вось I ж., в разн. знач. ось;

пярэ́дняя в. — пере́дняя ось;

в. вярчэ́ння — ось враще́ния;

в. прае́кцыі — ось прое́кции;

в. паліты́чнага жыцця́ — ось полити́ческой жи́зни

вось II частица

1. указ. вот;

в. і ха́та — вот и дом;

ён хво́ры — в. чаму́ яго́ не віда́ць — он бо́лен — вот почему́ (поэ́тому) его́ не ви́дно;

2. усил. вот, -то;

гэ́тага в. я і хаце́ўэ́того вот (-то) я и хоте́л;

3. (при восклицании чаще в сочетании с дык) то́-то; вот так;

в. дык дзі́ва! — вот так чу́до!;

в. табе́ і на! — вот тебе́ и на!;

в. табе́ раз! — вот тебе́ (те) раз!;

в. табе́ і... — вот тебе́ и...;

в. табе́ і ма́еш! — вот тебе́ и на!;

в. яно́ што! — вот оно́ что!

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

твар, ‑у, м.

1. Пярэдняя частка галавы чалавека. Салдаты і афіцэры выціралі з загарэлых твараў пот. Мележ. Высокая .. [Алена] была, поўная, жыццярадасная, з такім добрым, прыгожым тварам... Нікановіч. Люба, падстаўляючы .. [ветру] твар, жмурылася і ціхенька смяялася сама сабе. Васілевіч.

2. перан. Індывідуальнае аблічча, выгляд, характэрныя рысы каго‑, чаго‑н. Твар горада. □ Калектывізуючы сваю зямлю, сяляне спрэс і да самага карэння зменьваюць самы твар зямлі і ўсё жыццё на ёй. Чорны.

•••

Ведаць у твар гл. ведаць.

Змяніцца з твару гл. змяніцца.

З твару — тварам быць падобным да каго‑н., маладым, прыгожым і пад. [Зосін бацька:] — Галена? Яна ў бацьку пайшла: і з твару на яго падобная і з голасу нават. Чорны.

Кроў ударыла ў твар гл. кроў.

Мяняцца з твару гл. мяняцца.

На твары напісана гл. напісаны.

(Не) да твару — а) (не) ідзе каму‑н. што‑н. Белае плацце прыйшлося .. [Крысціне] да твару. Васілевіч; б) (не) прыстойна каму‑н. так, (не) адпавядае чыйму‑н. становішчу. У пісаравым поглядзе не адбілася ні ветлівага здзіўлення, ні робленай радасці: Васількевіч глядзеў на свайго суседа, як на блазна, з якім яму, пісару, кампанаваць не да твару. Колас. Хацелася падысці да .. [жонкі], моцна абняць і пацалаваць так, як некалі ў маладосці. Аднак і гэтага не зрабіў [Міхал Андропавіч] — пасаромеўся: юнацкі ўчынак не да твару яму, старому. Шамякін.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Ні крывінкі ў твары гл. крывінка.

Плюнуць у твар гл. плюнуць.

Спасці з твару гл. спасці.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Твар выцягнуўся — пра здзіўленне, расчараванне, прыкрасць, што адбіваюцца на твары.

Твар гарыць — пра стан моцнага хвалявання, узбуджэння.

Твар свеціцца — быць вельмі задаволеным.

Твар у твар; тварам у твар; тварам да твару — побач, вельмі блізка (стаяць, сустрэцца, бачыць і пад.).

У твар — адкрыта, у прысутнасці каго‑н. або прама звяртаючыся да каго‑н. (гаварыць што‑н., смяяцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.​Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.​Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.​М.​Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

галава́, -ы́, мн. гало́вы і (з ліч. 2, 3, 4) галавы́, -о́ў, ж.

1. Верхняя частка цела чалавека або жывёлы, якая складаецца з чарапной каробкі і твару або морды жывёлы.

Схіліць галаву ў знак павагі.

Схапіцца за галаву (таксама перан.: жахнуцца). Біць па галаве (таксама перан.: даваць заўвагі за няправільныя дзеянні, учынкі). Нічога не прыходзіць у галаву каму-н. (перан.: не можа ні пра што думаць, засяродзіцца).

2. Адзінка падліку жывёлы.

Сто галоў свіней.

3. перан. Розум, свядомасць, развага.

Чалавек з галавой.

Цвярозая г.

У яго міністэрская г. (пра дзелавога, разважлівага чалавека). Эх, ты, г., не ўцяміў простай рэчы... (іран.; пра някемлівага чалавека).

4. м., перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і.

Усёй справе г.

Гарадскі г. (уст.). Г. сям’і.

5. перан. Пачатак чаго-н., пярэдняя частка.

Г. дэманстрацыйнай калоны.

6. Харчовы прадукт у форме шара, конуса.

Г. сыру.

Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.

Брацца (узяцца) за галаву (разм.) —

1) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым-н.;

2) своечасова спахапіцца, зразумець.

Браць (узяць) у галаву што (разм.) — многа думаць пра што-н.

Валіць (перакладаць) з хворай галавы на здаровую (разм., неадабр.) — перакладваць віну на іншага.

Выкінуць з галавы каго-што (разм.) — перастаць думаць, забыцца пра каго-, што-н.

Галава і два вухі (разм., неадабр.) — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.

Галава садовая (разм., неадабр.) — пра някемлівага, неразумнага чалавека, разяву.

Галава як рэшата (разм.) — пра дрэнную памяць.

Дайсці сваёй галавой (разм.) — самастойна разабрацца ў чым-н.

Дурыць галаву (разм., неадабр.) — збіваць з панталыку сваімі патрабаваннямі, капрызамі.

Крукам (шастом) галавы не дастаць каму (разм., неадабр.) — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Лезці ў галаву (разм.) — неадступна, назойліва ўзнікаць, з’яўляцца ў думках.

Мець галаву (на плячах, на карку) (разм., неадабр.) — быць талковым і разумным.

На галаву (разм.) — у разліку на кожнага.

На сваю галаву (разм.) — сабе на клопат.

Прыйсці ў галаву (разм.) — з’явіцца, узнікнуць (пра план, намер і пад.).

Прытуліць галаву (разм.) — знайсці прытулак дзе-н.

Як снег на галаву (разм.) — нечакана, раптоўна.

|| памянш. гало́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ло́вак, ж. (да 1 і 6 знач.).

|| ласк. гало́вачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. галаўны́, -а́я, -о́е (да 1 і 5 знач.).

Г. мозг.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,

пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.

Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт. Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.

У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр. сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл. Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш. Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л. мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.

Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.

Літ.:

Мозг: Пер. з англ. М., 1984.

Я.​В.​Малашэвіч.

Галаўны мозг. Сагітальны разрэз галаўнога мозга: 1 — лобная доля; 2 — паясная звіліна; 3 — мазолістае цела; 4 — празрыстая перагародка; 5 — скляпенне; 6 — пярэдняя спайка; 7 — зрокавае перакрыжаванне; 8 — падталамічная вобласць; 9 — гіпофіз; 10 — скроневая доля; 11 — мост; 12 — прадаўгаваты мозг; 13 — чацвёрты жалудачак; 14 — мазжачок; 15 — водаправод мозга; 16 — патылічная доля; 17 — чатырохбугор’е; 18 — шышкападобнае цела; 19 — цемянная доля; 20 — таламус.
Паступовае ўскладненне галаўнога мозга ў пазваночных жывёл (від мозга зверху): А — мозг акулы, Б — жабы, В — алігатара; мозг млекакормячых: Г — тупайі, Д — каня, Е — чалавека (від збоку). 1 — нюхальная доля; 2 — нюхальная цыбуліна; 3 — эпіфіз; 4 — трэці жалудачак; 5 — зрокавая доля; 6 — мазжачок; 7 — прадаўгаваты мозг; 8 — прамежкавы мозг; 9 — чацвёрты жалудачак; 10 — вялікія паўшар’і; 11 — звіліна; 12 — баразна.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

hand

[hænd]

1.

n.

1) рука́ f. (кісьць)

2) пярэ́дняя ла́па

3)

а) наня́ты рабо́тнік

a factory hand — фабры́чны рабо́тнік

a farm hand — рабо́тнік се́льскае гаспада́ркі

б) мара́к -а́ m., экіпа́ж, кама́нда вадапла́ва

4) бок -у m.

At her left hand stood two men — Зь ле́вага бо́ку ад яе́ стая́лі два мужчы́ны

5) гадзі́ньнікавая стрэ́лка

6) по́чырк -у m.; по́дпіс -у m.

7) во́плескі pl. only.

8) здо́льнасьці pl., уме́льства n.

at first hand — зь пе́ршых рук, беспасрэ́дна ад каго́ (даве́дацца, атрыма́ць)

2.

v.t.

перадава́ць, уруча́ць

3.

adj.

ручны́

- at hand

- bind hand and foot

- by hand

- from hand to hand

- from hand to mouth

- give a hand

- hand and glove

- hand down

- hand in

- hand in hand

- hand out

- hand over

- hands down

- hands up!

- have one’s hands full

- in one’s hands

- join hands

- lay hands on

- off one’s hands

- on hand

- on one’s hands

- on the one hand

- on the other hand

- shake hands

- take in hand

- tieone’s hands

- wash one’s hands of

- at second hand

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

front

[frʌnt]

1.

n.

1) пе́рад чаго́

the front of the garden — пе́рад са́ду

a shirt front — пе́рад кашу́лі

2) пярэ́дні бок, фаса́д -а m.

3) Milit. фронт -у m.; перадавы́я пазы́цыі

service at the front — слу́жба на фро́нце

4) згуртава́насьць ро́зных гру́паў у змага́ньні (паліты́чным, эканамі́чным), фронт -у m.

the labour front — рабо́чы фронт

5) набярэ́жная f.; прымо́рскі бульва́р

6) informal прыкрыцьцё n.; фаса́д -у m.; шы́льда f.

The club was just a front for gangster activities — Клюб быў то́лькі прыкрыцьцём для гангстэ́рскае дзе́йнасьці

2.

adj.

1) пярэ́дні

the front line — пярэ́дняя лі́нія

2) Phon. пярэ́днеязы́чны (пра гало́сныя)

3.

v.t.

1) быць паве́рнутым пе́радам

Our house fronts the park — Наш дом паве́рнуты пе́радам да па́рку

2) супрацьстая́ць; супраці́віцца

4.

v.i.

1) выхо́дзіць на што (быць накірава́ным у які́-н. бок)

The house fronts on the sea — Дом выхо́дзіць на мо́ра

2) informal (for) служы́ць фаса́дам, прыкрыва́ць што

change front — завярну́ць (-ца) у і́ншы бок

in front of — пе́рад кім-чым

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пэўная доля чаго‑н. цэлага. Пятрок разрэзаў пасак на дзве часткі: сабе ўзяў большую. □ Віцю даў меншую. Паўлаў. Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася і абвалілася частка берага. Маўр. // Участак якой‑н. плошчы. Сядзіба з будынкамі МТС знаходзілася на ўскраіне раённага цэнтра, у той яго частцы, куды ўшчыльную падступаў густы малады бор. Якімовіч. Гутарка ішла пра панскі луг, частку якога Вільчыцкі штогод прадаваў «на скос». Брыль. // Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н., вылучаная з агульнага складу ці колькасці. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Чорны. Ліст пажоўк на бярозах. Частка яго ляжала на зямлі. Ермаловіч. // Доля, якая каму‑н. належыць; пай. [Уладзік:] — А кабылу я ўсё-такі вазьму. Няхай будзе гэта з тае часткі, якая мне з гаспадаркі належыць. Крапіва.

2. Састаўны кампанент, элемент цэлага. Праблема героя рамана з’яўляецца часткай агульнай праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры. Дзюбайла. // Прадмет, які ўваходзіць у сістэму якога‑н. адзінства; састаўны элемент якога‑н. арганізма, машыны і пад. Часткі прыёмніка. Запасныя часткі. Часткі цела. □ Сама ж кантора з’яўлялася часткай мураванага свірна з прасторным ацэментаваным падвалам. Колас. Пярэдняя частка.. моцнага тулава [зубра] цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі. // Раздзел, галіна і пад., якая характарызуе каго‑, што‑н. у якіх‑н. адносінах, з якога‑н. боку. У сваёй літаратурнай частцы.. [газета] па сутнасці прапагандавала эстэтычныя ідэі класічнай рускай літаратуры, мастацкія прынцыпы крытычнага рэалізму і народнасці. Ларчанка. Нарэшце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі. С. Александровіч.

3. Раздзел літаратурнага, музычнага твора. У 1954 г. Я. Колас надрукаваў апошнюю частку свайго рамана «На ростанях». Шкраба.

4. Аддзел якой‑н. установы, асобная галіна кіравання. Навучальная частка. □ Цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Лынькоў.

•••

Казённая частка — частка агнястрэльнай зброі, з якой яна зараджаецца.

Частка свету — адна з краін свету (Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Антарктыда).

Ірвацца на часткі — імкнуцца выконваць адразу мноства розных спраў, даручэнняў, абавязкаў. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Чорны.

Ірваць на часткі гл. ірваць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příďпярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)