франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць удзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв. працэс быў засн. на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г.), калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Максім Адамавіч (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошукнац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕБАЧАННЕ
Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.Броўкі і П.Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.
У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.Коласа (1958, рэж. усіх У.Кухта), «Суд» У.Галубка (1958, рэж. М.Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.Горкага (абодва 1959, рэж. В.Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.
Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.
Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, рэж. А.Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.Карпілаў).
У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).
З сярэдзіны 1960-х г.Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, У.Станкевіч, А.Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.Купалы (1967, рэж. Ю.Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968, рэж. А.Гутковіч), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969, рэж. В.Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.
У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.Ардашнікаў і А.Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.
У 1980-я г.Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мінпаліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.
У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.
У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.
Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.Мацяш, «Сон душы» паводле М.Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.
З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.
У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).
БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.
«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп.спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.Васільева, С.Арланаў, С.Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».
СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.
З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.
У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.
На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.
Літ.:
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;
Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;
Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.
Л.Ф.Шылава.
Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА.
Да 1960-х г. галоўная роля ў перамяшчэннях насельніцтва Беларусі належала знешняй міграцыі. Беларусь інтэнсіўна страчвала частку свайго насельніцтва ў выніку абмену з РСФСР, Украінай, Казахстанам, рэспублікамі Прыбалтыкі. Па меры развіцця вытворчых сіл і павелічэння колькасці працоўных месц на працягу 1960—80-х г. знешняя міграцыя стала памяншацца і вядучае месца занялі перамяшчэнні ўнутры краіны — з вёсак у гарады і з дробных гарадоў у буйныя. Кардынальныя змены ў аб’ёмах, інтэнсіўнасці і накіраванасці міграцыйных патокаў адбыліся ў 1980-я — пач. 1990-х г., што звязана з пачаткам перабудовы ў эканам. і паліт. жыцці краіны, а таксама з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) і яе наступствамі. У першыя дні пасля катастрофы з найб. небяспечнай 30-кіламетровай зоны эвакуіравана 24,7 тыс.чал. У 1990—96 у чыстыя раёны краіны пераселена амаль 61 тыс.чал., самі выехалі 45,6 тыс.чал. (разам 40 тыс. сем’яў); з забруджаных радыенуклідамі раёнаў усяго выехала больш за 130 тыс.чал. З сярэдзіны 1990-х г. некаторыя сем’і пачалі вяртацца ў забруджаныя раёны. У 1999 на забруджаных тэрыторыях жыло каля 16% усяго насельніцтва краіны.
На змену тэндэнцыі міграцыйных працэсаў істотна паўплываў распад СССР, у выніку чаго міжрэспубліканская міграцыя насельніцтва ператварылася ў міжнародную. Рэзка паменшыліся аб’ёмы эканам., сваяцкіх, навучальных міграцый, затое выраслі аб’ёмы рэпатрыяцыйных патокаў, бежанцаў і перасяленцаў, выкліканых стрэсавымі сітуацыямі (эканам. і паліт. крызіс, ваен. канфлікты). У абмене насельніцтвам з іншымі дзяржавамі па гадах адзначаюцца істотныя адхіленні сальда міграцыі ў той ці іншы бок. Напр., сальда знешняй міграцыі на Беларусі ў 1985 было +0,2 тыс.чал., у 1986 -15,8, у 1989 +10,3, у 1990 -32, у 1992 +53,6, у 1993 +32,4, у 1994 -3,3, у 1998 +19,9, у 2002 +6,6 тыс.чал. Па ўсіх унутрыдзяржаўных патоках сальда міграцыі было дадатным для гарадоў і адмоўным для сельскай мясцовасці. Сальда міграцыі паміж Беларуссю і краінамі СНД і Балтыі было дадатным для гарадоў і для сельскай мясцовасці; сальда міграцыі з краінамі далёкага замежжа было адмоўным і для гарадоў, і для сельскай мясцовасці Беларусі.
Знешнюю міграцыю насельніцтва ўмоўна падзяляюць на міграцыю з краінамі СНД і Балтыі і міграцыю з іншымі дзяржавамі свету. Гэтыя патокі маюць розныя аб’ёмы і накіраванасць (гл.табл. 25, рыс. 4).
У 1990-я г. Беларусь мела дадатнае сальда міграцыі практычна з усімі былымі рэспублікамі СССР. З часам гэты міграцыйны абарот пастаянна зніжаецца (гл.табл. 26).
Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываецца з Расіяй, Украінай і Казахстанам (91,5% ад усіх, хто прыбыў на Беларусь). Дынаміка міграцыйных патокаў з блізкім замежжам абумоўлена шэрагам фактараў. Стрымліваюць насельніцтва на месцах эканам. фактары (раз’яднанне валютных сістэм, недахоп сродкаў для пераезду, адсутнасць перспектыў набыцця жылля, занепакоенасць з прычыны магчымых цяжкасцей з працаўладкаваннем) і адміністрацыйныя (праблемы з грамадзянствам, з вылічэннем працоўнага стажу для атрымання пенсіі і інш.). Уплываюць таксама раздзяленне ўзбр. сіл і перавод ваеннаслужачых на службу па месцы прызыву і інш. прычыны.
У 1990 сальда міграцыі з краінамі Балтыі склала +4,6 тыс.чал. Сярод асоб, што прыбылі на Беларусь, пераважалі вяртанцы, якія выехалі з рэспублікі ў папярэднія гады (94,9% з іх — беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі). Сярод зарэгістраваных імігрантаў 40—50% склалі асобы тытульнай нацыянальнасці (з краін Балтыі больш за 50%). Рээміграцыя беларусаў пачалася ў канцы 1980-х г., у 1990-я г. яна стала асабліва інтэнсіўнай. За апошнія 12 гадоў з краін былога СССР на Беларусь вярнулася больш за 10% беларусаў, якія жылі за яе межамі. Максімальны прыток насельніцтва на Беларусь прыпадае на 1992. За перыяд 1989—99 з краін Закаўказзя выехаў кожны трэці беларус (з Арменіі амаль усе беларусы); з краін Балтыі — 14% беларусаў; з краін Сярэдняй Азіі — 11%; з Расіі — каля 12%; з Казахстана, Украіны, Малдовы адток беларусаў быў менш інтэнсіўны. Вяртанне на Беларусь беларусаў і іншых «рускамоўных» народаў з краін былога СССР пераважна звязана з невалоданнем імі тытульнай мовы гэтых дзяржаў, якая пры абвяшчэнні іх незалежнасці стала ў многіх з іх адзінай дзярж. мовай, а таксама з боязі страціць права на грамадзянства Рэспублікі Беларусь, на кватэру і пенсію.
Значная частка беларусаў пры выбыцці з неславянскіх дзяржаў асела ў Расіі і на Украіне, таксама як і многія рускія і ўкраінцы ў гэтыя гады пераехалі з іншых дзяржаў на Беларусь. Паток імігрантаў з Расіі пераважаў з рэгіёнаў Поўначы і Сібіры.
Асобы іншых нацыянальнасцей у агульным патоку зарэгістраванай іміграцыі складалі 5—6%. Працэнт імігрантаў з краін Закаўказзя, асабліва з Арменіі і з т.зв. гарачых кропак былога СССР у 1991 даходзіў да 70%.
Эміграцыя за межы былога СССР у 1986—90-я г. актывізавалася з-за пагаршэння сац.-эканам. і экалагічнай сітуацыі на Беларусі, а таксама з прычыны дазволу свабоднай этнічнай эміграцыі і спрашчэннем парадку выезду і ўезду. Паводле звестак МУС Рэспублікі Беларусь у 1989 з Беларусі ў краіны далёкага замежжа выехала 14,7 тыс.чал., у 1990—34,1, 1991—22, 1992—9,7, 1993—6,9, 1994—7, 1995—8,8, 1996—8,9, 2002—8 тыс.чал. У абмене з дзяржавамі далёкага замежжа Беларусь страчвала сваё насельніцтва. У час, калі выезд суайчыннікаў за мяжу быў выбарачным і абмежаваным, назіралася дадатнае сальда міграцыі. У патоку эмігрантаў з Беларусі ў 1989—95 пераважалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці. Найб. долю ў аб’ёме эміграцыі займаюць Ізраіль, ЗША, Германія. Міграцыйны абарот (у 1991—2003) зменшыўся з 46,5 тыс.чал. у 1990 да 6,2 тыс.чал. у 2002. Гэта абумоўлена нармалізацыяй эміграцыйнага працэсу — свабодныя паездкі да сваякоў, аблегчаны выезд за мяжу ў асабістых мэтах на кароткі час і інш.
Найбольш актыўна эмігрыруюць у замежныя краіны людзі ў маладым працаздольным узросце (20—24 гады) і ўзросце найб.прафес. актыўнасці (30—49 гадоў). Больш за 90% асоб, якія ад’язджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Адбываюцца змены ў матывацыях выезду; калі раней пераважаў этналагічны характар, то цяпер — эканам.-сацыяльны. Ад’езд за мяжу ў краіны з больш высокім узроўнем жыцця разглядаецца як пошук нашымі суайчыннікамі лепшага матэрыяльнага становішча для сябе і сваёй сям’і.
Працоўная міграцыя (рэгіструемая) для Беларусі пакуль мае невялікія аб’ёмы. Рэформы ў паліт. і эканам. сферы стварылі ўмовы ўваходжання краіны ў міжнар. рынак працы. У наш час пераважае экспарт рабочай сілы над імпартам. Таму дзярж. інтарэсы патрабуюць узмацнення ўплыву на структуру эміграцыйна-іміграцыйных патокаў, удасканалення сістэмы органаў дзярж. кіравання, адказных за каардынацыю гэтай дзейнасці. Адсутнасць рэгулявання прытоку і адтоку рабочай сілы абумовіла стыхійны характар яе руху на міжнар. рынку працы, што прывяло да негатыўных наступстваў. Асноўныя дзяржавы для працаўладкавання працоўных-мігрантаў з Беларусі — Расія, Малдова, Чэхія, Украіна, Венгрыя. Пераважныя сферы дзейнасці для нашых грамадзян за мяжой — с.-г. вытворчасць (34,4%) і будаўніцтва (30,1%). Працоўная эміграцыя ахоплівае пераважна актыўныя групы насельніцтва з высокай кваліфікацыяй. З асоб, што выехалі на працу ў іншыя краіны на падставе афіцыйна падпісаных дагавораў і кантрактаў, пераважае моладзь ва ўзросце да 24 гадоў, большасць з якіх студэнты. Мае месца і нелегальная працоўная міграцыя, калі людзі ад’язджаюць у краіну па турыстычных або гасцявых візах, а потым уладкоўваюцца там на часовую або пастаянную працу.
У рэгуляванні міжнар. працоўнай міграцыі важнае месца належыць міжурадавым пагадненням па стварэнні дагаворна-прававых умоў па абмене рабочай сілы і іх сацыяльна-прававой абароне. Такія пагадненні Рэспубліка Беларусь падпісала з Расіяй, Малдовай, Украінай, Польшчай, Літвой і Казахстанам. Рост працоўнай эміграцыі з Беларусі стрымліваецца недастатковым валоданнем замежнымі мовамі, адсутнасцю вопыту ўзаемаадносін ва ўмовах рыначнага гаспадарання, нізкай канкурэнтаздольнасцю на сусветным рынку працы і абмежавальнай палітыкай шэрагу краін у адносінах да іміграцыі, а таксама эканам. санкцыямі нашай дзяржавы (рост цэн на транспарт, на візы, пашпарты і інш.).
Вымушаная міграцыя (бежанцы) — новая для Беларусі праблема, якая ў 1990-я г. набыла масавы характар. Вымушаныя перасяленцы мігрыруюць пад уплывам пагражальных або дыскрымінацыйных абставін на радзіме. За 1996—99 бел.дзярж. міграцыйная служба зарэгістравала каля 32 тыс. асоб з краін блізкага замежжа, якія прэтэндавалі на статус бежанца. Акрамя вымушаных мігрантаў з блізкага замежжа, на Беларусі павялічваецца колькасць бежанцаў — выхадцаў з краін далёкага замежжа: Афганістана (пераважная большасць), Эфіопіі, Ірана, Ірака, Пакістана, Шры-Ланкі, Самалі і інш. дзяржаў, якія вучацца ў бел. навучальных установах і не жадаюць вяртацца на радзіму па паліт. матывах.
Нелегальная міграцыя на тэр. Беларусі адбываецца з краін СНД, Азіі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Усходу. Паводле ацэнак розных спецыялістаў на нелегальным становішчы ў краіне знаходзіцца ад 100 да 300 тыс. асоб. Такія мігранты выкарыстоўваюць каналы турызму, транзітнага праезду, бязвізавага ўезду па службовых і асабістых справах, пераважна з парушэннямі правіл уезду. Часта нелегальныя мігранты прыбываюць на Беларусь пад выглядам бежанцаў; большасць з іх выкарыстоўваюць краіну, як транзітную тэрыторыю для наступнай нелегальнай эміграцыі ў краіны Зах. Еўропы. Жорсткае міграцыйнае заканадаўства заходнееўрапейскіх дзяржаў, ажыццяўленне імі мер па пераходзе да палітыкі нулявой міграцыі ствараюць перашкоды для эміграцыі на захад. У выніку на Беларусі асядаюць іншаземцы, якія не змаглі эмігрыраваць у дзяржавы Зах. Еўропы, і іх колькасць хутка расце. Павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў і асоб з нявызначаным статусам на тэр. Беларусі абвастрае крымінальнае становішча, бо яны не рэгіструюцца, вядуць антысацыяльны лад жыцця і ствараюць сур’ёзную пагрозу дзярж. бяспецы краіны.
Табліца 25 Дынаміка знешняй міграцыі насельніцтва, тыс.чал.
Год
Прыбыло
Выбыла
Міграцыйны прырост
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
1994
53,1
50,0
3,1
56,5
47,7
8,7
-3,3
2,3
-5,6
1995
34,9
33,3
1,6
35,1
26,1
9,0
-0,2
7,2
-7,4
1996
31,9
30,1
1,8
22,6
14,1
8,5
9,4
16,0
-6,7
1997
31,4
29,9
1,5
16,7
9,7
7,0
14,7
20,2
-5,5
1998
33,2
31,6
1,6
13,3
7,5
5,8
19,9
24,1
-4,2
1999
30,8
29,1
1,7
13,3
7,0
6,2
17,5
22,1
-4,5
2000
25,9
24,8
1,7
13,8
7,4
6,4
12,1
16,8
-4,7
2001
23,4
21,8
1,5
14,3
8,3
6,0
9,1
13,5
-4,4
2002
18,9
17,5
1,4
13,4
8,6
4,8
5,6
8,9
-3,4
Табліца 26 Дынаміка міждзяржаўнай міграцыі насельніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і былымі рэспублікамі СССР, тыс.чал.
Год
Іміграцыя з краін СНД і Балтыі
Эміграцыя ў краіны СНД і Балтыі
Сальда міграцыі
Міграцыйны абарот
1990
99,3
105,9
-6,6
205,2
1991
95,8
61,5
34,3
157,3
1992
117,7
50,8
66,9
168,5
1993
86,0
46,9
39,1
132,9
1994
50,0
47,7
2,3
97,7
1995
33,3
26,1
7,2
59,4
1996
30,1
14,1
16,0
44,2
1997
29,9
9,7
20,2
39,6
1998
31,6
7,5
24,1
39,1
1999
29,1
7
22,1
36,1
1990—1999
602,8
377,2
225,6
980
2000
24,8
7,4
17,4
32,2
2001
21,8
8,3
13,5
30,1
2002
17,5
8,6
8,9
26,1
2000—2002
64,1
24,3
39,8
88,4
Дынаміка паказчыкаў чыстай знешняй міграцыі насельніцтва па асноўных яе патоках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЖЫСЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА.
рэжысура, мастацтва ствараць гарманічна цэласнае відовішча, якое вызначаецца пэўным маст. адзінствам (спектакль, кінафільм, тэлефільм і інш.).
У тэатры рэжысёр паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш.), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-маст. сутнасці драм. твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы маст. афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам). У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і інш. вынікае форма спектакля. Гал. сфера дзейнасці ў Р.м. — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Р.м. прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асн. творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэн. твора.
Р.м. ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы 19 ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л.Кронека, О.Брама, М.Райнгарта (Германія), А.Антуана (Францыя), Г.Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля. Дынамічнаму развіццю Р.м. садзейнічалі вял.рус. рэжысёры К.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма), У.Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У.Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага т-ра, біямеханіка, адкрытая паліт.тэндэнцыёзнасць тэндэнцыйнасць*, эксперыменты ў форме спектакля і г.д.), Я.Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А.Таіраў (імкненне да арган. суіснавання ўсіх элементаў сцэн. мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г.д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж.Капо, Ш.Дзюлен, Л.Жувэ (Францыя), М.Валенцін (Германія), Ю.Астэрва, Л.Шылер (Польшча), Э.Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш. Новы творчы імпульс Р.м. дала творчасць Б.Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага т-ра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж.Вілар, Ж.Баро (Францыя), П.Брук (Вялікабрытанія), Дж.Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы Р.м. ў рас. т-ры 2-й пал. 20 ст. развівалі і развіваюць М.Акімаў, М.Ахлопкаў, А.Васільеў, А.Дзікі, Л Додзін, Ю.Завадскі, Б.Захава, М.Захараў, М.Кнебель. А.Лабанаў, Ю.Любімаў, А.Папоў, Р.Сіманаў, Г.Таўстаногаў, Л.Хейфіц, А.Эфрас, А.Яфрэмаў і інш.
На Беларусі ў нар. т-ры (паказах скамарохаў, батлейкі, нар. драмы) своеасаблівым рэжысёрам была нар. традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў. Станаўленне Р.м. звязана з тэатр. дзейнасцю ў 1840—50-я г. В.Дуніна-Марцінкевіча (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр), у 1-й пал. 20 ст. з творчасцю І.Буйніцкага, А.Бурбіса, Ф.Ждановіча, У.Фальскага. Яны апіраліся на нар.тэатр. традыцыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі муз. і харэагр. нар. творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нац. каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю нар. характараў і побыту. Традыцыі бел.нар.т-ра, Першай бел. трупы Буйніцкага прадаўжалі Ждановіч і У.Галубок. Параўнальна вял. ўвагу яны аддавалі раскрыццю сац. зместу твора, яго ідэйна-маст. гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхал. распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё бел. Р.м. сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рус.рэаліст. школы з прынцыпамі бел.нар.т-ра спалучаў у сваёй творчасці Е.Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стыліст. своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі. У канцы 1920—30-я г. паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці бел. Р.м. наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М.Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К.Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэн. кампазіцыі характэрны рэжысуры Л.Літвінава. Уклад у развіццё Р.м. зрабілі А.Аркадзьеў, Дз.Арлоў, Ю Арынянскі, Г.Волкаў, В.Галаўчынер, М.Зораў, М.Кавязін, С.Казіміроўскі, У.Кумельскі, Н.Лойтар, Л.Мазалеўская, У.Маланкін, А.Міронскі, І.Папоў, В.Пацехін, М.Рафальскі, Л.Рахленка, В.Рэдліх, А.Скібнеўскі, М.Співак, А.Струнін, С.Уладычанскі, В.Фёдараў, Ю.Шчарбакоў, Б.Эрын. Р.м. 1970—90-х г. характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатр. выразных сродкаў, імкненнем да філасофска-абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэн. метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р.Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэн. характараў), У.Караткевіча (сацыяльна-паліт. распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б.Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спалучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі Р.м.), В.Раеўскага (канцэптуальныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэн. форме), В.Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы нар.т-ра з улікам сучасных тэатр. навацый), В.Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А.Андросіка (наследаванне традыцый рус. Р.м.), В.Катавіцка, Р.Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага зах.-еўрап. Р.м.) і інш. Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Бел.дзярж.АМ і Бел.ун-т культуры.
У кіно рэжысёр узначальвае творчы і вытворчы працэс па стварэнні фільма. Ён вызначае паводле сцэнарыя ідэйна-маст. задуму фільма і даводзіць яго да цэласнага ўвасаблення, кіруе сумеснай работай акцёраў, аператара, мастака, кампазітара і інш. удзельнікаў пастаноўкі.
У кіно Р.м. зарадзілася ў пач. 20 ст. У зах. кінематографе ў розныя часы высокім узроўнем вызначалася Р.м. Л.Буньюэля (Іспанія), Ж.Л.Гадара, Л.Дэлюка, Р.Клера, Ф.Лежэ. Ж.Мельеса, А.Рэне, Ж.Рэнуара, Ф.Труфо (Францыя); Д.Грыфіта, Т.Інса, Ф.Капры, Ф.Ф.Копалы. С.Крамера, С.Кубрыка, Дж.Лукаса, Э.Портэра, М.Скарсезе, С.Спілберга, Дж.Форда, Ч.Чапліна (ЗША); Р.Віне, Ф.Ланга, Ф.В.Мурнаў, Р.В.Фасбіндэра (Германія); Л.Андэрсана, Т.Рычардсана (Вялікабрытанія); М.Антаніёні, Л.Вісконці, П.П.Пазаліні, Р.Раселіні, В.Дэ Сікі. Ф.Феліні (Італія); І.Бергмана (Швецыя); А.Курасавы (Японія); А.Вайды, Е.Гофмана, К.Занусі (Польшча). У Расіі Р.м. звязана з дзейнасцю В.Абдрашытава, Р.Аляксандрава. бр. Васільевых, С.Бандарчука, Дз.Вертава, У.Гардзіна, С.Герасімава, А.Германа, М.Губенкі, Г.Данеліі, М.Калатозава, Р.Кармэна, Р.Козінцава, Л.Куляшова, М.Міхалкова, А.Міхалкова-Канчалоўскага, Г.Панфілава, Я.Пратазанава, У.Пудоўкіна, І.Пыр’ева, Э.Разанава, М.Рома, А.Сакурава, А.Таркоўскага, В.Шукшына, С.Эйзенштэйна, Ф.Эрмлера, С.Юткевіча.
Станаўленне Р.м. ў бел. кіно адбывалася ў 1920—30-я г. і звязана з дзейнасцю Э.Аршанскага, Я.Дзігана, У.Корш-Сабліна, Ю.Тарыча, з пошукамі рэжысуры ў адлюстраванні героікі рэвалюцыі і сучаснай праблематыкі, у распрацоўцы тэмы перавыхавання чалавека ва ўмовах новага грамадства. Р.м. Тарыча ўласцівы рамант. ўзнёсласць з даследаваннем жыццёвага асяроддзя, дакладнасць у перадачы каларыту эпохі і гіст. падзей. Фільмы Корш-Сабліна вызначаюцца экспрэсіўнасцю буйных планаў, выразнымі дэталямі, плакатна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў, увагай да псіхалогіі чалавека-працаўніка, да рэаліст.быт. падрабязнасцей. Традыцыі героіка-рамант. вырашэння тэмы прадоўжаны ў фільмах 1940—50-х г., прысвечаных Вял.Айч. вайне (Л.Голуб, М.Фігуроўскі) і гіст.-рэв. падзеям (Корш-Саблін). Адметнасць Р.м. 1960—1-й пал. 1970-х г. звязана з новым пакаленнем бел. кінематаграфістаў, сцвярджэннем імі дакумент. стылістыкі як дамінуючага маст. прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці. Свабоднае, раскаванае апавяданне, будзённая плынь жыцця, адмаўленне ад знешняга пафасу, патэтыкі, здымкі «пад хроніку» выразна выявіліся ў фільмах пра Вял.Айч. вайну П.Арманда, Р.Віктарава, І.Дабралюбава, В.Турава, А.Спешнева, Б.Сцяпанава. Рэжысёры імкнуліся да маст. рэканструкцыі гіст. фактаў, уключалі ў ігравыя фільмы кінахроніку, фотаздымкі і інш., прынцыпы дакументалізму часам спалучаліся з вобразна-паэт. абагульненнямі і сімволікай. У 2-й пал. 1970-х — 1990-я г. з пашырэннем жанравай і стылявой палітры Р.м. пераважнае развіццё атрымалі эпічныя і публіцыст. кінастужкі. Для Р.м. гэтага часу характэрны пошукі сац. і філасофскіх абагульненняў, увага да маст. даследавання стыхіі нар. жыцця, паглыбленая цікавасць да паўсядзённага побыту, імкненне ствараць каларытныя нар. характары (Тураў, В.Рыбараў). Прыкметнымі сталі публіцыст. прынцыпы вырашэння творчай задумы, што выявілася ў падкрэслена вострых характарыстыках драм. канфліктаў і герояў у фільмах В.Нікіфарава, М.Пташука, Турава. Схільнасць да яркай відовішчна-выяўл. формы вылучае рэжысуру В.Рубінчыка. Высокім майстэрствам у даследаванні трагічных падзей Вял.Айч. вайны на Беларусі, сінтэзам стылявых прыёмаў ігравога і дакумент. кіно, арганічным спалучэннем эпасу і публіцыстыкі вылучаецца Р.м. Э.Клімава. У 1960—90-я г. значна вырасла Р.м. і ў бел.дакумент. кіно (І.Вейняровіч, М.Гарбуноў, М.Жданоўскі, Ю.Лысятаў, Дз.Міхлееў, І.Пікман, В.Сукманаў, М.Хубаў, У.П.Цяслюк, У.У.Цяслюк, Р.Ясінскі і інш.), асабліва ў цыклах В.Дашука.
На тэлебачанні рэжысёр увасабляе ідэйна-маст. задуму ў цэласную структуру тэлевізійнага твора (тэлефільма, тэлеспектакля, тэлеперадачы); стварае гукапластычнае экраннае відовішча, у якім сінтэтычна аб’яднаны выяўл. сродкі тэлевізійнага мастацтва: тэледраматургія, акцёрскае мастацтва, пластыка экраннай мовы, гукарытмічны строй дзеяння (музыка, мова і шумы). Станаўленне бел. тэлерэжысуры пачалося ў 2-й пал. 1960-х г. і звязана з выпускам кароткаметражных маст. стужак. Псіхалагічнай дакладнасцю, лірыка-паэт. бачаннем свету, мяккім гумарам вызначаюцца тэленавелы В.Басава, Ю.Дубровіна, М.Кожына, Нікіфарава, В.Панамарова, Рубінчыка, В.Урагава. Р.м. 1970—90-х г. наследавала і творча пераасэнсоўвала вопыт, набыты ў кіно. Значнае месца занялі шматсерыйныя тэлетворы, засн. на дакумент.-маст. трактоўцы падзей гісторыі. Арганічнае ўвядзенне ў маст. палатно ўрыўкаў з дакумент. стужак, фатаграфій, дакументаў, дыктарскага тэксту як прынцыпова важнага структураўтваральнага элемента, што пашырыла рамкі дзеяння, наблізіла гіст. час экранных падзей да рэальнага часу (творы А.Гутковіча, Дубровіна, В.Карпілава, Сцяпанава). Асабліва прыкметны рост Р.м. ў экранізацыях твораў бел. і рус. класічнай л-ры: з дапамогай багатых выяўл. сродкаў відэатэхнікі пластычна, выразна прачытана паэт. спадчына Я.Купалы; рысы эпічнасці, паэтычна-метафарычная, пластычная вобразнасць, паглыбленае даследаванне псіхалогіі герояў у часы драм. і трагічных выпрабаванняў, дакумент. выразнасць у перадачы атмасферы вайны вылучаюць экранізацыі твораў В.Быкава і В.Казько; сугучнасцю інтанацыі аўтарскага апавядання і рэжысёрскай, выяўл., акцёрскай культуры адзначана экраннае ўвасабленне твораў І.Тургенева, І.Мележа, У.Караткевіча. Плённа працавалі і працуюць рэжысёры-тэледакументалісты С.Агеенка, Г.Адамовіч, У.Арлоў, В.Аслюк, Басаў, У.Бокун, І.Волах, С.Гайдук, Н.Гаркунова, Ю.Гарулёў, Л.Гедравічус, Ф.Грыцкова, В.Жыгалка, І.Калоўскі, А.Карпаў, М.Князеў, В.Шавялевіч, М.Якжэн і інш.Гл. таксама Кінамастацтва, Тэлевізійнае мастацтва.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;
История белорусского кино. [Кн. 1—2]. Мн., 1969—70;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Сабалеўскі А. Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980;
Яго ж: Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Слова пра майстроў сцэны Мн., 1967;
Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Яго ж. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Пятровіч С. Еўсцігней Міровіч 2 выд.Мн., 1978;
Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі сучаснай бел. рэжысуры. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З ГІСТОРЫІ ЭКАНАМІЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ
Першапачаткова эканамічныя погляды на Беларусі фіксаваліся ў юрыд. актах і дакументах: гандл. дагаворах паміж гарадамі і дзяржавамі, у статутах і ўставах ВКЛ. Яны адлюстроўвалі спецыфіку мясц.эканам. умоў і агульныя тэндэнцыі ў развіцці эканам. думкі Еўропы. З сярэдзіны 16 ст., асабліва ў часы Рэфармацыі, распаўсюджваўся вопыт Захаду: прапаганда меркантылісцкіх ідэй, моцнай цэнтралізаванай улады, развіццё земляробства. Напр., М.Літвін абгрунтоўваў неабходнасць аднолькавага падатку з усіх грамадзян ВКЛ; С.Будны выступаў за недатыкальнасць прыватнай уласнасці, але прапаноўваў абмежаваць крайнасці прыгоннага права; Ф.Скарына, поруч з патрабаваннем роўнасці для ўсіх, выказваўся за захаванне існуючай эканам. мадэлі грамадства. Тэолаг, філосаф і эканаміст канца 16 — пач. 17 ст. М.Сміглецкі эканам. катэгорыі (пазыковы працэнт, прыбытак, цана, зямельная рэнта) разглядаў у цеснай узаемасувязі з развіццём таварна-грашовых адносін і фактарамі рыначнай кан’юнктуры, крыніцу рэнты ён бачыў у працы сялян (працоўная тэорыя вартасці). Прадстаўнікі левага крыла арыян (М.Чаховіц і Якуб з Калінаўкі) выступалі з патрабаваннем поўнай ліквідацыі прыгоннага права; вышэйшым выяўленнем іх утапічнага сацыялізму можна лічыць спробу стварыць сваё «ідэальнае грамадства» — Ракаўскую камуну. Развіццё прадукцыйных сіл стварыла ўмовы для фарміравання самастойнай эканам. навукі, найперш палітэканоміі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Найбольшы ўплыў мела вучэнне фізіякратаў (І.Масальскага, П.К.Бжастоўскага, М.Карповіча і інш.), якое перанесла эканам. даследаванні са сферы абарачэння ў вытворчасць; земляробства яны лічылі адзінай крыніцай дабрабыту. Ідэі, падобныя на погляды франц. камуністаў-утапістаў, прапагандавалі ў сваіх працах І.Быкоўскі, С.Зяловіч, І.Яленскі і інш. Праблемы палітэканоміі на базе вучэння А.Цюрго ў канцэнтраваным выглядзе знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях І.Храптовіча, а практычную рэалізацыю — у дзейнасці гродзенскага старасты А.Тызенгаўза (арганізацыя мануфактур і Гандлёвай канторы, правядзенне агр. рэформы і інш.). Прафесары Віленскага ун-та І.Страйноўскі, Я.Зноска, С.Малеўскі, Я.Вашкевіч у канцы 18 — пач. 19 ст. сталі выкладаць эканам. дысцыпліны, абапіраючыся на вучэнне А.Сміта, з моцным уплывам фізіякратычных ідэй. У падручніках па палітэканоміі яны разглядалі асноўныя палітэканамічныя катэгорыі: вартасць, цана, прыбытак, рэнта, канкурэнцыя і інш. Я.Вашкевіч у шэрагу сваіх публікацый развіваў такія эканам. дысцыпліны, як эканоміка гандлю, фінансы і крэдыт. Сувязь бел.эканам. думкі з рускай выявілася ў працах удзельнікаў руху дзекабрыстаў і петрашэўцаў (І.Ястржэмбскі, І.Гарбачэўскі).
У сярэдзіне 19 ст. цэнтрам фарміравання эканам. навукі на Беларусі стаў Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у якім працавалі прафесары-эканамісты Б.Міхельсон, Б.Цалінскі, А.Гінцаль, А.М.Бажанаў і інш. Міхельсон абгрунтаваў мэтазгоднасць паступовага пераводу сялян з паншчыны на аброк з наступным іх выкарыстаннем у якасці наёмных рабочых, бесперашкоднае развіццё прамысловасці і гандлю; Цалінскі прапанаваў браць падаткі не з капіталу, а з даходаў; скласці зямельны кадастр і ўвесці пазямельны падатак; Бажанаў, распрацаваў методыку эфектыўнага выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы, даследаваў праблемы статыстыкі, страхавання і крэдытавання ў сельскай гаспадарцы. І.Корвін-Мілеўскі тэарэтычна абгрунтаваў нежыццяздольнасць дробных сялянскіх гаспадарак і неэфектыўнасць грамадскай уласнасці, быў прыхільнікам надання асабістай свабоды сялянам і абараняў буйную зямельную ўласнасць. Пасля скасавання прыгоннага права з пазіцый лібералізму і свабоднай канкурэнцыі выступаў Ю.Янсан, які тэарэтычна падзяляў ідэю гармоніі інтарэсаў Ф.Бастыі і крытыкаваў кааператыўную тэорыю сацыялізму Ф.Лісала і Ф.Шульцэ-Дэліча, а таксама тэорыю абшчыннага сацыялізму М.Ф.Чарнышэўскага. Значныя эканам. даследаванні ў 1860-я г. праведзены па асобных бел. губернях. П.В.Баброўскі апісаў эканам. становішча Гродзенскай губ.Гал. крытэрыямі магутнасці дзяржавы і яе насельніцтва ён лічыў шляхі зносін, рост прамысловасці і гандлю, раўнамернае падаткаабкладанне; у сельскай гаспадарцы ён абгрунтоўваў ідэю перавагі дробных сялянскіх самастойных гаспадарак. І.Зяленскі ўпершыню паспрабаваў ажыццявіць эканам. раянаванне Мінскай губ. на падставе прадукцыйнасці зямлі, падкрэсліваў важнасць вывучэння гарадской эканомікі і ўдасканалення статыстыкі. М.Дубенскі на прыкладзе Магілёўскай губ. спрабаваў вырашыць пытанне ацэнкі нерухомасці. Кошт зямлі ён вызначаў попытам і прапановамі, якія залежаць ад населенасці і багацця краіны. З пазіцый рэв. дэмакратаў з крытыкай рэформы 1861 выступаў К.Каліноўскі, які патрабаваў перадачы зямлі сялянам без усялякіх выкупаў.
У канцы 19 ст. па меры станаўлення рыначных адносін у эканам. даследаваннях глыбей сталі адлюстроўвацца інтарэсы розных пластоў насельніцтва, аналізавацца пазіцыі розных эканам. школ. Прафесар А.П.Людагоўскі выдаў першы ў Расіі падручнік па эканоміцы сельскай гаспадаркі. А.Ельскі прааналізаваў гісторыю развіцця нар. гаспадаркі Беларусі і яе эканам. думкі ў кантэксце эвалюцыі звычаяў бел. народа. Сталі з’яўляцца эканам. працы з выкарыстаннем матэматычных метадаў. Так, А.Раўкоўскі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў матэм. метады пры аналізе эфектыўнасці дзейнасці камерцыйных банкаў, а І.Жылінскі даказаў эканам. эфектыўнасць укладанняў у асушэнне Палескіх балот. Марксісцкі кірунак палітэканоміі ў той перыяд прадстаўлялі Б.Белаблоцкі і І.Гурвіч. Супярэчлівымі былі даследаванні моцных с.-г. таварыстваў. Большасць іх даследчыкаў адстойвалі прынцыпы пераходу на рыначныя адносіны, развіццё на Беларусі перапрацоўчай вытворчасці, перавод сялян на ўчасткова-падворную форму землекарыстання, развіццё фінансава-крэдытных устаноў, удасканальванне падатковай сістэмы і інш. Народніцкія погляды прапагандавалі Ф.Багушэвіч, А.Гарагляд, А.Гурыновіч, рэдакцыя газеты «Минский листок» і часопіс «Гомон». На бел. мову былі перакладзены працы рас. эканаміста В.Варзара «Хітрая механіка» («Дзядзька Антон») і ўкраінскага эканаміста С.Падалінскага «Пра беднасць» («Пра багацтва ды беднасць»).
У пач. 20 ст. даследаваліся праблемы эканомікі сельскай гаспадаркі, развіцця прамысловасці і фін.-крэдытных устаноў. Марксісцкага падыходу ў сваіх працах прытрымліваліся А.Анекштэйн (у газ. «Северо-Западный край» ён апублікаваў цыкл артыкулаў, у якіх разглядаў асноўныя эканам. катэгорыі, прадмет і метад палітэканоміі), С.С.Трусевіч абгрунтаваў мэтазгоднасць перадачы зямлі ва ўласнасць сялян. Прадстаўнікі бурж.-памешчыцкай эканам. думкі (А.Осіпаў, Д.Радзевіч, Г.Свянціцкі і інш.) шукалі шляхі развіцця хутарской гаспадаркі пры захаванні і інтэнсіфікацыі памешчыцкай. Ф.Ястрэмскі падрабязна прааналізаваў эканам. стан Мінскай губ. і зрабіў ацэнку нерухомасці для больш дакладнага падаткаабкладання, а С.Любіч выдаў шэраг прац па палітэканоміі, эканам. геаграфіі, сельскай гаспадарцы. Інтарэсы бел. сялянства адстойвала Бел. сацыялістычная грамада (БСГ) і яе друкаваны орган «Наша ніва», у якой асвятляліся праблемы кааперацыі, аграрныя пытанні, хутарызацыя, даваўся аналіз эканам. развіцця асобных бел. губерняў і інш.
У 1917—21 ішоў пошук шляхоў далейшага эканам. развіцця Беларусі. Бальшавіцкі падыход адлюстраваны ў эканам. даследаваннях А.Ф.Мяснікова, Р.В.Пікеля, І.А.Мяніцкага, С.Л.Гельтмана, В.С.Міцкевіча-Капсукаса, якія абгрунтоўвалі мэтазгоднасць ліквідацыі прыватнай уласнасці і таварна-грашовых адносін, пераход да абагуленай вытворчасці і цэнтралізаванай сістэмы кіравання. Да сацыял-дэмакр. поглядаў схіляліся ідэолагі бел. нац.-культурнага адраджэння. Упершыню цэласная ацэнка эканам. развіцця і стану Беларусі як самастойнага гасп. механізму дадзена А.А.Смолічам, А.Л.Бурбісам, А.М.Уласавым, А.Цвікевічам. Прадстаўнікі земскага руху (Д.Д.Бохан, П.У.Злобін) адстойвалі неабходнасць эканам. развіцця Беларусі па шляху Захаду, крытыкавалі палітыку бальшавікоў як неэфектыўную, якая прывядзе да эканамічнага краху.
У 1920—30-я г.эканам. думка Беларусі развівалася ў 2 кірунках: у БССР (як часткі СССР) шукалі альтэрнатыву капіталіст. шляху развіцця, а ў Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) распрацоўваліся пытанні паляпшэння эканам. стану. У Зах. Беларусі выйшлі прыкметныя даследаванні па эканоміцы сельскай гаспадаркі А.Клімовіча, па ацэнцы вучэння К.Маркса — Т.Грыба, па кааперацыі — С.Чыжэўскага, Ф.Акінчыца, А.Клімовіча; аграрныя пытанні даследавалі З.Людкевіч і рэктар Віленскага ун-та А.Станкевіч. У 1926 упершыню на бел. мове выйшаў падручнік па палітэканоміі А.Більдзюкевіча, у якім прадстаўлены ўсе існуючыя на той час эканам. школы, а таксама гісторыя развіцця сусветнай эканам. думкі. Эканамічным пытанням аддавалася належнае ў праграмах бел.нац. партый і рухаў: Бел. сялянска-рабочай грамады (Б.С.Тарашкевіч), эсэраў (Грыб), хрысціянскіх дэмакратаў (Станкевіч, В.І.Гадлеўскі) і інш. У БССР да гал. дасягненняў эканам. думкі можна аднесці: распрацоўку мадэлі далейшага сац.-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах спалучэння камандных і рыначных метадаў кіравання (у перыяд нэпа), падлік нац. даходу (Г.І.Гарэцкі), правядзенне эканам. раянавання (Смоліч, Р.В.Бонч-Асмалоўскі), распрацоўка першага 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР. З’явіліся даследаванні па пытаннях расійскага імперыялізму і агульнага крызісу капіталізму (М.Б.Гольман), па сусветнай гаспадарцы і эканам. думцы Захаду (І.Герцыка), па гісторыі развіцця эканомікі Беларусі (М.Доўнар-Запольскі, Смоліч, І.А.Пятровіч, У.І.Ігнатоўскі), па эканоміцы лясной гаспадаркі (Б.Ганжы), па эканоміцы меліярацыі (А.Фралова). У 1930-я г. асноўная ўвага бел. эканамістаў была сканцэнтравана на даследаваннях праблем індустрыялізацыі і калектывізацыі, размяшчэння прадукцыйных сіл, арганізацыі працы, эканам. раянавання і інш.
У 1950—60-я г.эканам. даследаванні ў БССР значна пашырыліся. Акрамя Ін-та эканомікі Нац.АН Беларусі эканам. даследаванні сталі праводзіцца ў НДІ эканомікі і арганізацыі с.-г. вытворчасці, НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. У гэты перыяд даследаваліся праблемы палітэканоміі (Г.Т.Кавалеўскі, З.З.Дудзіч), эфектыўнасці капітальных укладанняў і кібернетыкі (М.І.Вядута), размяшчэння прадукцыйных сіл (В.Ф.Мядзведзеў), эканомікі сельскай гаспадаркі (І.М.Качура, Ф.С.Марцінкевіч), эфектыўнасці нар. гаспадаркі (С.М.Малінін), эканам. геаграфіі (Кавалеўскі, Я.Г.Ракаў), эканам. гісторыі Беларусі (Малінін, М.Р.Матусевіч, В.І.Дрыц, З.І.Гіяргідзе), уліку і аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (М.У.Дэмбінскі), гасп. рэформы 1965. У 1970—80-я г.бел. эканамісты працягвалі даследаваць тэарэтычныя пытанні палітэканоміі сацыялізму, крытыкі сучасных бурж. тэорый. Больш увагі сталі аддаваць эканоміцы навукі (І.І.Сяржынскі, В.С.Серада), комплексным праграмам (С.Р.Галуза, Ф.А.Дронаў), эканам. гісторыі (Дрыц), павышэнню эфектыўнасці грамадскай вытворчасці (Марцінкевіч, П.А.Капітула, І.А.Міхайлаў-Станюта), эканоміцы меліярацыі (Г.М.Лыч), гісторыі эканам. вучэнняў (М.В.Навучыцель), рэгіянальнаму гаспразліку (П.Г. і М.У.Нікіценкі) і інш. Плённа працавалі выкладчыкі ВНУ па стварэнні падручнікаў па розных эканам. дысцыплінах. Так, А.Г.Заўялкаў упершыню ў СССР падрыхтаваў і выдаў падручнік па цэнаўтварэнні.
З набыццём дзярж. суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь кардынальна змянілася праблематыка эканам. даследаванняў — пачалася распрацоўка канкрэтных прапаноў па эфектыўным пераходзе эканомікі Беларусі на рыначныя адносіны і яе ўдзел у міжнар. падзеле працы. Практычна ўсе даследаванні пачынаючы з 1990-х г. мелі пошукавы характар або абагульнялі вопыт краін Захаду.
З канца 1990-х г. распрацоўваюцца больш канкрэтныя эканам. праблемы з фарміраваннем розных кірункаў даследаванняў. У іх ліку распрацоўка мадэлі сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі (П.Г.Нікіценка), эфектыўнасці знешняга гандлю і ўваходу Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (Мядзведзеў), комплексных прагнозаў НТП і сацыяльна-эканам. развіцця краіны (У.М.Шымаў, Л.М.Крукаў), эканам. бяспекі (В.Н.Ермашкевіч, У.В.Пузікаў), дзярж. рэгуляванне (І.В.Новікава), цэнаўтварэнне (У.І.Тарасаў), сацыяльныя пытанні (А.П.Морава), гісторыя эканам. думкі (В.М.Бусько). Новымі кірункамі даследаванняў эканам. навукі, звязаных з пераходам да рыначных адносін, сталі маркетынг (І.Л.Акуліч, А.П.Дуровіч), тэарэтычныя аспекты рыначных пераўтварэнняў у АПК (У.Л.Клюня, А.В.Вараб’ёў), рэгіянальная эканоміка (П.Лямешчанка), прадпрымальніцтва (А.І.Лучанок), падаткаабкладанне (Г.А.Шмарлоўская), дэманапалізацыя (Г.Р.Санько), фінансы і крэдыт (М.М.Кавалёў, С.А.Багданкевіч) і інш. Ураджэнцы Беларусі адыгралі важную ролю ў развіцці эканам. думкі асобных краін. Так, у Расіі вызначыліся Дз.І.Жураўскі (вывучаў статыстыку) і В.Сямеўскі (вывучаў гісторыю нар. гаспадаркі Расіі), у ЗША — С.Кузнец (вывучаў праблемы эканам. росту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі).
Літ.:
Бусько В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX вв. Мн., 1990;
Яго ж. Экономическая мысль Белоруссии в период НЭПа (20-е годы). Мн., 2000;
Бусько В.Н., Якимченко С.И. Экономическая мысль Белоруссии (февраль 1917 г. — март 1921 г.). Мн., 2001;
Никитенко П.Г., Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. Мн., 2001;
Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу расшырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВОДСТВА
На долю гэтай галіны прыпадае больш за палавіну прадукцыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Яна абслугоўвае жывёлагадоўлю праз кормавытворчасць, насельніцтва — расліннымі харч. прадуктамі, прамысловасць — сыравінай.
На 1.1.2004 на Беларусі 8885 тыс.гас.-г. угоддзяў (42,8% ад агульнай зямельнай плошчы), у т. л. 5510,6 тыс.га ворных зямель (62%), 3207,5 тыс.га (36,1%) сенажацей і пашы, 122,6 тыс.га (1,3%) пад пастаяннымі культурамі. На аднаго жыхара краіны прыпадала 0,9 гас.-г. угоддзяў і 0,6 га ворных зямель. Найб. пашыраны збожжавыя культуры, бульба, лён-даўгунец, рапс, цукровыя буракі, агародніна, кармавыя культуры. У сувязі з інтэнсіфікацыяй сельскай гаспадаркі і зменамі ў кан’юнктуры рынку адбываюцца змены і ў структуры пасяўных плошчаў (гл.табл. 3).
Інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі праяўляецца праз інвестыцыі ў галіну грашовых сродкаў, тэхналогій, матэрыяльных рэсурсаў, сярод якіх вял. значэнне мае хімізацыя вытв-сці. Унясенне ў глебу мінер. угнаенняў у гаспадарках Беларусі знізілася з 1,5 млн.т у 1990 да 0,7 млн.т у 2003 (у пераліку на 100% пажыўных рэчываў), а на 1 га пасяўной плошчы — з 271 кг да 149 кг дзейнага рэчыва (у 1,8 раза), у т. л. пад кармавыя культуры — у 2,4 раза. Скарацілася і колькасць унесеных арганічных угнаенняў (гл.табл. 4). У 2003 правапнавана 423,9 тыс.га кіслых глеб, што ў 2,4 раза менш, чым у 1990. У меншай ступені выкарыстоўваліся хім. сродкі аховы раслін і барацьбы з пустазеллем.
Збожжавая гаспадарка — найстарэйшая, галоўная і рэнтабельная галіна раслінаводства, займае 41,5% (2003) пасяўной плошчы. На долю азімага жыта і яравога ячменю прыпадае 52% пасеваў. У 1990—2003 значна пашырыліся плошчы азімай і яравой пшаніцы, трыцікале, якія займаюць ужо 28,9% пасяўной плошчы збожжавых культур. Памяншаюцца плошчы пад традыцыйнымі для Беларусі культурамі: азімым жытам, аўсом і яравым ячменем. З-за нізкай ураджайнасці і забруджанасці с.-г. угоддзяў радыенуклідамі знізіліся плошчы пад грэчкай (удзельная вага ў пасевах збожжавых 0,5%). Сярод зернебабовых культур найб. пашыраны гарох, лубін, віка. Сеюць пераважна высокаўраджайныя сарты збожжавых культур: азімага жыта — Белта, Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская, Радзіма, Калінка; азімай пшаніцы — Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой пшаніцы — Беларуская 80, Ленінградка, Ростань; ячменю — Бурштын, Талер, Надзея; аўса — Буг, Асілак; грэчкі — Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Аніта беларуская; гароху — Уладаўскі 6, Агат; лубіну — Беларускі кармавы, Хуткарослы, Акадэмічны і інш. Пры сярэдняй ураджайнасці па краіне 20—25 ц/га шэраг гаспадарак дасягнуў 60—80 ц/га, а па асобных культурах 80—100 ц/га. Найб. ураджайныя культуры; кукуруза 35—40 ц/га, трыцікале 30—32 ц/га, пшаніца 25—27 ц/га (гл.табл. 5). Валавы збор збожжа ў 2003 склаў 5,5 млн.т, што ў 1,1 раза больш, чым у 2000 (гл.табл. 6).
Бульбаводства — адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі — мае кароткую гісторыю на Беларусі, але за гэты час стала нацыянальным здабыткам краіны. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. Беларусь займае адно з першых месц у свеце. Штогод вырошчваецца 7—9 млн.т бульбы, якая выкарыстоўваецца на харч. спажыванне (каля 1/4 ураджаю), на прамысл. перапрацоўку (1/3), на корм жывёлам (1/3). На перапрацоўцы бульбы грунтуецца спіртавая, крухмала-патачная, кансервавая прамысловасць. У 2003 пад бульбай было занята 530 тыс.га (10% агульнай пасяўной плошчы), што на 14% менш, чым у 1990. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных с.-г. галін, якая падмацавана дасягненнямі айчыннай навукі. Найб. вядомыя сарты — Беларуская ранняя, Агеньчык, Тэмп, Вярба, Скарб, Явар, Кандыдат, Лошыцкая, Паўлінка, Ласунак, Садко і інш.
Ільнаводства — традыцыйная галіна сельскай гаспадаркі Беларусі. У 2003 пасевы лёну-даўгунцу склалі 72 тыс.га, валавы збор ільновалакна — 41 тыс.т, што ў 2,1 раза менш, чым у 1985. Ураджайнасць ільновалакна вагаецца ў межах 4—6 ц/га, у некат. гаспадарках яна дасягае 15 ц/га. Найб. канцэнтрацыя пасеваў у Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для лёну-даўгунцу сугліністыя і супясчаныя глебы. Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1, галандскі Белінка.
Буракаводства развіваецца для патрэб цукровай прамысловасці з сярэдзіны 19 ст. Аднавілася ў 1950-я г. адначасова з будаўніцтвам цукровых заводаў. Валавы збор цукр. буракоў у 2003 склаў 1,9 млн.т, пасяўныя плошчы 72 тыс.га (1,3% агульнай пасяўной плошчы). Буракі належаць да самых высокаўраджайных культур — ад 200 да 300 ц/га. Іх пасевы сканцэнтраваны ў 28 адм. раёнах вакол цукровых заводаў, прымеркаваны яны пераважна да сугліністых і супясчаных мінеральных і асушаных і акультураных тарфяна-балотных глеб. Раянаваны сорт Гала.
Агародніцтва развіваецца пераважна ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Брэста. У 2003 пасяўныя плошчы склалі 99 тыс.га, што ў 2,4 раза перавышае ўзровень 1990. Гэта адна з нямногіх галін, дзе за 1985—2003 адбываўся пастаянны рост валавых збораў — з 828 тыс.т да 2002 тыс.т. Значная доля збораў прыпадае на прысядзібныя ўчасткі грамадзян, даволі высокая прадукцыйнасць агародніны ў фермерскіх гаспадарках. Адначасова з ростам вытв-сці агародніны ў адкрытым грунце развіваецца цяплічная і парніковая гаспадаркі. Найб. прадпрыемствы па вырошчванні агародніны Ждановіцкі цяплічны камбінат, Мінская агароднінная фабрыка.
Садоўніцтва развіваецца пераважна ў калект. гаспадарках, садовых т-вах і на прысядзібных участках. Агульная плошча пладова-ягадных насаджэнняў складае 100 тыс.га, валавы збор пладоў і ягад 350—400 тыс.т. Сучасны кірунак развіцця — інтэнсіўнае садоўніцтва, што прадугледжвае выкарыстанне нізкарослых насаджэнняў (вышыня 1,5—3 м), якія пачынаюць пладаносіць на 2—3-і год пасля пасадкі. Асн. пастаўшчыкі садавіны і ягад — гаспадаркі з вытв-сцю закончанага цыклу: «Рассвет» і «Беражное» ў Брэсцкай вобл., «Прагрэс» у Гродзенскай вобл., «Зубкі», «Клецкі» ў Мінскай вобл., «Чырвоная Ніва» ў Віцебскай вобл. і інш.
Кормавытворчасць ва ўмовах Беларусі — адна з гал. галін сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой, лугавой і прамысловай. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.) і харч. прамысловасці, камбікармы. Плошчы пад кармавымі культурамі складаюць 2,4 млн.га (43,2% агульнай пасяўной плошчы), у т. л. шматгадовыя травы (канюшына, цімафееўка, люцэрна, райграс і інш.) займаюць 1,2 млн.га, аднагадовыя (кукуруза на сілас, кармавы лубін, кармавыя караняплоды) — 1,2 млн.га. Шматгадовыя травы ідуць пераважна на вытв-сць сенажу, вітаміннай травяной мукі, на сена і зялёны корм, аднагадовыя — на сілас і зялёны корм. У 2003 нарыхтавана сена шматгадовых траў каля 1 млн.т, аднагадовых траў — 21 тыс.т (гл.табл. 7). Натуральныя сенажаці і паша займаюць 3,2 млн.га (36,1% плошчы с.-г. угоддзяў), у т. л. 1,4 млн.га — сенажаці, 1,8 млн.га — паша. У грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца 8—10 млн.т кармоў, у т. л. каля 5 млн.т кармавых адзінак — травяных. Для гэтых мэт выкарыстоўваецца ад 65% да 80% с.-г. угоддзяў. Большая частка шматгадовых траў вырошчваецца ў паўн. зоне, у асноўным у Віцебскай вобл., дзе пераважае чырвоная і ружовая канюшына. У паўд. раёнах пашыраны лубін і цімафееўка, у паўн.-зах., зах. і паўд. — пасевы кукурузы на сілас.
Табліца 3 Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
1965
1985
1990
2000
2002
2003
тыс.га
%
тыс.га
%
тыс.га
%
тыс.га
%
тыс.га
%
тыс.га
%
Уся пасяўная плошча
6034
100
6241
100
6126
100
6155
100
5656
100
5563
100
Збожжавыя і зернебабовыя культуры
2890
47,9
2816
45,1
2645
43,2
2537
41,2
2459
43,5
2307
41,5
Тэхнічныя культуры
355
5,9
266
4,3
248
4
257
4,2
214
3,8
224
4,0
Бульба і агародніна
1051
17,4
755
12,1
679
11,1
759
12,3
637
11,2
629
11,3
Кармавыя культуры
1738
28,8
2404
38,5
2554
41,7
2602
42,3
2346
41,5
2403
43,2
Табліца 4 Унясенне ўгнаенняў пад пасевы ў сельскагаспадарчых арганізацыях
Адзінка вымярэння
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Унесена мінеральных угнаенняў, усяго (у пераліку на 100% пажыўных рэчываў)
тыс.т
1270
1510
445
850
662
662
у разліку на 1 га ворыва
кг
221
227
86
169
146
149
у т. л.
пад збожжавыя і зернебабовыя культуры
кг
221
227
109
200
171
174
цукровыя буракі
кг
396
397
219
324
306
385
лён-даўгунец
кг
173
207
90
155
139
161
бульбу
кг
316
329
151
245
235
251
агародніну
кг
358
307
130
227
225
219
кармавыя культуры
кг
207
256
55
130
108
107
Унесена арганічных угнаенняў, усяго
млн.т
82,8
77,1
48,1
35,2
29,4
27,4
у разліку на 1 га ворыва
т
14,4
13,8
9,2
7
6,5
6,2
у т. л.
пад збожжавыя і зернебабовыя культуры
т
6,4
6
5,2
2,3
1,7
1,9
цукровыя буракі
т
82,2
80,3
78,9
70,5
60,4
48,5
бульбу
т
75,1
78,4
85,2
70,9
68,1
65,1
агародніну
т
55,1
56,6
47,9
38,4
36,5
31,0
кармавыя культуры
т
13,9
13,7
8,7
7,9
8,2
7,2
Табліца 5 Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, ц/га)
Культуры
1913
1940
1965
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Збожжавыя культуры
7,1
8
11,5
20,6
27,2
21,1
19,4
24,7
24,2
у т. л.
азімае жыта
6,8
8,7
11,3
18,2
29,1
22,4
19
22,8
21,1
азімая пшаніца
8,9
7
13,8
20,5
27,5
25,1
21,6
27,1
25,1
трыцікале
—
—
—
—
—
29,9
31,6
31,9
26,6
яравы ячмень
8
8,8
14,1
25,9
28,7
20
19
25,3
25,5
авёс
8,1
7,3
12,6
20,7
23,2
19,8
17,7
22,4
25,3
грэчка
3,4
5,9
5,2
3,4
6,4
8,1
8,7
6,4
10,5
кукуруза на зерне
—
—
—
—
35,4
27
23,3
40
43,4
зернебабовыя
6,6
5,9
9,7
13,5
16,4
16,4
15,1
18,5
21,2
ільновалакно
3,2
1,3
4,1
4,2
4,6
6,2
4,8
4,4
6,1
цукровыя буракі (фабрычныя)
—
—
152
267
321
218
292
228
275
бульба
69
128
121
149
138
132
134
137
164
агародніна
—
109
172
177
188
135
134
157
189
азімы рапс
—
—
—
4,4
14,4
6,5
7,1
8,2
9,0
кармавыя караняплоды
—
107
185
370
515
294
296
246
314
Табліца 6 Валавы збор сельскагаспадарчых культур (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, тыс.т)
Культуры
1913
1940
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Збожжавыя
2568
2729
5790
7035
5502
4856
5990
5449
Цукровыя буракі (фабрычныя)
—
—
1568
1479
1172
1474
1146
1920
Бульба
400
11 900
10 553
8590
9504
8718
7421
8649
Агародніна
—
673
828
749
1031
1379
1507
2002
Рапс
—
—
12
69
26
73
60
55
Кармавыя караняплоды
—
—
5551
6684
3576
2961
1863
2166
Ільновалакно
33
36
85
52
60
37
26
41
Табліца 7 Пасяўныя плошчы, валавы збор і ўраджайнасць кармавых культур (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Пасяўныя плошчы кармавых культур, тыс.га
2404
2554
2451
2602
2346
2403
у т. л.
шматгадовыя травы
1444
1497
1509
1394
1173
1161
аднагадовыя культуры
383
429
614
654
579
675
кукуруза на сілас
387
469
160
435
505
490
кармавыя караняплоды
157
139
129
105
83
72
Валавы збор, тыс.т
сена шматгадовых траў
2201
1735
1585
980
985
1024
сена аднагадовых траў
25
15
17
17
19
21
кукуруза на сілас
10 043
10 463
3007
7723
5549
8877
кармавыя караняплоды
5551
6684
3576
2961
1863
2166
Ураджайнасць, ц/га
сена шматгадовых траў
44,1
40,2
31,5
22,5
24,1
27,5
сена аднагадовых траў
37,3
37,3
21,4
18,3
19,7
22,0
кукуруза на сілас, зялёны корм і сянаж
260
237
192
181
115
188
кармавыя караняплоды
370
515
294
296
246
314
Веснавая сяўба ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.Жніво ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці.Уборка лёну ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.У цяпліцы агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна.Пладаносны сад на нізкарослых прышчэпах.Вырошчванне рапсу ў сельскагаспадарчым кааператыве «Эйгерды» Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.Складаванне лёну на Браслаўскім ільнозаводзе.