баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял.Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЭР (Herder) Іаган Готфрыд фон (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),
нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сид. Пб., 1922;
Избр. соч. М.; Л., 1959;
Идеи к философии истории человечества. М., 1977.
Літ.:
Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;
Гулыга А. В.Гердер. 2 изд. М., 1975;
Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ВА шматгадовая расліна з выразным, у рознай ступені адраўнелым гал. сцяблом (ствалом), кронай і разгалінаванай каранёвай сістэмай; пашыраная жыццёвая форма раслін. Адыгрывае гал. ролю ў стварэнні лясных біяцэнозаў. На Беларусі 26 відаў Д. Сярод іх лесаўтваральныя (асіна, бяроза, вольха, граб, дуб, елка, хвоя) і пладовыя (вішня, груша, сліва, яблыня) пароды. Ёсць дрэвы-помнікі. Шэраг Д. інтрадукаваныя (лістоўніца сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава і інш.).
Д. ўзніклі ў сярэднім дэвоне. Належаць пераважна да хвойных (з голанасенных) і двухдольных (з пакрытанасенных) раслін. Крона ў большасці Д. складаецца з галін і лісця. Ствол захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, кожны год дае прырост у таўшчыню, утвараючы гадавыя кольцы. У Д. з класа аднадольных (напр., пальмаў) крона складаецца з разеткі вял. лісця і адсутнічае другасны прырост у таўшчыню. Есць Д. летне-зялёныя (скідваюць лісце з надыходам восені, напр., дуб, вольха) і вечназялёныя (напр., елка, піхта, хвоя). Сярод лісцевых Д. вылучаюць шыракалістыя (дуб, клён, ясень) і драбналістыя (асіна, бяроза, вольха). Адрозніваюць Д. першай велічыні (20 м і больш; дуб, елка, ліпа, хвоя), другой (10—20 м; вольха, груша, рабіна) і трэцяй (5—10 м; глог, яблыня, ядловец). Працягласць жыцця разнастайная, ад 20 да соцень і тысяч гадоў (баабаб, секвоя — да 3—5 тыс. гадоў, дуб — 500—1000, хвоя — 300—350, елка — 250—300, асіна, бяроза — 150—200 гадоў). Д. — адны з асн. прадуцэнтаў кіслароду паветра, даюць драўніну, ядомыя плады, лек., тэхн. і хім. сыравіну; выкарыстоўваюцца для азелянення.
Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у архітэктуры (гл.Драўлянае дойлідства), дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве, скульптуры. На Беларусі з Д. здаўна вырабляюць хатняе начынне, прылады працы, трансп. сродкі, мэблю і інш. Шырока выкарыстоўвалася Д. ў пернікарстве, набіванцы, іканастасах, абкладах абразоў і інш.Асн. матэрыял дрэварыту. Разьбой па Д. ўпрыгожваюць ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі. Багацце колеравых адценняў, разнастайнасць фактуры і тэкстуры вызначаюць мноства дэкар. эфектаў у вырабах з Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім р-нах. Для К.с. характэрны вял.разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіц. варыянтамі і арнаментальнымі матывамі маст. афармленне, у якім важнае значэнне разам з вышыўкай і ўзорыстым ткацтвам мелі карункапляценне, аплікацыя, узаемаўплывы рус. і ўкр.нар. касцюмаў.
У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам, у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гэсткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, чапец. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вял. адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай, аздобленай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геам. арнаментам. Вышыты баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках, што ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарыз. і верт. палос, густа нашываўся на бачную паверхню рукавоў. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам. вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак затыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт саяна часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі, ліф з крамнай узорыстай ці аднатоннай. Спадніцу шылі з клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі рознакаляровага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі. Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі або тунікападобныя; вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрага ці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнурам.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Краснапольскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Пач. 20 ст. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,
сысуны (Mammalia),
клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр.аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр.сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр.прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.
Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз.тэрыялогія.
Літ.:
Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;
Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ, полінуклеатыды,
біяпалімеры, якія маюць у сабе фосфар і універсальна распаўсюджаны ў жывой прыродзе. Адкрыты швейц. біяхімікам І.Ф.Мішэрам (1868) у клетках, багатых ядзерным матэрыялам (напр., лейкацыты, сперматазоіды ласося). Лінейныя малекулы Н.к. утвораны нуклеатыдамі, а эфірныя сувязі паміж вугляводам аднаго нуклеатыду і фасфатам другога ўтвараюць іх вугляводна-фасфатны шкілет. Высокапалімерныя ланцугі Н.к. маюць ад некалькіх дзесяткаў да сотняў млн. нуклеатыдных астаткаў, іх малекулярная маса 105—1010. Звычайна Н.к. маюць астаткі дэзоксі- або рыбануклеатыдаў у якасці манамераў. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць дэзоксірыбануклеінавыя кіслоты (ДНК) і рыбануклеінавыя кіслоты (РНК). Малекулы ДНК маюць 2 ланцужкі, РНК пераважна адналанцужковыя. Першасная структура Н.к. — паслядоўнасць нуклеатыдаў у неразгалінаваным полінуклеатыдным ланцужку. Спецыфічная паслядоўнасць азоцістых асноў функцыянальна значная і унікальная для кожнай Н.к., абумоўлівае вял.разнастайнасцьіндывід. малекул ДНК і РНК і адначасова — відавую спецыфічнасць (Н.к. кожнага віду маюць пэўны нуклеатыдны склад). Другасная структура Н.к. — прасторавае размяшчэнне нуклеатыдных звёнаў — узнікае ў выніку міжплоскасных узаемадзеянняў суседніх асноў і ў выпадку т.зв. камплементарнага спарвання вадародных сувязяў паміж процілеглымі асновамі ў паралельных ланцугах. Адрозненні ў структуры манамерных звёнаў вызначаюць розныя хім. ўласцівасці і макрамалекулярную (прасторавую) структуру абодвух тыпаў палімераў. У склад клетачных арганізмаў уваходзяць ДНК і РНК, вірусы маюць Н.к. аднаго тыпу. Біял. роля Н.к. заключаецца ў захаванні, рэалізацыі і перадачы спадчыннай інфармацыі, якая «запісана» ў паслядоўнасці нуклеатыдаў (генетычны код). Структурныя кампаненты Н.к. выконваюць функцыі каферментаў, уваходзяць у іх склад, прымаюць удзел у абмене рэчываў, акумуляванні, пераносе і трансфармацыі энергіі. Параўнальны аналіз Н.к. у розных групах арганізмаў выкарыстоўваецца ў даследаваннях па сістэматыцы і эвалюцыі (ступень падабенства ў будове Н.к. вызначае ўзровень філагенетычнай блізкасці арганізмаў). Вывучае Н.к. малекулярная генетыка і малекулярная біялогія.
Літ.:
Шабарова З.А., Богданов А.А. Химия нуклеиновых кислот и их компонентов. М., 1978;
Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ.М., 1976;
Уотсон Дж., Туз Дж., Курц Д. Рекомбинантные ДНК: Пер. с англ.М., 1986;
Зенгер В. Принципы структурной организации нуклеиновых кислот: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАВА-МАЗЫ́РСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Жыткавіцкім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Столінскім р-нах. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, паліхромнасць і маляўнічасць вышыўкі гладдзю. Жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, 2 фартухі, гарсэт (кабат), намітка, кашуля, андарак або спадніца, фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі або з гесткай са стаячым ці адкладным каўняром. Буйнарапортны арнамент вышыўкі крыжыкам у чорна-чырвоным каларыце кампанаваўся ў выглядзе папярочнай паласы ў верхняй частцы рукава (радзей на грудзях), асобнымі рапортамі размяшчаўся ў шахматным парадку пасярэдзіне рукава. У кашулях з гесткай арнамент часцей вышывалі гладдзю і кампанавалі ўздоўж лініі крою. Пераважалі раслінныя матывы — кветкі і лісце руж, ягады і лісце каліны, кветкі вяргіні, шыпшыны; сустракаліся стылізаваныя выявы птушак, геаметрычныя ўзоры. Фартухі-крыскі шылі з адной полкі андарачнай суконнай тканіны з гарызантальнымі вохрыста-чырвона-чорнымі паскамі (на падоле ўзорысты шляк ткалі ў закладной тэхніцы). Белыя фартухі шылі з 1—2 полак палатна ці паркалю, аздаблялі вышыўкай гладдзю, карункамі, фальбонкамі. Андаракі найчасцей чырвона-малінавыя, затканыя чырвонымі падоўжнымі бела-вохрыстымі палоскамі, або клятчастыя ці гладкафарбаваныя чырвоныя, зялёныя, блакітныя. Спадніцы шылі з цёмна-сіняга, блакітнага, чорнага саціну, саржы, шоўку, шарсцянкі, каля падола аздаблялі 2—3 шлякамі нашывак пярэстых тасёмак, белых карункаў; прасавалі ў складкі. Гарсэты кроілі накшталт кароткага ліфа з серабрыстай або залацістай парчы, набіванага саціну, паркалю, шоўку, шарсцянкі (спераду паміж гарсэтам і поясам фартуха ўтваралася фальбона — напуск кашулі). На грудзях гарсэт аздаблялі нашыўкамі паскаў разнаколерных тканін, карункавых тасёмак. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец, хустка — белая даматканая льняная ці паркалёвая, багата аздобленая гладдзю паліхромнага расліннага ўзору, махрамі, і фабрычная чырвоная, сіняя, чорная. Мужчынская кашуля была тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай (арнамент геаметрычны, раслінны), падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, сукна. Вопратку — казачыну, світку, кажух — аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з сукна ці саціну, фалдаваннем, вышыўкай, штапам.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Турава-мазырскі строй. Касцюм дзяўчынкі. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна.Да арт.Турава-мазырскі строй. Дзяўчаты ў святочным адзенні. Вёска Ленін Жыткавіцкага раёна. Сярэдзіна 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 14.1.1939, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік, педагог. Брат К.П.Шаранговіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Засл. дз. культ. Польшчы (1986). Нар. мастак Беларусі (1991). Праф. (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1967—98 выкладаў у Бел.АМ (у 1972—89 заг. кафедры, у 1986—89 прарэктар, у 1989—97 рэктар). З 1997 дырэктар Музея сучаснага выяўл. мастацтва. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літ. твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1965), «З майго летапісу» Я.Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж.Рыда (абедзве 1967), «Мая Беларусь» Т.Хадкевіча, «Збор твораў» М.Багдановіча (т. 1—2, усе 1968), «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча, «Салавей» З.Бядулі (абедзве 1969), «У.І.Ленін» У.Маякоўскага (1970), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1971), «Вершы» Я.Коласа (1972), «Сорак трэці» І.Навуменкі (1974), «Паэмы» (1978) і «Адвечная песня» (1981) Я.Купалы, «Споведзь сэрца» А.Бялевіча (1978), «Пан Тадэвуш» Міцкевіча (1985, 1998), «Старыя беларускія хронікі» У.Караткевіча (1988), «Новая зямля» Я.Коласа (2002). Рэквіем людской мужнасці і стойкасці ў гады Вял.Айч. вайны, увасоблены строгімі сродкамі графікі, гучыць у цыкле моцных па экспрэсіі гравюр «Памяці вогненных вёсак» (1979—85, Дзярж. прэмія Беларусі 1986). У станковых работах шырока выкарыстоўвае нац.маст. традыцыі, сімволіку і метафару, у многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцця з яго прыгажосцю і драматызмам, калізіямі, што дасягаецца своеасаблівасцю ракурсаў каларыту, рытмічнай арганізацыі прасторы: «Смерць Гражыны» (паводле Міцкевіча, 1970), «Партрэт Ф.Скарыны» (1971), «Ганчар» (1973), «А хто там ідзе» (1976), серыі «Край нарачанскі» (1972—75), «Блакада. 1943 год» (1974), трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» (1982) і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Васіль Шаранговіч. Мн., 1981.
Н.В.Шаранговіч.
В.П.Шаранговіч.В.Шаранговіч. Паляванне. Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. 1985.