краіна на ПнУПаўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс.км². Нас. 132 тыс.чал. (1993). Цэнтр — г.Каена. Афіц. мова — французская.
Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.
Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).
Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел.прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада БНР. Створана 18.3.1918. Складалася з членаў Рады Усебеларускага з’езда 1917, якая на сходзе дэлегатаў з’езда (18.12.1917 у Мінскім дэпо Лібава-Роменскай чыгункі) была прызнана «найвышэйшай установай краю». У адпаведнасці з пастановай гэтага сходу папоўнена прадстаўнікамі гарадоў, земстваў і нац. меншасцей. 19.3.1918 Рада прыняла палажэнне аб вярх. уладзе Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім абвяшчалася, што ні адзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР. 27.3.1918 Рада абвясціла, што бярэ на сябе паўнату ўлады на Беларусі. Пасля кааптацыі членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (12.4.1918) Рада стала адзіным цэнтрам бел. незалежніцкага руху. Вакол яе на антыбальшавіцкім і антысав. грунце гуртаваліся паліт., прафес. і рэліг. арг-цыі нац. меншасцей. Колькасны склад Рады вагаўся ў залежнасці ад паліт. абставін. Рада фарміравала ўрад БНР (гл.Народны сакратарыят Беларусі, Рада народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі). У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР, у складзе Рады дзейнічалі камісіі. Старшынямі Рады БНР былі Я.Серада (да чэрв. 1918) і Я.Лёсік. Адносіны ням.акупац. улад да Рады БНР вагаліся ад варожых да цярпімых, аднак урад Германіі не прызнаў Раду і ўрад БНР афіцыйна. Разглядаючы Беларусь як частку Расіі, ням. ўлады не давалі Радзе БНР магчымасці стварыць армію, паліцыю, суд і інш.дзярж. інстытуты. Дзейнасць Рады абмяжоўвалася сферамі асветы, культуры і часткова гаспадаркі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі і наступлення Чырв. Арміі Рада БНР па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай 12.1918 пераехала ў Вільню, а 27.12.1918 — у Гродна. Пасля акупацыі значнай часткі тэр. Беларусі польск. войскамі дзейнасць Рады была спынена. Яе дзейнасць аднавілася восенню 1919. У выніку барацьбы паміж с.-д. кіраўніцтвам Рады і апазіцыйнымі да яго Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў, якія вінавацілі А.Луцкевіча, Лёсіка і інш. у паланафільстве, 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня Лёсік) і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня П.Крачэўскі). Ганенні з боку польск. акупац. улад прымусілі дзеячаў Нар. рады эмігрыраваць у Рыгу. У канцы 1920 Найвышэйшая рада спыніла сваю дзейнасць і прызнала Нар. раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа. Нар. рада стала называцца Радай БНР. Пасля заключэння паміж БНР і Літвой дагавора аб узаемным прызнанні і супрацоўніцтве Рада БНР у ліст. 1920 пераехала ў Коўна (Каўнас). Адзіным паўнамоцным прадстаўніцтвам суверэнных правоў бел. народа Раду БНР прызнала Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага). Нежаданне Прэзідыума Рады БНР прызнаць правы Літоўскай Рэспублікі на Вільню прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж Радай і ўрадам Літвы. У ліст. 1923 Рада БНР пераехала з Коўна ў Прагу. Прэзідыум Рады адхіліў пастановы ўрада БНР і Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925, Берлін) аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля смерці Крачэўскага старшынёй Рады БНР стаў В.Захарка, які ў 1943 перадаў свае паўнамоцтвы М.Абрамчыку. У 1945 члены Рады пераехалі ў зах. зоны акупацыі Германіі. У лют. 1948 Рада спец. маніфестам абвясціла пра аднаўленне сваёй дзейнасці, а ў крас. 1948 адбыўся з’езд членаў Рады і прадстаўнікоў новай хвалі бел.паліт. эміграцыі, на якім Абрамчык стаў прэзідэнтам Рады БНР. Рэзідэнцыяй Рады БНР былі Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), потым Нью-Йорк. Пасля смерці Абрамчыка (1970) прыняты новы статут, паводле якога аднаўлялася пасада старшыні Рады БНР з 6-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў. Старшынёй Рады быў абраны В.Жук-Грышкевіч. У 1982—97 Раду ўзначальваў Я.Сажыч, які браў удзел у святкаванні ў Мінску 75-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён выказаў меркаванне, што мандат Рады БНР будзе перададзены ўраду Рэспублікі Беларусь, сфарміраванаму дэмакратычна абраным Вярх. Саветам. У ліп. 1993 3-я Усебел. канферэнцыя прызнала пастанову 2-й Усебел. канферэнцыі гіст. памылкай і заклікала Раду БНР не складваць свае паўнамоцтвы на карысць урада Рэспублікі Беларусь. У 1997 старшынёй Рады БНР абрана І.Сурвіла. Былі прыняты захады па стварэнні бел. лобі ў кангрэсе ЗША. Паколькі бел. эміграцыя традыцыйна галасуе за Рэсп. партыю, у пач. 2001 Прэзідыум Рады БНР вырашыў актывізаваць супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЭ́РТА-РЫ́КА (Puerto Rico),
Садружнасць Пуэрта-Рыка (ісп. Estado Libre Asociado de Puerto Rico, англ. Commonwealth of Puerto Rico), уладанне ЗША у Вест-Індыі, на аднайм. востраве (пл. 8,6 тыс.км²) і суседніх невял. астравах. Агульная пл. 9,1 тыс.км². Нас. 3916 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — ісп. і англійская. Адм. ц. — г.Сан-Хуан. Краіна падзяляецца на 78 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Прырода. Праз увесь востраў з З на У цягнецца хр. Кардыльера-Сентраль выш. да 1338 м (г. Пунта); уздоўж паўн. і паўд. берагоў раўніны і нізіны. На ПнЗ развіты карст. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: медныя, нікелевыя, марганцавыя руды, золата, каменная соль, мармур і інш. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры ў прыбярэжных раёнах 24—28 °C, у гарах на некалькі градусаў ніжэй. Ападкаў 1400—2500 мм за год на Пн і У, каля 900 мм на Пд і З, выпадаюць пераважна ў летне-асенні перыяд. У канцы лета бываюць ураганы. Рэкі кароткія, напаўняюцца вадой пасля ліўневых дажджоў. Вял. плошчы пад пусткамі. Натуральная расліннасць захавалася месцамі ў гарах. Пад лесам і хмызнякамі каля 16% тэрыторыі. На паўн. схілах гор — пальмы, дрэвы з каштоўнай драўнінай, каўчуканосы, на паўд. — засухаўстойлівыя хмызнякі і рэдкалессі. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Лукільё.
Насельніцтва. Больш за 99% складаюць пуэртарыканцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з неграмі і мясц. індзейцамі. Жывуць таксама амерыканцы ЗША і інш. Паводле антрапалагічнага складу каля 73% — белыя, каля 23% — мулаты, каля 4% — негры. Вернікі католікі (больш за 85%) і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 0,6% (2000). Сярэдняя шчыльн. каля 440 чал. на 1 км². Найб. населены прыбярэжныя раёны (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Сан-Хуан — 439,6 (з прыгарадамі і суседнімі гарадамі больш за 1 млн.ж.), Баямон — 236,7, Понсе — 193,6, Караліна — 192,1. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве і на транспарце — 8%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у сферы паслуг — каля 69%. Адбываецца пастаянная эміграцыя ў ЗША, там жыве каля 2,7 млн. пуэртарыканцаў (найб. у Нью-Йорку).
Гісторыя. Востраў заселены ў 1-м тыс.н.э. плямёнамі індзейцаў-аравакаў, якія называлі яго Борыкен. Адкрыты ў 1493 Х.Калумбам, які назваў яго Сан-Хуан-Баўтыста. У 1508 заваяваны іспанцамі на чале з Х.Понсе дэ Леонам. Ён заснаваў г. Пуэрта-Рыка (ісп. багаты порт), назва якога пазней перайшла на ўвесь востраў. У выніку таго, што да сярэдзіны 16 ст. індзейскае насельніцтва тут было амаль поўнасцю вынішчана іспанцамі, пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі. У 1835, 1838 і 1868 тут адбыліся паўстанні з патрабаваннем незалежнасці. У 1897 П.-Р. атрымаў абмежаваную аўтаномію з захаваннем вярх. улады ісп. губернатара. У часе іспана-амерыканскай вайны 1898 акупіраваны ЗША і адышоў пад іх уладу паводле Парыжскага мірнага дагавора (снеж. 1898). У 1900 утвораны мясц.заканад. орган — кангрэс П.-Р., але вышэйшая ўлада належала губернатару, які прызначаўся ўрадам. ЗША. Пазней П.-Р. атрымаў статус «арганізаванай, але не ўключанай у склад ЗША тэрыторыі», а яе жыхары — права амер. грамадзянства без прадстаўніцтва ў кангрэсе. У 1947 жыхары П.-Р. атрымалі права выбару губернатара. Паўстанне 1950 за незалежнасць П.-Р. задушана войскамі ЗША, але канстытуцыя 1952 абвясціла П.-Р. «свабодна далучанай да ЗША дзяржавай».
У паліт. жыцці П.-Р. з 1960-х г. дамінуюць Нар.-дэмакр. партыя, якая стаіць за захаванне цяперашняга статуса вострава, і Новая прагрэс. партыя, якая выступае за яго далучэнне да ЗША у якасці штата. На рэферэндумах 1967, 1993 і 1998 б.ч. пуэртарыканцаў выказалася за захаванне цяперашняга статуса П.-Р.
Гаспадарка. П.-Р. параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 38,1 млрд.дол. (каля 9,7 тыс.дол. на 1 чал.). У эканоміцы дамінуюць амер. кампаніі. Прадукцыя паступае ў ЗША без мытных пошлін, што дае вытворцам дадатковыя перавагі. Прам-сць дае 45% ВУП, сельская гаспадарка — 1%, абслуговыя галіны — 54%. У прам-сці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Невял. здабыча марганцавых і медных руд, золата, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 17,8 млрд.кВт∙гадз (1998), 98% на ЦЭС, якія працуюць на імпартаванай нафце. Найб. развіты нафтаперапр., нафтахім., хім., фармацэўтычная, электронная, эл.-тэхн. галіны. Меншае значэнне маюць харч. (вытв-сць цукру, рому, сокаў, фруктовых і рыбных кансерваў), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная, шкляная і керамічная прам-сць, выраб упрыгожанняў і цацак. Шмат прадпрыемстваў па зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў быт. тэхнікі. Саматужная вытв-сць вышывак, карункаў і вязаных вырабаў. Асн. цэнтры прам-сці: Сан-Хуан, Баямон, Понсе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 460 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 130 тыс.га (каля 40 тыс.га арашаецца), пад пашай і лугамі каля 330 тыс.га. На ўзбярэжжы ёсць плантацыі экспартных культур, ва ўнутр.ч. вострава — дробныя сялянскія гаспадаркі памерам 0,4—1,7 га. Больш за 60% с.-г. прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пераважае мясны кірунак, у раёне Сан-Хуана — малочны. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — каля 600, свіней — каля 200, курэй — больш за 10 000. Развіваецца рыбалоўства і лоў крэветак (каля 100 тыс.т штогод). У земляробстве найб. значэнне маюць экспартныя культуры: цукр. трыснёг, тытунь, ананасы, кава, бананы. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, кукурузу, агародніну. Унутраны транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 14,4 тыс.км, чыгунак 96 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Сан-Хуан, Гуаяма, Плая-дэ-Понсе. У краіне 21 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. (каля гарадоў Сан-Хуан і Агуадылья). У 1999 экспарт склаў 34,9 млрд.дол., імпарт — 25,3 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафтапрадукты, хім. і фармацэўтычныя тавары, электроніка, адзенне, рыбапрадукты, цукар; у імпарце — нафта, хімікаты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Гандаль пераважна з ЗША (88% экспарту, 60% імпарту), Венесуэлай (імпарт нафты), Японіяй, Дамініканскай Рэспублікай. Краіну наведваюць штогод больш за 4 млн. турыстаў (75% з іх з ЗША). Штогадовыя расходы турыстаў у краіне больш за 2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Пуэрта-Рыка.Ландшафт унутраных раёнаў Пуэрта-Рыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
узброенае звяржэнне Часовага ўрада і прыход да ўлады ў Расіі партыі бальшавікоў. У выніку К.р. 1917 устаноўлена савецкая ўлада, пачалася ліквідацыя капіталізму і пераход да сацыялізму. Марудлівасць і непаслядоўнасць дзеянняў Часовага ўрада пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у вырашэнні рабочага, агр. і нац. пытанняў, няўдачы ў 1-й сусв. вайне прывялі да паглыблення агульнанац. крызісу і стварылі перадумовы для ўзмацнення партый рэв. дэмакратыі ў цэнтры і нац. партый на ўскраінах Рас. імперыі. Найб. энергічна дзейнічалі бальшавікі, якія абвясцілі курс на сацыяліст. рэвалюцыю. Шляхі барацьбы за пераход ад бурж.-дэмакр. рэвалюцыі да сацыялістычнай былі распрацаваны У.І.Леніным у «Красавіцкіх тэзісах» і адобраны VII Усерас. (Красавіцкай) канферэнцыяй РСДРП [24—29.4(7—12.5).1917], якая пацвердзіла лінію на сацыяліст. рэвалюцыю, мірны пераход улады ў рукі Саветаў, сфармулявала эканам. праграму пераўтварэнняў у Расіі: рабочы кантроль за вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі, аб’яднанне ўсіх банкаў у адзін агульнанац. і ўстанаўленне над ім кантролю з боку Саветаў, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсёй зямлі ў краіне. У нац. пытанні канферэнцыя прызнала за кожнай нацыяй права на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самаст. дзяржавы. Красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы выявілі няздольнасць Часовага ўрада вырашаць супярэчнасці, што існавалі ў краіне. 20—21 крас. (3—4 мая) рабочыя і салдаты Петраграда (каля 100 тыс.чал.) і інш. гарадоў правялі дэманстрацыі з антыўрадавымі лозунгамі. Паліт. сітуацыя ў краіне няспынна абвастралася. 18.6.(1.7).1917 каля 500 тыс. рабочых і салдат Петраграда зноў выйшлі на дэманстрацыю пад заклікамі «Уся ўлада Саветам». 2(15) ліп. ў Петраградзе стыхійна пачалася дэманстрацыя рабочых і салдат, якая па загаду Часовага ўрада была расстраляна. Кіраўніцтва бальшавікоў вымушана было пайсці ў падполле. Гэта істотна змяняла паліт. становішча, мірны перыяд рэвалюцыі скончыўся.
Зыходзячы з росту радыкальных настрояў сярод шырокіх пластоў насельніцтва, Ленін абгрунтаваў курс на ўзбр. паўстанне, як адзіны сродак заваёвы ўлады. Гэты курс адобрыў VI з’езд партыі бальшавікоў [26.7(8.8)—3(16).8.1917]. Абапіраючыся на рашэнні з’езда, бальшавікі актывізавалі сваю паліт. дзейнасць. Прыхільнікі «парадку» схіляліся да ўстанаўлення ваен. дыктатуры ў краіне. Стаўка была зроблена на Вярх. галоўнакамандуючага ген. Л.Г.Карнілава. Актыўны ўдзел у ліквідацыі Карнілава мяцяжу спрыяў росту ўплыву бальшавікоў. У жн.—кастр. 1917 колькасць членаў РСДРП павялічылася амаль ў 1,5 раза і дасягнула 350 тыс.чал. Да канца жн. — пач. верасня бальшавікі заваявалі большасць у Саветах Петраграда і Масквы і пачалі падрыхтоўку ўзбр. паўстання, прымеркаваўшы яго да адкрыцця Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 21 і 22 кастр. (3—4 ліст.). Петраградскі Ваенна-рэв.к-т [створаны 12(25).10.1917] узяў на сябе кіраўніцтва гарнізонам, замяніў камісараў, прызначаных Часовым урадам. 23 кастр. (5 ліст.) на бок бальшавікоў перайшоў гарнізон Петрапаўлаўскай крэпасці. У гэты ж дзень ЦКРСДРП(б) пасля даклада Леніна прыняў рэзалюцыю, якая прызнала паўстанне наспелым і непазбежным і прапанавала ўсім парт. арг-цыям кіравацца гэтым рашэннем. У ноч на 25 кастр. (7 ліст.) 1917 бальшавікі пачалі ўзбр. паўстанне, занялі асн. лініі сувязі ў сталіцы, адрэзалі ўрад ад краіны, а ў ноч на 26 кастр. (8 ліст.) узялі Зімні палац, дзе засядаў урад, і арыштавалі яго членаў. Раніцай бальшавікі перадалі захопленую ўладу II Усерас. з’езду Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органу нар.прадстаўніцтва, які абвясціў аб пераходзе ўлады ва ўсёй краіне да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Партыі меньшавікоў-інтэрнацыяналістаў, Бунд, эсэраў (за выключэннем левых), асудзілі «ваенную змову» бальшавікоў і пакінулі з’езд. З’езд прыняў дэкрэты аб міры, аб зямлі, сфарміраваў урад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Леніным, выбраў заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган улады — Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ВЦВК). У яго склад увайшлі 62 бальшавікі, 29 левых эсэраў і прадстаўнікі інш. партый. Гэта азначала, што бальшавікі не адмаўлялі магчымасці супрацоўніцтва з рэв.-дэмакр. партыямі. Новы ўрад абяцаў склікаць у ліст. 1917 Устаноўчы сход. Пасля падаўлення ў Петраградзе і Маскве супраціўлення сіл, верных Часоваму ўраду, бальшавікі хутка ўстанавілі кантроль над асн.прамысл. цэнтрамі Расіі. Гал.паліт. праціўнік бальшавікоў — партыя кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя), была аб’яўлена па-за законам, арыштаваны шэраг яе лідэраў, забаронены апазіц. друк. Нягледзячы на гэта, на выбарах ва Устаноўчы сход [12(25).11.1917] бальшавікі атрымалі толькі каля 25% галасоў выбаршчыкаў. 5(18).1.1918 Устаноўчы сход, які адмовіўся прызнаць уладу Саветаў, разагнаны бальшавікамі. Гэта прывяло да далейшага расколу краіны. Пачалася Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе прадвызначыла зыход барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. 25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і яго ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, які абвясціў сябе ўладай на тэр. Беларусі і Зах. фронце. У адказ прыхільнікі Часовага ўрада стварылі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада. Загадам ВРК 4(17).11.1917 К-т распушчаны. У ноч на 19 ліст. (3 снеж.) пад націскам рэв. салдат і рабочых Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі прадстаўнікі эсэраў, меншавікоў і Бунда, прызнаў уладу ў Петраградзе, стварыў Ваенна-рэв.к-т. У тую ж ноч разгромлена стаўка Вярх. галоўнакамандуючага. На працягу 3 тыдняў [да 20.11(3.12).1917] на неакупіраванай тэр. Беларусі закончыўся пераход улады да Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, створаны органы сав. улады. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., II з’езд армій Зах. фронту выбралі выканкомы і Франтавы к-т, якія 26.11(9.12).1917 аб’ядналіся і на іх аснове разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў выбраны вышэйшы орган улады Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і створаны выканаўчы орган Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Гэтым жа рашэннем быў зацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Заходняй вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады ў Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Адначасова з фарміраваннем новых органаў улады расфарміроўваліся старыя органы кіравання — земскія ўправы, гар. думы і г.д. Ажыццяўлялася нацыяналізацыя прам-сці, уводзіўся 8-гадз. рабочы дзень, праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, фабрычна-заводскія к-ты і прафсаюзы ўстанаўлівалі рабочы кантроль над вытв-сцю. Паліт. сітуацыя ў Беларусі ўскладнялася нявырашанасцю нац. пытання. Кіраўніцтва Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б) адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці, што выявілася ў разгоне 18(31).12.1917 Усебеларускага з’езда, які не прызнаў сав. ўладу.
Існуе шырокі спектр ацэнак К.р. 1917: ад сцвярджэння аб тым, што рэвалюцыя была спробай стварэння сацыялізму, як дэмакр. ладу сац. справядлівасці да нац. катастрофы, якая прывяла да значных ахвяр і ўсталявання таталітарнай сістэмы.
Кр.: Великая Октябрьская социалистическая революция: Сб. док. и материалов. Кн. [1—10]. М., 1957—63; Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957; Декреты Советской власти. Т. 1—13. М., 1957—89; Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Т. 4. Мн., 1954.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918 гг.). Мн., 1962;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;
Керенский А.Ф. Россия на историческом повороте: Мемуары: Пер. с англ.М., 1993;
Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;
Ленин В.И. О Великой Октябрьской социалистической революции. 4 изд. М. 1987;
Яго ж. О социалистической революции. Т 1—2. 2 изд. М., 1987;
Минц И.И. История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79;
Милюков П.Н. Воспоминания. М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Саладков И.И. Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917 — февраль 1918). Мн., 1957;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1—3. М., 1991—92;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Яго ж. Уроки Октября. СПб., 1991;
Верт Н. История советского государства, 1900—1991: Пер. с фр. 2 изд. М., 1995;
Карр Э.Х. Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929: Пер. с англ.М., 1990;
Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989;
Пайпс Р. Русская революция: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1994.
Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Адозва ВРК пры Петраградскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 25.10.1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Чырвонагвардзейцы трамвайнага парка ў Замаскварэччы. Масква. Кастрычнік 1917.Да арт.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Салдацкі мітынг на Заходнім фронце ў кастрычніцкія дні 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм.прадстаўніцтвабел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.