ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),

бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.​Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.​Грыгор’еў).

Тв.:

Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;

Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;

Маці і сын. Беласток, 1992;

Белы сон. Мн., 1990;

Споведзь. Мн., 1993.

Літ.:

Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;

Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;

Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.

М.​У.​Скобла.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асе́ць, осець, восець, сець. Геаграфічнае пашырэнне слова і яго фанетычных варыянтаў гл. у ДАБМ, к. 233. Пра пабудову асеці гл. Малчанава, Мат. культ., 38–40. Рус. осеть, асеть адзначаецца, паводле Даля, на захадзе, дакладней: смал., пск., бранск., укр. чарніг. о́сить, польск. усх. osieć. У беларускіх помніках з 1579 (Карскі, 1, 293). Геаграфія слова быццам бы ўказвае на латышскую мову як крыніцу гэтага слова. Таму трэба ўказаць лат. sẽrt ’класці зерне ў сушню’, sęrt ’класці зерне ў сушню’, sęrs зерне, пакладзенае для сушкі’, а таксама sę̃ta ’мужыцкі дом’, ’дом наогул’, двор’, sę̃tas māja ’будынак у двары’, sẽtiena ’частка двара’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 820, 931, 833). Спробы этымалагічнага тлумачэння слова пакуль што не далі выніку. Нельга прыняць тлумачэнне Брукнера, 383, які параўноўваў слова з ц.-слав. сетьн‑ ’апошні ці посѣтити ’наведаць’; Фасмер (3, 159) слушна адкідвае спробы этымалогій Петарсана, 64–65, які імкнуўся звязаць асець з лац. sitisпрага’, siccus сухі’ (Вальца–Гофман, 2, 548, іначай), ст.-інд. kṣā́yati спальвае, абжытае’, грэч. ξηρός ’сухі’. Той факт, што, паводле Мацкевіч, Працы IM, 2, 149, асець ’частка току, дзе сушаць снапы’ (магчыма, гэта значэнне пазней не пацверджана, бо ў ДАБМ адсутнічае), не дазваляе цалкам адкінуць магчымасць сувязі з рус. осек (зафіксаваным яшчэ Сразнеўскім) ’загароджанае месца, выган, агарод, агароджа’. Аднак найбольш верагодна сувязь беларускага слова з латышскімі, што патрабуе далейшага ўдакладнення. Гл. Коген, Запіскі, 2, 9, 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туга́ ‘смутак, маркота, журба’, ‘пачуццё нуды’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Ласт., ТС, Вруб., Булг.; барыс., Шн.), ту́га ‘жаль, клопат, журба’ (Нас., Арх. Федар., Мядзв., Растарг.), сум‑туга́ ‘маркота, роспач’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тоуга ‘жаль, крыўда, журба’ (XVII ст., Карскі 2–3, 436). Укр. туга́, рус. туга́, стараж.-рус. туга ‘прыгнечанне; мука; сум, бяда’, польск. tęga (запазычанае з беларускай ці ўкраінскай мовы, або з чэшскай, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400), н.-луж. tuža ‘прыгнечанасць, гора, пакуты’, в.-луж. tuha ‘спякота’, ‘прыгнечанасць’, чэш. touhaпрага, імкненне’, ‘сум’, славац. túha ‘сум’, славен. tóga ‘гультайства’, ‘сум, туга, скруха’, харв. túga, серб. ту́га ‘тс’, макед. тага ‘тс’, балг. старое ту́га ‘мука’, тъга̀ ‘смутак, маркота, журба’, ‘туга’, ст.-слав. тѫга ‘страх, трывога; смутак’, ‘цяжкасці, пакуты, мукі’. Прасл. *tǫga ‘душэўны цяжар, цяжкі настрой’ ад і.-е. *thonghā́ < і.-е. асновы *thengh‑ ‘цягнуць, цягнуць пад гору’, ‘быць цяжкім’ (Сной₂, 769). Паводле ESJSt, 974 — nomen actionis ад кораня *tęg‑ ‘цягнуць’, г. зн. ‘тое, што цягне’; раней — Мяркулава, Этимология–1981, 62. Сувязь з *tǫgъ ‘тугі, цвёрды, нацягнуты’ дапускае Якубовіч (Этимология-2000–2003, 190), гл. тугі. Магчыма, сюды ж серб. дыял. ту́го! — выклічнік для выражэння болю, страху (СДЗб, 52, 399; 57, 940). Вытворныя тужлі́вы ‘поўны тугі’, ‘які выклікае тугу’, тужлі́васць ‘туга, нуда, журба’, тужы́ць ‘сумаваць, нудзіцца, журыцца, гараваць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Шат., ТС), а таксама выразы ту́жыкі есці ‘есці памінальны абед’ (Шат.), ту́жыкі спраўляць ‘тужыць’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),

бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад. Нац. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-р філал. н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.​Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.​Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Давер. Мн., 1967;

Прага духоўнасці. Мн., 1975;

Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Покліч жыцця. Мн., 1987.

Дз.​Я.​Бугаёў.

В.А.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ (Барыс Аляксандравіч) (н. 23.1.1912, Масква),

расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1937). Ў 1937—43 рэжысёр (з 1939 маст. кіраўнік) Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1943 рэж., у 1952—63 і 1967—82 гал. рэж. Вял. т-ра ў Маскве. З 1954 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Заснавальнік (1972), маст. кіраўнік і рэжысёр Маскоўскага музычнага камернага тэатра. Яго пастаноўкам уласцівы высокая маст. культура, падкрэсленая тэатральнасць, смелы рэжысёрскі пошук. Сярод пастаўленых ім спектакляў: у Горкаўскім т-ры — «Ніжагародцы» Э.​Напраўніка (1942); у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета — «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Ваявода» П.​Чайкоўскага (1949); у Вял. т-ры — «Варожая сіла» А.​Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (1948), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава і «Галька» С.​Манюшкі (абодва 1949), «Аіда» (1951), «Травіята» (1953), «Фальстаф» (1962), «Атэла» (1978) Дж.​Вердзі, «Снягурачка» Рымскага-Корсакава (1954), «Сямён Катко» (1970) і «Гулец» (1974) Пракоф’ева, «Руслан і Людміла» М Глінкі (1972), «Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі і «Мёртвыя душы» Р.​Шчадрына (1977), «Арлеанская дзева» Чайкоўскага (1990), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1993), «Хаваншчына» М.​Мусаргскага (1995), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (1998) і інш. Шэраг спектакляў паставіў за мяжой, у т. л. «Вогненны анёл» Пракоф’ева (1981, Прага). У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага (1944, вызначалася нац. своеасаблівасцю) і «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945). Аўтар кніг па пытаннях муз. т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1949, 1950. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1994.

Літ. тв.: Об оперной режиссуре. М., 1973; Размышления об опере. М., 1979; Беседы об опере М., 1981; Ступени профессии. М., 1984; Сотворение оперного спектакля. М., 1985; Введение в оперную режиссуру. М., 1985.

Літ.:

Чудновский М.А. Режиссер ставит оперу... М., 1967;

Б.​А.​Покровский ставит советскую оперу. М., 1989.

І.​В.​Глушакоў.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лю́бы, лю́бый ’які выклікае пачуццё любві; блізкі, дарагі, мілы сэрцу, каханы’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС; мядз., Сл. ПЗБ), ’той, каго любяць, шкадуюць’ (КЭС, лаг.). Укр. лю́бий ’тс’, люб ’мілы’, лю́ба ’каханая’; рус. люб, любый (люба ’каханая’); польск. устар. luby, н.- і в.-луж. luby (прыметнік і назоўнік), палаб. lʼaibě (< ljubъjь); чэш. libý, ст.-чэш. ľubý, ľub, ľúb, славац. ľúby (ľúba ’каханая’); славен. ljȗb, ljúba ’мілы, каханы, дарагі’ (ljúbi ’каханы’, ljȗba ’каханая’), серб.-харв. паўн.-зах. љуб (з XVII ст. і як назоўнік), љу́ба ’жонка’, макед. љуба ’каханая’, ’жонка’, балг. люба ’любка, каханая’, ст.-слав. любъ ’мілы, прыемны’. Прасл. lubъ ’мілы, прыемны, каханы’ (Слаўскі, 4, 360–362), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. liaupsė́ ’пашана’, ’хвалебная песня’, liáupsinti ’ўсхваляваць’, ст.-інд. lúbhayati ’моцна жадае’, lōbhas ’жаданне, прага’, lōbháyati ’ўзбуджае жаданне’, гоц. liufs, ст.-в.-ням. liob, н.-в.-ням. lieb, ст.-грэч. λυπτά ’юрлівая’, ’каханка’, лац. lubet (libet) ’мне падабаецца’, ’я жадаю, маю ахвоту’, lubīdō, libīdō ’страснае жаданне’, алб. laps ’жадаю, прагну’ — і.-е. *leubhos (Фасмер, 2, 544; Слаўскі, 4, 360–362; Скок, 2, 337–339; Бязлай, 2, 146; Шустар-Шэўц, 12, 864; БЕР, 3, 572; Трубачоў, Эт. сл., 15, 181–182). Сюды ж лю́бенькі, любе́нькі, лю́бінькі, любу́нка — ветлівы зварот да людзей, любе́й ’мілей’, любе́йшы ’мілейшы’ (Бяльк., Шат., Нас., Мікуц., Рам. 8–9; КЭС, лаг.), лю́ба, лю́бо ’міла, з любоўю’, ’падабаецца’, ’па сэрцу’, ’добра’ (ТСБМ, Бяльк., Растарг., ТС; калінк., З нар. сл.; воран., Сл. ПЗБ), любя ’даспадобы’ (мядз., Жыв. сл.)

Любы́ ’кожны, усякі’, ’які хочаш (на выбар)’, ’абы-хто’ (ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.; брасл., Сл. ПЗБ), рус. любой, ст.-рус. любой ’які хочаш’ (XVI ст.), славен. poljúben, чэш. libovolný, славац. ľubovolný ’тс’. Да лю́бы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАМЕ́Р (Homēros),

паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.​Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.​Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.​Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.​Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.​Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;

Рус. пер. — Илиада;

Одиссея. М., 1967.

Літ.:

Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;

Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;

Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;

Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),

бел. паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел. культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел. навук. т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.​Луцкевічам, В.​Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел. Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

Тв.:

Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);

Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.

Літ.:

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;

Станкевіч А Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.

Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

А.​К.​Каўка.

І.І.Луцкевіч.

т. 9, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.​А.​Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.​Бадунова (БПС-Р) і В.​І.​Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.​Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.​Ю.​Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.​Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,

орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.​Варонка, нар. сакратары: П.​Бадунова (апекі), Г.​Белкінд (фінансаў), Я.​Я.​Бялевіч (юстыцыі), Т.​Т.​Грыб (земляробства), Л.​Гутман (яўр. спраў), К.​Б.​Езавітаў (вайск. спраў), П.​У.​Злобін (велікарускіх спраў), А.​Карач (пошты і тэлеграфа), П.​А.​Крачэўскі (кантролю), І.​Макрэеў (унутр. спраў), В.​Рэдзька (шляхоў зносін), Я.​Серада (нар. гаспадаркі), А.​А.​Смоліч (асветы). Казначэй — В.​І.​Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.​І.​Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел. с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.​А.​Скірмунт (старшыня), К.​А.​Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.​М.​Вернікоўскі), П.​П.​Аляксюк і Р.​К.​Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.

Літ.:

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн. 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.): Мн., 1999.

Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)