КА́ДРАВАЯ А́РМІЯ,

1) пастаянная рэгулярная армія (узбр. сілы), якая ўтрымліваецца дзяржавамі ў мірны час у скарочаным складзе для вырашэння першачарговых задач з пачаткам вайны, а таксама для падрыхтоўкі ваенна-абучаных рэзерваў, ажыццяўлення мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл. Забяспечвае спалучэнне патрабаванняў ваен. буд-ва і эканомнага выкарыстання людскіх і матэрыяльных магчымасцей дзяржавы.

2) У некат. літ. крыніцах назва арміі, якая мае арганізацыю, тэхн. аснашчэнне, падрыхтоўку і баявы вопыт, што адпавядаюць патрабаванням вядзення сучаснай вайны.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],

сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫЛО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 2.2.1944, в. Забалацце Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» (1967—69). Друкуецца з 1963. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Сонца садзіцца ў травы» (1978), «Два дні ў лютым»(1981), «Асенні гром» (1985), «Сны не вяртаюцца» (1988), «імянны гадзіннік» (1991) тэмы жыцця сучаснай вёскі, гар. інтэлігенцыі, услаўленне чалавека працы, важным пытанні сучаснасці. Аўтар раманаў «Пасынак» (1993), «Крумкач» (1997).

І.І.Капыловіч.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),

антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.​Мікулік.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДА [ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К. называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЫ,

старажытнабалцкае племя, ад якога паходзіць этн. назва латышоў. Насялялі ўсх. частку сучаснай Латвіі па правым беразе Даўгавы (Зах. Дзвіны). Межавалі і кантактавалі з лівамі на 3, селамі і земгаламі на Пд, крывічамі на У, эстамі на Пн. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У 10—11 ст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пач. 13 ст. заняволены ням. рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Л. наз. яшчэ латвійцамі. Гл. таксама Латгале.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1928 на базе Мазырскай запалкавай фабрыкі «Маланка» ў г. Мазыр Гомельскай вобл. як мэблевая ф-ка «Прафінтэрн». У Вял. Айч. вайну ў будынку ф-кі размяшчаўся лагер сав. ваеннапалонных. Аднавіла дзейнасць у 1944 з сучаснай назвай. З 1971 у складзе ВА «Мазырдрэў», з 1992 арэнднае ВА «Мазырдрэў», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): тумбы для тэле- і радыёапаратуры, абутку, камоды, наборы мэблі для прыхожай і кухні.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАІ́Н,

старажытнае племя і дзяржава на тэр. сучаснай Йеменскай Рэспублікі. Раннія помнікі дзяржавы М. адносяцца да 6—5 ст. да н.э. Яе сталіцай быў напачатку г. Іясіль, потым — Карнаву. Вял. ўплыў у кіраванні М. адыгрывалі жрацы і родаплемянная арыстакратыя. Асновай росквіту краіны быў транзітны гандаль пахучымі рэчывамі, яна кантралявала гандл. шляхі праз Аравію. З 1 ст. да н.э. М. у залежнасці ад цароў Катабана, потым у складзе дзяржаў Саба і «Саба і зу-Райдан».

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О,

шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).

А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)