пако́с, ‑у, м.
1. Месца касьбы (сенажаць, поле, прызначаныя для касьбы). Ужо з абеда пачалі [грабцы] прыбываць на пакос. Гартны.
2. Касьба. Ад зоркі да мроку, з перапынкамі на полудзень, .. [мужчыны] на пакосе. Пташнікаў. // Час, пара касьбы. З вясны, усё лета, пакуль не надыдзе пакос, тут для ўсіх быў чароўны, нібыта райскі куток. Грамовіч.
3. Тое, што і пракос. [Луг] скасілі, але зграблі не ўсюды — перашкодзілі дажджы.. Пакосы ўраслі ў атаву. Сачанка. Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за пакосам. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паніжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. Зрабіцца, стаць ніжэйшым або размясціцца ніжэй. Матчын дом, здаецца, яшчэ глыбей уехаў у зямлю, паніжэў, паблажэў. Навуменка. Ляснік падышоў да браканьера, і той адразу панік, паніжэў. Кірэенка. Сонца паніжэла і зрабілася нейкім асабліва літасцівым і добразычлівым да зямлі: не пячэ, не сушыць, а толькі песціць — нібыта купае яе, стомленую і знямоглую за лета, у ласкавых промнях. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (аб узроўні, інтэнсіўнасці і пад.). Напружанне току паніжэла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флюі́ды, ‑аў; адз. флюід, ‑у, М ‑дзе, м.
Кніжн.
1. Газападобныя або вадкія рэчывы, якія вылучаюцца з магматычнага ачага.
2. Гіпатэтычная вадкасць, якой да 18 ст. тлумачылі з’явы цеплыні, магнетызму, электрычнасці.
3. Паводле ўяўленняў спірытаў — нейкія «псіхічныя токі», якія нібыта вылучаюцца чалавечым целам або якім‑н. іншым целам, прадметам. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды — рэч ірэальная і пасадзіць іх нікуды нельга. Караткевіч. // перан. Тое, што выходзіць ад каго‑, чаго‑н.
[Лац. fluidus — пякучы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.
Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.Іордан, Дж.Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.
Літ.:
Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;
Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;
Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.
Л.М.Тамільчык, А.В.Ягораў.
т. 6, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
М.Ф.Піліпенка.
т. 10, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лю́бжа, лю́бша ’замова на каханне’, ’нагаворнае зелле’ (Гарэц.), ’ятрышнік, зязюлька плямістая, Orchis maculala L.’ (Растарг.), ’чараўнік, Platanthera bifolia L. C. Rich’ (Кіс.). Укр. любжа ’ятрышнік’, рус. смал., арл., кур. любжа ’ятрышнік’, ’чараўнік’. Утворана ад любіць (Сцяцко, Афікс. наз., 79). Матывацыя (Махэк, Jména, 299): расліна мае два клубні, якія нагадваюць яйцы, таму існавала павер’е, што прырода нібыта сама ўказала на тое, што гэта расліна служыць для павышэння патэнцыі (параўн. чэш. vstavač, польск. storczyk), выклікаючы каханне. Іншыя назвы звязаны з зязюляй (параўн. бел. зязюлька, чэш. žežhulka, zezulka, kukačka), бо яна (паводле фальклорных песень) мае адносіны да кахання і плоднасці. Прасл. lʼubьža (Трубачоў, Эт. сл., 15, 189).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́ча ’нібы’: Ходзіць пана пава (браг., Нар. словатв.), ’быццам, нібы; хіба’ (Ян.), на́чай ’быццам, нібы’ (там жа), на́чэ ’як, бы’: Zwiery takije by nacze ludzi (Пятк. 2), укр. наче ’быццам, як быццам’, ’нібыта’, параўн. неначэ ’тс’. З *не иначе ’не інакш’ (гл. на́чай, іничай) з наступнай універбізацыяй і скарачэннем складоў: нейнича > нʼнича > на́ча, або адпадзеннем адмоўя не ў выніку дээтымалагізацыі. Шаур (ESSJ SG, 2, 435) разглядае разам з рус. дыял. на́ча, славен. дыял. nače ’інакш’ (Cjьnače), аднак у гэтым выпадку застаецца няяснай спецыфічная семантыка, ужыванне беларускага і ўкраінскага слоў і функцыя адмоўя ва ўкр. неначе (паводле Шаура, «збыткоўная», гл. там жа, 447). Гл. таксама Бязлай, 2, 210.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
жэст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Рух рукі, галавы, які суправаджае або замяняе чалавечую мову. Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, бо яўна не верыў у сілу слова. Мележ. // Рух цела або яго частак наогул. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў.. [дакументы], прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, стары ўзняў галаву: — А ён што думаў? Брыль.
2. перан. Які‑н. наўмысны, загадзя разлічаны ўчынак. Знайшліся мецэнаты, якія пачалі рабіць апякун[скі]я жэсты, нават .. даходзіла да «салодкіх абяцанак наладзіць паездкі па Еўропе». У. Калеснік.
[Фр. geste.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стог, ‑а, м.
1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.
2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.
•••
Як іголка ў стозе сена гл. іголка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)