвах. На пачатак 1941 у Беларусі дзейнічала 3295 калектываў фізічнай культуры (больш за 154 тыс. чал.), працавала больш за 1200 штатных фізкультурных інструктараў, каля 1800 фізоргаў, сотні спартыўных суддзяў; фізічнае выхаванне трывала ўвайшло ў навучальны працэс і ажыццяўлялася па адзіных дзяржаўных праграмах. У гарадах і вёсках пабудаваны стадыёны, пляцоўкі, лыжныя і водныя станцыі. У Мінску адкрыты зімовы плавальны басейн і інш.
І.К.Анісава.
т. 18, кн. 2, с. 403