прылада для вызначэння шчыльнасці рэчыва (часам т-ры) у газападобным, вадкім ці цвёрдым стане. Складаецца са шкляной пасудзіны (колба- або шарападобнай) з капілярнай трубкай, часам і з тэрмометрам. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзважванні яго з даследаваным рэчывам, аб’ём якога вызначаецца па шкале або па метках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЖЫ́М ЭКАНО́МІІ,
спосаб і характар гаспадарання, асновай якога з’яўляецца прынцып эканомнасці, мінімізацыі расходаў рэсурсаў, рэсурсазберажэння, рацыянальнай арганізацыі працы. Прадугледжвае скарачэнне страт, выдаткаў сыравіны, матэрыялаў, абсталявання, энергіі, працы, рабочага часу, выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў і інш. Важны фактар павышэння эфектыўнасці вытв-сці, асабліва ва ўмовах Беларусі, дзе дэфіцыт многіх відаў сыравіны і матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ, серыялізм (ад ням. serielle Musik),
у музыцы — від серыйнай тэхнікі, пры якім серыйны прынцып распаўсюджваецца больш чым на 1 параметр муз. кампазіцыі: вышыню, рытм, агогіку, тэмп і інш. Звязана з новай арганізацыяй муз. «прасторы-часу». Элементы С. сустракаюцца ў творах Л.Берыо, А.Веберна, Э.Дзянісава, Л.Нона, К.Штокгаўзена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дэмакра́тыя
(гр. demokratia)
1) форма дзяржавы, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады;
2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БОР ((Bohr) Нільс Хенрык Давід) (7.10.1885, Капенгаген — 18.11.1962),
дацкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Дацкай АН (1918), замежны чл.АНСССР (1929) і інш. акадэмій. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1908), з 1916 праф. гэтага ун-та. З 1920 дырэктар створанага ім Ін-та тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора). У 1943—45 працаваў у ЗША. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, ядз. фізіцы, па філас. праблемах прыродазнаўства і тэорыі пазнання. Прапанаваў (1913) квантавую мадэль атама (гл.Бора тэорыя), якая адыграла важную эўрыстычную ролю ў стварэнні квантавай механікі. Прадказаў спантаннае дзяленне ядраў урану, прапанаваў кропельную мадэль і тэорыю састаўнога ядра атама (1936). Сфармуляваў адпаведнасці прынцып і дапаўняльнасці прынцып. Удзельнік барацьбы з атамнай пагрозай. Нобелеўская прэмія 1922.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. науч. труды. [Т.]1—2. М., 1970—71.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІ́ЗМ,
рыса, форма і прынцып арганізацыі грамадскай дзейнасці і грамадскіх адносін; прынцып маралі, які раскрывае адносіны ўзаемадзеяння паміж людзьмі, асобай і калектывам, чалавекам і грамадствам. Мае шэраг гіст. форм. У стараж. грамадстве яго матэр. асновай была абшчынная ўласнасць, калект. размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў абшчыны. Ва ўсх.-еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, формай праяўлення К. была сельская абшчына (грамада), якая прадугледжвала роўнасць усіх яе членаў, самакіраванне, вырашэнне грамадскіх спраў на агульным сходзе і інш. Формамі К. былі таксама руская арцель, бел.талака, пазней — брыгадны падрад, калгас і інш. Для К. характэрны сумесная праца, супрацоўніцтва, узаемадапамога і ўзаемападтрымка, усведамленне і выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад інш. людзьмі, грамадствам, свядомае спалучэнне грамадскіх інтарэсаў з асабістымі і інш. Ён прадугледжвае такія адносіны паміж грамадствам і асобай, пры якіх развіццё грамадства стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, яе свабоды выбару і свабоды дзеяння. Процілегласць К. — індывідуалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯЭЛЕКТРО́НІКА (ад крыя... + электроніка),
крыягенная электроніка, адзін з кірункаў цвердацелай электронікі. Прылады К. характарызуюцца высокай адчувальнасцю, хуткадзеяннем, нізкім узроўнем цеплавых шумоў. Выкарыстоўваюцца для вымярэння магн. палёў, эл. напружанняў, інтэнсіўнасці інфрачырвонага выпрамянення ў вымяральнай і выліч. тэхніцы, ЗВЧ-апаратуры і інш.
Прынцып дзеяння прылад К. заснаваны на фіз. з’явах у цвёрдых целах пры крыягенных т-рах, напр., фазавы пераход нармальны метал — звышправаднік, квантаванне магн. патоку, Джозефсана эфект. Развіццё К. пачалося ў СССР, ЗША і інш. са стварэння ў 1953 крыятрона (мініяцюрнай пераключальнай прылады) і на яго аснове трыгера і квантрона, дзе інфармацыя запісваецца адзінкавымі квантамі магн. патоку. Ячэйка Кроу (асн. элемент крыягенных запамінальных прылад), прынцып дзеяння якой заснаваны на незатухальных эл. токах у звышправадніках, дазваляе захоўваць інфармацыю з надзвычай высокай шчыльнасцю ўпакоўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.Неймана і О.Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.
Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.
Літ.:
Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ.М., 1970;
Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;
Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.