акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл.Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫТО́МНАСЦІ ПАРУШЭ́ННІ,
расстройствы ўспрымання аб’ектыўнай рэальнасці навакольнага свету — прадметнага (пачуццёвага) і абстрактнага (рацыянальнага). Бываюць першасныя (пры псіхічных захворваннях) і другасныя (пры саматычнай паталогіі). Пры П.п. адбываецца дэзарыентацыя ў часе, месцы, мысленне без сувязі, адсутнасць або абрывістасць успамінаў пра страту прытомнасці. Адрозніваюць непрытомнасць, кому, сопар. Сопар (аглушэнне) — стан з абмежаваным усведамленнем; звычайна папярэднічае коме. У выпадках цяжкай траўмы галаўнога мозга надыходзіць глыбокае зацямненне свядомасці, якое працякае з «псіхічным паралічом» і інш. Лячэнне П.п. накіравана на асн. захворванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,
навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл.Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.Блумфілда, В.Дарашэўскага, А.Р.Лурыі, Р.В.Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.
Літ.:
Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;
Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
БІ́ШАФ ((Biscoff) Тэадор Людвіг) (28.10.1807, г. Гановер, Германія — 5.12.1882),
нямецкі анатам, эмбрыёлаг і фізіёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1846). Праф. (1836). Вучыўся ў Бонскім і Гейдэльбергскім ун-тах. За 1836 працаваў у Гейдэльбергскім, Гісенскім, Мюнхенскім ун-тах. Даследаваў раннія стадыі развіцця зародка млекакормячых, увёў паняцці пра зародкавыя пласты (экта-, меза- і энтадэрму), апісаў працэс драблення яйца (1838). Выявіў у крыві жывёл кісларод і свабодную вуглекіслату, займаўся параўнальным вывучэннем мозга малпаў і чалавека. Абагульніў даныя ў манаграфіі «Эмбрыялогія чалавека і пазваночных жывёл» (1842).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНЕЗІ́Я (ад а... + грэч. mnesis успамін),
адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕС ((Hess) Вальтэр Рудольф) (17.3.1881, г. Фраўэнфельд, Швейцарыя — 12.8.1973),
швейцарскі фізіёлаг. Д-р медыцыны (1906). Вучыўся ва ун-тах Швейцарыі і Германіі (1900—05). З 1913 выкладаў фізіялогію ва ун-тах Цюрыха і Бона, у 1917—51 праф. і дырэктар фізіял. ін-та ў Цюрыху. Вызначыў механізм, які каардынуе ўздзеянне прамежкавага мозга на ўнутр. органы, яго інтэгратыўную ролю ў здзяйсненні вегетатыўных, паводзінскіх і рухальных рэакцый, тапаграфічнае прадстаўніцтва эмоцый «раз’юшанасці» і «страху» ў прамежкавым мозгу. Нобелеўская прэмія 1949 (разам з А.К.Монішам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ ((Golgi) Каміла) (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),
італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).