КІНАПАНАРА́МА,

сістэма кінематографа, дзе для здымкі і дэманстрацыі фільмаў выкарыстоўваюцца 3 звычайныя кінаплёнкі шырынёй 35 мм, 9-канальная фанаграма (у ЗША 7-канальная), запісваецца на асобную магн. стужку. Здымка праводзіцца спец. кіназдымачным апаратам, які мае 3 аб’ектывы і 3 стужкапрацяжныя механізмы і на кожнай з плёнак атрымліваюць 1/3 (па шырыні) усяго відарыса. Узнаўленне на ўвагнутым цыліндрычным кінаэкране адбываецца з дапамогай 3 кінапраекцыйных апаратаў. Гучнагаварыцелі размяшчаюцца за экранам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЎПАРАДКАВА́ННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі ляснога фонду і рацыянальным лесакарыстанні, На Беларусі пачата ў 1921. Уключае: арганізацыю тэрыторый лесагасп. прадпрыемства; вызначэнне лясных рэсурсаў, катэгорый ахоўных лясоў; праектаванне лесагасп., лесааднаўленчых, лесамеліярац. і інш. работ. Праводзіцца Бел. лесаўпарадкавальным ВА «Белдзяржлес» кожныя 10 гадоў (у 1945—96—5 разоў). З канца 1990-х г.т.зв. бесперапыннае Л. (змяненні ў стане ляснога фонду фіксуюцца штогод). Адначасова з Л. могуць весціся глебава-тыпалагічныя абследаванні і паляўніцтваўпарадкаванне.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУШЧЭ́ННЕ,

паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.

Л.​В.​Круглоў.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАРГАРЫ́НАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1946—51 у Мінску. У 1953 уведзены ў эксплуатацыю маянэзны цэх. З 1994 адкрытае акц. т-ва. У апошнія гады праводзіцца рэканструкцыя прадпрыемства: уведзены новы 4-павярховы вытв. корпус, склад-халадзільнік, падстанцыя, халадзільна-кампрэсарная, водаачышчальныя збудаванні. Вытв. магутнасці да 9,5 тыс. т маянэзу і 33 тыс. т маргарынавай прадукцыі за год. Асн. прадукцыя (1999): маргарын, маянэз, кулінарныя тлушчы, сланечнікавы і рапсавы алей рафінаваны і дэзадараваны.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дня (у 1 знач.). Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны. Ледзь-ледзь варушыцца лісце, спачываючы ад дзённай спёкі. Брыль. // Які адбываецца, праводзіцца днём, удзень. Дзённы спектакль. Дзённая разведка. □ Восеньскі дзень схіляўся пад вечар, дзённая змена ішла дамоў. Гурскі. // Прызначаны для дзейнасці або адпачынку ўдзень. Ноччу над лётным полем стаяла цішыня, тут была дзённая авіяцыя. Лынькоў. Змрокам з дзённай схованкі выходзіў Віктар. Лобан.

2. Які адбываецца, праводзіцца на працягу аднаго дня (у 1, 2 знач.), разлічаны на адзін дзень. Дзённы заработак. Дзённая выпрацоўка. Дзённае заданне. Дзённы пераход. Дзённы рацыён.

•••

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стэнд

(англ. stand)

1) шчыт для аб’яў, дыяграм, картаграм і іншых экспанатаў;

2) месца на заводзе, дзе праводзіцца зборка і выпрабаванне сабраных машын і механізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шлю́пачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шлюпкі, прызначаны для яе. Шлюпачны компас. Шлюпачны кіль. // Прызначаны для вырабу, рамонту ці захоўвання шлюпак. Шлюпачныя майстэрні. // Які праводзіцца, здзяйсняецца пры дапамозе шлюпкі, шлюпак. Шлюпачныя спаборніцтвы. Шлюпачнае плаванне. Шлюпачны пераход.

2. Звязаны з плаваннем на шлюпках, з іх абслугоўваннем. Шлюпачная каманда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРАНАВА́ННЕ,

агратэхнічны прыём паверхневай апрацоўкі глебы, догляду і інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур. Праводзіцца з мэтай раздрабнення і разрыхлення ворнага пласта, выраўноўвання ўзаранай паверхні, загортвання насення (пры раскідной сяўбе) і мінер. угнаенняў, а таксама частковага знішчэння праросткаў і ўсходаў пустазелля. Робіцца на глыб. да 10—15 см баронамі раздзельна або адначасова з узворваннем, культывацыяй, прыкочваннем. Памяншае страты глебавай вільгаці, паляпшае паветра- і водапранікальнасць глебы, узмацняе мікрабіял. працэсы, актывізуе назапашванне засваяльных раслінамі пажыўных рэчываў.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,

міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац. муз. культур.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЕНА́ЛЕ (ад італьян. biennale двухгадовы),

мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)