ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),

вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.

Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,

характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.

Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.

С.​М.​Ляшчоў, Я.​М.​Рахманько.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НСАГЕР ((Onsager) Ларс) (27.11.1903, Осла — 5.10.1976),

амерыканскі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Нац. АН ЗША (1947), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў Нарв. вышэйшую тэхн. школу ў Тронхейме (1925). З 1928 у ЗША. З 1933 у Іельскім ун-це (з 1945 праф.), з 1972 ва ун-це Маямі. Навук. працы па тэорыі нераўнаважных працэсаў, тэорыі электралітаў, тэорыі фазавых пераходаў, дынаміцы квантавых вадкасцей. Вывеў ураўн. залежнасці электраправоднасці раствораў ад іх канцэнтрацыі (1926; ураўн. О.). Адкрыў прынцып сіметрыі кінетычных каэф. і вывеў суадносіны ўзаемнасці (гл. Онсагера тэарэма). Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных уласцівасцей плоскай крышт. рашоткі. Прапанаваў тэорыю квантавых віхроў у звышцякучым геліі (1949). Залаты медаль імя Б.​Румфарда (1953), медаль імя Х.​Лорэнца (1958). Нобелеўская прэмія 1968.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Онсагер.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁНКІ ПАЛІМЕ́РНЫЯ,

суцэльныя слаі палімераў таўшчынёй 0,2—0,3 мм; празрыстыя эластычныя матэрыялы. Вырабляюць пераважна з сінт. палімераў (напр., поліэтылену, полівінілхларыду, поліамідаў), а таксама прыродных (напр., гідратцэлюлозныя плёнкі, найб. вядомы з іх цэлафан) і штучных палімераў, т.зв. эфірацэлюлозныя плёнкі, напр. ацэтатныя. Першыя прамысл. плёнкі выраблены ў 1899 у Вялікабрытаніі з нітратаў цэлюлозы, пазней з цэлафану.

У прам-сці П.п. атрымліваюць экструзіяй расплаваў, з раствораў палімераў: паліваннем на паліраваную паверхню (бясконцая метал. стужка або барабан) з наступным награваннем для выдалення растваральніку (сухое фармаванне) ці пры дапамозе спецсаставаў у асаджальнай ванне (мокрае фармаванне), каландраваннем пластыфікаваных палімераў (гл. Каландр), прасаваннем. Выкарыстоўваюць як упаковачныя і электраізаляцыйныя матэрыялы, аснову кіна- і фотаплёнак, магн. стужак, пакрыццё для цяпліц і парнікоў, для вырабу мембран (гл. Мембранныя метады раздзялення), святлафільтраў, ламінавання паліграфічнай прадукцыі і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТАКРЫЛА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў метакрылавай к-ты (метакрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2——C(CH3)(COOR)—]n; найважн. поліалкілметакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.).

Аморфныя шклопадобныя (R — алкіл з 1—3 атамамі вугляроду), эластычныя (2—14 атамамі) ці воскападобныя крышт. рэчывы. Маюць больш высокія т-ры шклавання і цвёрдасць, чым поліакрылаты з тым ж R (напр., т-ра шклавання поліметылакрылату 8 °C, поліметылметакрылату 105—110 ​oC). Раствараюцца ў складаных эфірах, у т. л. ва ўласных манамерах, хлараваных і араматычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння вады, разбаўленых раствораў кіслот і шчолачаў, святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць П., а таксама супалімеры метакрылатаў з метакрылавай к-той для вытв-сці безасколачнага шкла (гл. Шкло арганічнае), вырабу пратэзаў (хірургія, стаматалогія), як аснову лакаў і кляёў (гл. Акрылавыя клеі).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛЕ́ ((Berthollet) Клод Луі) (9.12.1748, Талуар, гіст. вобл. Савоя, Францыя — 6.11.1822),

французскі хімік, заснавальнік вучэння аб хім. раўнавазе. Чл. Парыжскай АН (1780). Скончыў Турынскі ун-т (1768). У 1770—83 урач і аптэкар. З 1794 праф. Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы. Навук. кансультант Напалеона Банапарта ў Егіпецкай экспедыцыі 1798—99. Асн. навук. даследаванні па неарган. хіміі, хіміі раствораў і сплаваў. Устанавіў састаў аміяку, балотнага газу, сінільнай кіслаты, серавадароду. Распрацаваў спосаб бялення палатна хлорам. Адкрыў солі хларнавацістай і хларнаватай (берталетава соль) кіслот, нітрыд серабра (грымучае серабро), залежнасць напрамку рэакцыі і саставу злучэнняў ад масы рэагентаў і ўмоў рэакцый. Разам з А.​Л.​Лавуазье распрацаваў хім. наменклатуру і класіфікацыю целаў, заснаваў час. «Annales de chimie» («Аналы хіміі»).

Літ.:

Фигуровский Н.А. Очерк общей истории химии: От древнейших времен до начала XIX ст, М., 1969.

К.Л.Бертале.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,

сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт. мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.

Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТЭТРАФТОРЭТЫЛЕ́Н,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі тэтрафторэтылену, [—CF2—CF2—]n, мал. м. 5 10​4—10​7. Асн. гандл. назвы: фтарапласт-4, фтарлон-4, тэфлон.

Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш. хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія фармуюць са складаных поліэфіраў, у асн. з расплаву поліэтылентэрэфталату. Гандл. назвы: лаўсан, дакрон, тэрылен, тэтэрон, тэргаль, элан і інш. Атрымліваюць таксама П.в. на аснове хімічна мадыфікаванага поліэтылентэрэфталату (т.зв. суполіэфірныя валокны) і ў значна меншай колькасці — з полікарбанатаў, поліэтыленоксібензаату, полібутылентэрэфталату, вадкакрышт. поліэфіраў і інш.

Для П.в. характэрны высокія трываласць, тэрма-, святло-, атмасфера- і зносаўстойлівасць. Устойлівыя да ўздзеяння кіслот (акрамя канцэнтраваных азотнай і сернай) і раствораў шчолачаў, многіх арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць пры хім. чыстцы. Інтэрвал рабочых т-р ад -60 да 170 °C. Суполіэфірныя валокны пазбаўлены асн. недахопаў П.в. (цяжкасць фарбавання, гідрафобнасць, моцная наэлектрызаванасць і калянасць вырабаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці разнастайных тканін, трыкатажу, дываноў, штучнага футра, шыннага корду, тканін для гумава-тэхн. вырабаў, электра- і фільтравальных матэрыялаў і інш.

На Беларусі П.в. выпускае Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)