Слізга́ць ‘рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе; коўзаць’ (ТСБМ), слі́згацца ‘коўзацца’ (ТСБМ, Касп.), слізга́цца ‘тс’ (Нас., Варл., Сл. ПЗБ), сліза́цца ‘выслізваць, быць слізкім; коўзацца на нагах’ (Нас.), слізго́та ‘стан паверхні пры абледзяненні’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Рус. пск. сли́зга́ть, польск. ślizgać się, ślizgać ‘тс’, балг. сли́згам се ‘коўзацца, паслізнуцца; падаць, паслізнуўшыся’, макед. (с)лизга се ‘коўзаць, коўзацца, паслізнуцца’. Прасл. *slizgati (sę) (Слаўскі, 4, 251) экспрэсіўны дзеяслоў з суф. ‑g‑ або ‑zg‑ ад *slizati < і.-е. *slei̯‑g‑ ‘слізкі, слізгацца’; Борысь, 617. Сувязь з слізь, слі́зкі, сляза (гл.) адзначаюць Міклашыч, 300; Праабражэнскі, 2, 300; Брукнер, 531; Фасмер, 3, 671; БЕР, 6, 877. Для шэрага форм характэрна чаргаванне ‑г‑/‑к‑, параўн. слі́зкаць ‘слізгацець’, слі́зкацца ‘катацца на каньках’ (Байк. і Некр.), відаць, пад уплывам слізкі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА,

ландшафтная абалонка, цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл. Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.

В.С.Аношка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́

(ісп. Antillas),

архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс. км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш. г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч. тэр. Венесуэлы.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́РЫ

(Homaridae),

сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (Н. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.

Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.

Амар еўрапейскі.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУДЖА́ВА Булат Шалвавіч

(н. 9.5.1924, Масква),

расійскі пісьменнік, аўтар і выканаўца песень. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1956), «Астравы» (1959), «Вясёлы барабаншчык» (1964), «Арбат, мой Арбат» (1976), «Песні і вершы» (1989), «Дары лёсу» (1993) і інш. Для іх характэрна зліццё размоўнай і песеннай інтанацый, празаізмаў і патэтыкі. Стваральнік своеасаблівага выканаўчага стылю — аўтарскай песні («Возьмемся за рукі, сябры», «Лёнька Каралёў», «Паўночны тралейбус», «Ах, Арбат, мой Арбат...» і інш.). Напісаў раманы «Падарожжа дылетантаў» (кн. 1—2, 1976—78), «Спатканне з Банапартам» (1983); «Скасаваны тэатр» (1994); аповесці «Будзь здаровы, шкаляр» (1961), «Бедны Аўросімаў» (1969), «Паходжанні Шыпава, ці Старадаўні вадэвіль» (1971).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

Милости судьбы: [Новые стихи]. М., 1993.

Б.Ш.Акуджава.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ

(Anguis fragilis),

яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.

Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ Апалон Аляксандравіч

(каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),

рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́бацень ’планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза ў санях да першага капыла’ (Маслен.), пабуянь ’тс’ (ТС). Да бок (гл.); у названых формах можна бачыць захаванне архаічнага чаргавання к > //: по боце, параўн. на том боіф (XVII ст.), при боцехь (Сл. Скар.) і пад. (адносна гэтай з’явы гл. Карскі, 1. 366), гл. таксама по́буцье ’тс’ (ТС), або цоканне (пераход ч у ц), як у валацня (гл.) ад валачыць. Далей ц магло быць успрынята як першаснае і пры змене пазіцыі перайсці ў т: лабатыя (< *ло- боцня) ’бакавая вяроўка ва ўвязаным возе сена’ (ТС), не выключана, пад уплывам іншых лексем, напрыклад, пляцень ’галлё, якім заплятаюць пляцень’ — плетня ’тс’ (ТС). Параўн. падачы‑ на (гл.); суфіксацыя на ‑ень характэрна для назваў частак саней, воза і пад., параўн. пбперадзень ’вяз, якім замацоўваюцца галоўкі саней’, памарозяць ’брусок на капылах саней’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНЦЫ́ЛУС,

чашачка, шароўка (Ancylus), род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.

Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІ

(ад лац. gelo застываю),

дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.

Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)