МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1615,
антыфеадальнае выступленне гараджан Мазыра, выкліканае ўзмацненнем эксплуатацыі, самавольствам і ўціскам старосты, замкавай адміністрацыі і арандатараў. Насуперак магдэбургскаму праву з часткі мяшчан, якіх падпарадкавалі замку, спагналі незаконныя падаткі. У адказ на гэта 3.10.1615 некалькі соцень узбр. гараджан на чале з бурмістрамі Ж.Мушам, І.Крыцкім, мяшчанамі І.Ваўчком, А.Лаўрыновічам і інш. асадзілі замак. Яны расправіліся з некат. прадстаўнікамі замкавай адміністрацыі, арыштавалі мяшчан, якія падтрымлівалі ўлады, канфіскавалі іх маёмасць. Паўстанцы выбралі войта, пашырылі льготы магдэбургскага права на ўсіх мяшчан і інш. У выніку паўстання ўлада ў Мазыры перайшла да гар. магістрата. У 1622 каралеўскі суд мусіў прызнаць асобныя пераўтварэнні паўстанцаў.
Літ.:
Копысский З.Ю. Из истории общественно-политической жизни городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII вв. // Тр. Ин-та истории АН БССР. Мн., 1958. Вып. 3.
т. 9, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.
Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.
В.У.Адзярыха.
т. 11, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Індыйскае народнае паўстанне 1857—59 2/414; 4/360; 5/92, 97; 7/581
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,
нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.
т. 6, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,
антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв. к-т» на чале з С.Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.М.Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.Д.Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс. чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс. чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс. чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).
Літ.:
Кроншадт, 1921: [Сб. док.] М., 1997.
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,
выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.П.Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.
т. 2, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кастрычніцкае ўзброенае паўстанне ў Петраградзе (1917) 6/314; 9/617, гл. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,
выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.
т. 9, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.Кавачавічам і С.Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,
выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.
т. 8, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)