ЗЕНІТА́ЛЬНЫЯ ДАЖДЖЫ́, трапічныя дажджы,

дажджы канвектыўнага тыпу з частымі навальніцамі ў тропіках Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Прыкладна адпавядаюць пары года, калі Сонца ў поўдзень стаіць паблізу зеніту. Каля экватара, у зоне вільготных трапічных лясоў, назіраюцца 2 перыяды такіх дажджоў — веснавы і асенні, т. зв. раўнадзенственныя дажджы. Па меры аддалення ад экватара працягласць іх скарачаецца, перыяды збліжаюцца, і каля тропікаў яны аб’ядноўваюцца ў адзін летні дажджлівы сезон. З.д. звязаны з сезоннымі перамяшчэннямі ўнутрытрапічнай зоны канвергенцыі. Вынікам змяшчэння ўвільгатнення ад экватара да тропікаў з’яўляецца змена прыродных зон — ад вільготных трапічных лясоў да саваннаў і трапічных пустынь.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,

сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.​Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКА»,

серыя сав. штучных спадарожнікаў Зямлі для рэтрансляцыі тэлевізійных праграм, далёкай тэлегр., тэлеф. і фотатэлегр. сувязі. Уваходзіць у склад сістэмы касм. сувязі «Арбіта». У 1965—92 запушчана каля 100 «М.». Арбіты (акрамя «М-1С») эліптычныя, сінхронныя, з вял. эксцэнтрысітэтам і апагеем над Паўн. паўшар’ем; выш. ў апагеі каля 40 тыс. км, у перыгеі — 460—650 км, перыяд абарачэння каля 12 гадз. Пры такіх арбітах працягласць сеансаў сувязі праз 1 ШСЗ 8—10 гадз у суткі, пры выкарыстанні 3 ШСЗ дасягаецца кругласутачная сувязь.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. «Маланка»: арбіта ШСЗ «Маланка-1» з апагеем над Паўночным паўшар’ем Зямлі.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, інтэргляцыял,

адрэзак часу паміж 2 ледавікоўямі ў антрапагенавым перыядзе. Працягласць М. каля 10—30 тыс. гадоў. Пачаткам з’яўляецца канец рэгрэсіўнай фазы папярэдняга ледавікоўя, заканчэннем — пачатак трансгрэсіі наступнага ледавіка. Характарызуецца пацяпленнем клімату, вызваленнем тэрыторый умераных шырот ад ледавіковага покрыва і ў сувязі з гэтым падняццем тэрыторыі (працэсы гляцыяізастазіі, гл. Ізастазія); ажыўленнем эразійных працэсаў, намнажэннем алювіяльных, азёрных і балотных адкладаў, развіццём расліннасці ад хвойных, мяшаных да шыракалістых лясоў (у перыяд кліматычнага оптымуму), а ў канцы М. — зноў хвойных. На тэр. Беларусі вылучаюць 4 М.: белавежскае (самае старажытнае), александроўскае, шклоўскае і муравінскае (гл. адпаведныя артыкулы).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́ЛІЦА, завіруха, завея,

перанос снегу ветрам у прыземным слоі паветра. Адрозніваюць замець (перанос снегу, што раней выпаў, на выш. не больш за 2 м ад паверхні зямлі), нізавую М. (больш за 2 м), агульную М. (выпадзенне снегу пры моцным, больш за 10 м/с, ветры). Агульная і нізавая М. выклікаюць значнае пагаршэнне бачнасці, зрэдку да 100 м і менш. На Беларусі ўзнікненне М. звязана пераважна з праходжаннем цыклонаў. Колькасць сутак з М. за год 14—28, у асобныя зімы ўдвая больш, сярэдняя працягласць адной М. 5—7 гадз, часам да 2—3 сутак.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),

безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.

Планёр «Янтар 2» (Польшча).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТЭМБРЫЯНА́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, паслязародкавае развіццё,

перыяд развіцця жывёл і чалавека пасля выхаду з абалонак або нараджэння да палаваспеласці. Пачынаецца адразу за эмбрыягенезам. Прамое П.р. адбываецца, калі арганізм мае асн. марфал. адзнакі палаваспелай асобіны; пры значным адрозненні лічынка, што вылупліваецца з яйца, пераходзіць да дарослага стану шляхам метамарфозу. У працэсе П.р. працягваецца рост, далейшае развіццё органаў, тканак, ускладненне функцый, станаўленне канчатковых прапорцый цела. У некат. жывёл П.р. займае большую ч. жыцця. Напр., у шэрагу цыкад лічынка жыве 17 гадоў, а палаваспелае насякомае — адно лета. Працягласць П.р. ў чалавека — 13—16 гадоў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНО́Е ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

комплекс тэлевізійнай апаратуры для перадачы і прыёму візуальнай інфармацыі для навук., арганізац., вытв. і інш. прыкладных мэт. У адрозненне ад вяшчальнага тэлебачання П.т. разлічана на прыём відарыса абмежаванай колькасцю прыёмнікаў і з’яўляецца замкнёнай тэлевізійнай сістэмай.

Бывае чорна-белае, каляровае, мона- і стэрэаскапічнае, шматракурснае і галаграфічнае. Кіраванне тэлевізійнай перадавальнай камерай, як правіла, дыстанцыйнае. Лінія сувязі (кааксіяльны кабель, аптычнае валакно, радзей радыёлінія) перадавальнай і прыёмнай апаратуры мае невял. працягласць. Параметры сістэм П.т. вызначаюцца галіной іх выкарыстання. Апаратура П.т. можа ўстанаўлівацца ў агрэсіўных асяроддзях, пад вадой, у месцах з павышанай радыяцыяй, высокай т-рай і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

length [leŋθ] n.

1. даўжыня́;

5 metres in length5 ме́траў у даўжыню́

2. праця́гласць;

Films of this length are pretty rare. Фільмы такой працягласці даволі рэдкія.

at length

1) падрабя́зна;

We’ve discussed the subject at length previously. Мы падрабязна абмеркавалі гэтую тэму раней.

2) lit. нарэ́шце, урэ́шце

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

велічыня́, ‑і; мн. велічыні, ‑чынь; ж.

1. Памер, аб’ём, працягласць чаго‑н. Стол сярэдняй велічыні. □ Знадворку.. хата сапраўды мела.. прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Колас.

2. Колькасць чаго‑н.; сума; лік. Велічыня зарплаты. Велічыня асігнаванняў.

3. Спец. Усё тое, што можна вымераць, злічыць. Пастаянная велічыня. Зменная велічыня. Натуральная велічыня. Абсалютная велічыня.

4. перан. Пра што‑н. выдатнае ў тых ці іншых адносінах. Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)