Мінскі завод жалезабетонных вырабаў № 5 2/449
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1948 у Мінску як пед. ін-т замежных моў на базе ф-та замежных моў (з 1932) Мінскага пед. ін-та. З 1993 сучасная назва. Ва ун-це вядзецца выкладанне 14 замежных моў, у т. л. араб., італьян., кіт., нідэрл., польск., тур., чэш., швед., яп. і інш. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: англ., ісп., ням., франц. моў; рус. мовы для замежных студэнтаў; зах.-еўрап. моў; перакладчыцкі з аддзяленнем для замежных студэнтаў; спец. ф-т замежных моў для перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі; падрыхтоўчыя вячэрнія курсы. Навучанне дзённае і завочнае (ням. мова). Аспірантура з 1962. Дактарантура з 1992. Магістратура з 1997. Працуе б-ка (каля 1 млн. экз. кніг), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, служба псіхал. дапамогі для студэнтаў. Выдае зб-кі навук. прац, навуч.-метадычную л-ру, час. «Вестник» і «Лінгва».
т. 10, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,
першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.А.Ваньковіч, кн. Е.Э.Друцкі-Любецкі, В.А.Лапо, Х.Г. і А.Я.Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.С.Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.
В.М.Сяховіч.
т. 10, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЬІР,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст. Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.
Літ.:
Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.
Р.В.Баравы.
т. 10, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,
турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.Чахоўскага і К.Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх. ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь,.школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ УЗНЯСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р (УШЭ́СЦЯ).
Існаваў у канцы 15 — пач. 18 ст. ў Мінску. Засн. як праваслаўны пры Узнясенскай царкве вял. княгіняй ВКЛ Аленай Іванаўнай, якая адпісала манастыру в. Трасцянец і надала яму статус архімандрыі. Першым архімандрытам быў духоўнік Алены Іона (у 1503—07 мітрапаліт кіеўскі). У 1633 прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV манастыр далучаны да мужчынскага Святадухаўскага манастыра (гл. ў арт. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны ў 1675 на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. Прыкладна тады ж князі Горскія адабралі ў манастыра Трасцянец, а ўзамен далі ў дзяржанне Слабодку (каля 1699). Дакладная дата закрыцця невядома.
А.А.Ярашэвіч.
т. 10, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ АРКЕ́СТР.
Існаваў у 1803—1917 (з перапынкамі) у Мінску. Напачатку іграў па нядзелях і на святы ў кафедральным саборы (летам — і ў Губернатарскім садзе) ці суправаджаў тэатр. паказы. У 1820—60-я г. пры ім існавала муз. школа, якая рыхтавала для яго музыкантаў. У розны час аркестр узначальвалі В.Стафановіч (1820—60-я г.; гл. ў арт. Стафановічы), Л.Скрабецкі, Р.Пілеман (з 1880), Г.Мерц (з 1886), Л.Ступель (1890—96), Н.Рубінштэйн (з 1909; наладжваў сімф. канцэрты, арганізоўваў цыклы агульнадаступных гіст. канцэртаў). З аркестрам выступалі мясц. музыканты і гастралёры, у т. л. скрыпачы і піяністы Х.Ліпінскі, Апалінарый і Антон Концкія, М.Ельскі В.Пшыбора, Я.Чыжэўскі, І.Гянко, Г.Бах, Л. фон Зіберштэйн, М.Палякін, спявачка А.Мейчык. У рэпертуары былі творы І.Гайдна, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Ф.Абера, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта, Р.Вагнера, М.Глінкі, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага і інш. З 1880-х г. дзейнасць М.г.а. звязана з муз.-грамадскімі арг-цыямі горада, у т. л. муз. т-вам, муз. гуртком, т-вамі аматараў прыгожых мастацтваў і сяброў музыкі.
А.Л.Капілаў.
т. 10, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 17—19 ст. у Мінску. Засн. ў 1633 віленскім канонікам В.Сялявай. Першыя манашкі прыехалі з Нясвіжа. Напачатку будынкі былі драўляныя. У 1647—49 дзякуючы фундацыі Крыштофа і Соф’і Хадкевічаў пабудаваны мураваны касцёл св. Войцеха ў стылі барока (арх. і будаўнік А.Кромер) — 1-нефавы 2-вежавы храм, завершаны прэсбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Інтэр’ер храма, перакрыты мураванымі скляпеннямі, упрыгожвалі 5 алтароў. У 1780-я г. касцёл рэканструяваны (арх. Т.Раманоўскі). Да касцёла прылягаў мураваны жылы будынак кляштара (пабудаваны пасля 1682 на сродкі К.С.Свірскай) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Меліся 2 флігелі, бровар, свіран, стайня і інш. У 1871 кляштар скасаваны. У 1872—73 перабудаваны пад правасл. жаночы Праабражэнскі манастыр (арх. С.Іваноў). У 1930-я г. будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, у сярэдзіне 1960-х г. разбураны.
Літ.:
Дзянісаў У.М. Кляштар бенедыктынак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981 №3.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д ШАМПА́НСКІХ ВІН.
Дзейнічае з 1978 у Мінску. Выпускае Савецкае шампанскае (каля 900 тыс. дэкалітраў штогод). Сыравіну атрымлівае з Малдовы, Украіны, Краснадарскага краю (Расія) і інш.
т. 10, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мінскі завод па перапрацоўцы гарбарнай сыравіны 3/355
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)